У снежні мае адбыцца Усебеларускі кангрэс за незалежнасць

У першай палове снежня ў Беларусі мае адбыцца Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. Такое рашэнне было прынятае 20 верасня ў Мінску на чарговым пасяджэнні аргкамітэту кангрэса.



arhkamitet.jpg

Чарговае пасяджэнне аргкамітэту па скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.

Да працы аргкамітэту далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас і праваабаронца Міхаіл Пастухоў.

Доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Міхаіл Пастухоў — былы суддзя Канстытуцыйнага суда, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, назваў ідэю правядзення кангрэсу “вельмі слушнай” і адзначыў, што існуюць грунтоўныя падставы для арганізацыі гэтага форуму, паколькі 29 траўня 2014 года ў Астане (Казахстан) прэзідэнтамі Беларусі, Казахстану і Расіі падпісаная дамова аб Еўразійскім эканамічным звязе, якую бліжэйшым часам плануюць ратыфікаваць.

На думку юрыста, у гэтай дамове ёсць палажэнні, што нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасці Беларусі. Гаворка ідзе, між іншым, пра артыкул 6, што тычыцца прававых актаў, якія прымаюцца наддзяржаўнымі органамі і з’яўляюцца абавязковымі для дзяржаў-удзельніц ЕўрАзЭЗ, а таксама пра артыкул 13, згодна якому краіна-падпісант не можа выйсці з звязу без згоды іншых краін. І калі гэтая дамова будзе ратыфікаваная, можна сцвярджаць пра рэальную небяспеку для суверэнітэту Беларусі, падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.

На пасяджэнні былі вылучаныя кандыдатуры на сустаршыняў аргкамітэту і кангрэсу, якія будуць зацверджаныя пасля атрымання адпаведнай згоды, а таксама разгледжаны іншыя арганізацыйныя пытанні.

Нагадаем, што аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць быў створаны 30 жніўня. Каардынатарам аргкамітэту абраная вядомая грамадская дзяячка, мовазнаўца Алена Анісім.

Сябры аргкамітэту чакаюць ад людзей канкрэтныя прапановы па фармату кангрэса, яго тэматыцы, месцы і часу правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя выдаткі. Свае прапановы і заўвагі жадаючыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com