Унутраныя эмігранты сацыяльнай дзяржавы

Працаваць у сферы IT у Беларусі лічыцца вельмі прэстыжным: заробкі "кампутаршчыкаў" перавышаюць нават заробкі банкіраў. Але, тым не менш, нашыя IT-адмыслоўцы не жадаюць мець нічога агульнага са сваёй краінай.

it_darmajedy_logo.jpg

Апошнія сем-дзесяць гадоў працаваць у сферы IT у Беларусі лічыцца вельмі прэстыжным. Заробкі праграмістаў, вэб-распрацоўнікаў, інжынераў кампутарных сетак і адмыслоўцаў па мабільных гаджэтах нашмат перавышаюць заробкі нават у банкаўскай сферы, не гаворачы ўжо пра сярэдні заробак па краіне. Аднак прыбыткі беларускіх айцішнікаў наўпрост завязаныя на заказы з-за мяжы.

«Сёння ў IT не праблема знайсці заказы, праблема ў іншым — хто іх будзе выконваць, — неяк распавядаў журналістам намеснік дырэктара ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. — Каля 90% праграмных прадуктаў, што распрацоўваюцца нашымі кампаніямі, пастаўляюцца на замежны рынак, а ён практычна бязмежны. Па нашых ацэнках, праграмнае забеспячэнне, якое распрацавана беларускімі праграмістамі ў ПВТ, выкарыстоўваюць каля 800 мільёнаў чалавек у 150 краінах свету. Так што патэнцыял росту нашых кампаній стрымліваецца толькі кадрамі».

А вось з кадрамі сапраўды праблема. Пасля гучнага затрымання і ўзбуджэння крымінальных справаў у дачыненні вядомага беларускага IT-бізнесмэна Віктара Пракапені, надзвычайна жорсткага прысуду яго былому супрацоўніку Аляксею Камку, прыняцця закона «аб дармаедах» і спробы пазбавіць падатковых палёгкаў праграмістаў, якія працуюць у ПВТ, — пасля ўсяго гэтага беларускія IT-адмыслоўцы сталі пачувацца ва ўласнай краіне няўтульна. І калі тыя, хто працуе ў фірмах, яшчэ больш-менш упэўненыя ў заўтрашнім дні, то фрылансеры альбо рыхтуюцца з’ехаць з краіны, альбо сыходзяць ва «ўнутраную эміграцыю» — не плацяць падаткі, хаваюць прыбыткі і наогул імкнуцца, каб дзяржава іх не заўважала.

Нядаўняе апытанне, якое правёў спецыялізаваны рэсурс Dev.by, паказала: беларускія праграмісты і IT-адмыслоўцы іншых кірункаў ужо амаль сядзяць на валізках. Лічбы такія: 45,67% — не шукаюць адмыслова працу за мяжой, але гатовыя з’ехаць, калі ім прапануюць выгодны варыянт. 29,83% — мэтанакіравана шукаюць працу за межамі Беларусі, 17,15% з’язджаць не збіраюцца, а 7,34% ужо працавалі за мяжой.

З тых, хто гатовы з’ехаць, 69,77% упадабалі Заходнюю Еўропу, 49,9% — ЗША/Канаду, 32,34% — краіны Балтыі або Польшчу, 10,16% — Азію, 5,89% — Расію, 3,47% — Украіну (рэспандэнты маглі абраць некалькі варыянтаў).

Мы пагутарылі з некалькімі беларусамі, кампетэнцыі якіх у кампутарных справах ствараюць ім на радзіме суцэльныя праблемы. Вось іх гісторыі.

Сяргей, 35 гадоў, раней працаваў сісадмінам, цяпер — раскручвае ўласны стартап:

— Мы з хлопцамі стварылі стартап, рэалізуем ідэю фітнес-прылады новага тыпу для смартфонаў. Пачалі ў лютым 2014-га, і тады ж атрымалі $20 тысяч «пасяўнога» фінансавання ад расійскага фундатара. Дык мы ледзь не звар’яцелі, юрыдычна афармляючы гэтыя сродкі. Зараз у нас ужо ёсць распрацаваны прататып праграмы, і нам гатовыя адкрыць фінансаванне венчурныя фундатары з Нідэрландаў і Германіі — а гэта некалькі мільёнаў долараў. Але я гляджу на тое, што адбываецца ў Беларусі, і разумею: як толькі мы даб’емся нейкага поспеху, бізнес у нас адразу адбяруць. І не факт яшчэ, што мы застанемся на волі. Як я ведаю, хлопцы, якія стварылі тут Viber, ледзь паспелі прадаць сваю кампанію японцам, у апошні момант вышлі са справы.

Так што цяпер я афармляю дакументы на адкрыццё свайго бізнесу ў Польшчы. Там вельмі добра ставяцца да IT-стартапаў і да тых, хто іх стварае. Перанясем нашу распрацоўку ў польскую фірму, атрымаем усе від на жыхарства (нас 7 чалавек), тады і будзем асвойваць фінансаванне.

Ала, 31 год, вэб-распрацоўшчык:

— Я праграмую рухавікі для сайтаў, у асноўным — для інтэрнэт-крамаў. Мае заказчыкі — у Еўропе, Канадзе, Ізраілі. Вядома, магла б тут уладкавацца ў адну з софтверных фірмаў у ПВТ, але гэта будзе карпаратыўная руціна, праца «на дзядзьку», які будзе забіраць большую частку майго заробку, ды яшчэ і штрафаваць за спазненні або яшчэ за нешта. А так я працую дома, у перапынках паміж замовамі магу падарожнічаць.

У мяне ў банку валютны рахунак — самы звычайны разліковы рахунак. І ўсе апошнія гады я спакойна атрымлівала на яго грошы па сваіх дамовах. Аднак зараз усё змянілася, і банк паведамляе ў падатковую аб усіх паступленнях на маё імя. Мне адтуль ужо некалькі разоў тэлефанавалі. Але я не збіраюся легалізоўвацца на ўмовах дзяржавы — для мяне гэта пытанне прынцыповае. Мабыць, проста з’еду ў Вільню — там жыццё і танней, і прыемней, і бяспечней. Увесь мой капітал — у маёй галаве і маім наўтбуку. У мяне тут няма нерухомасці або бізнесу, якія б мяне трымалі.

Вадзім, 29 гадоў, праграміст, спецыялізацыя — бізнес-софт:

— Я скончыў Факультэт прыкладнай матэматыкі БДУ, але ўжо потым, праз пару гадоў, сам вывучыў такія мовы праграмавання, як С++, Ceylon, Ruby, Delphi. Зараз я просты кодэр, і вельмі гэтым задаволены. Працую з расійскай софтвернай кампаніяй, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для расійскіх банкаў. Гэта ніша, у якой праца ёсць заўжды. Да канца 2013 года мне пераводзілі зарплату з Масквы праз WebMoney, і ўсё было нармалёва.

Але потым падатковая пачала цікавіцца ўсімі паступленнямі праз WebMoney або «Яндекс.Деньги». Прыйшлося перастаць абналічваць грошы ў беларускіх банках. А потым пачалося гэта «змаганне з наркагандлярамі», забаранілі ананімныя інтэрнэт-плацяжы. Карацей, цяпер у Маскве на фірме мае грошы складваюць «у тумбачку», а я перыядычна прыязджаю і іх адтуль забіраю.

Пакуль я жыву досыць спакойна, кватэра мне ад бабулі дасталася. Але калі я захачу купіць машыну або, скажам, памяняць кватэру на лепшую, або адкрыць свой бізнес, — падатковая тут жа зацікавіцца, адкуль грошы. А легалізавацца мне вельмі складана.

Уявім, што я зарэгіструюся як ІП. Расейцы з пункта гледжання закона — замежнікі, нягледзячы на ўсякія ЕАЭС ды Саюзныя дзяржавы. Значыць, мне трэба афармляцца як удзельніку знешнеэканамічнай дзейнасці. І па кожнай праграме, па кожным блоку кода, які я пішу, мне трэба будзе афармляць афіцыйны кантракт. А потым афармляць яго ў падатковай, заводзіць некалькі рахункаў у банку + карт-рахунак (выдача заробленых грошай — на картку). Акрамя кантракту трэба аформіць акт выкананай працы. Кантракт трэба ў папяровым выглядзе выслаць заказчыку, той яго мусіць падпісаць і адправіць назад. Мне трэба будзе прадаць абавязковую частку валюты ў строга абмежаваны тэрмін, падаць паперы аб паходжанні сродкаў, перавесці грошы паміж рахункамі. Я буду больш часу займацца афармленнем папер і атрыманнем грошай ад заказчыка, чым напісаннем праграмнага кода. Калі ж усе паперы не аформіць правільна, мне свецяць артыкулы за атрыманне незаконных прыбыткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Але можаце лічыць усё сказанае проста маімі фантазіямі. Таму што гэта не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Я ад масквічоў атрымліваю не больш двух-трох тысяч долараў у месяц, гэта невялікія для іх выплаты. Калі я папрашу іх афармляць мне ўсе неабходныя паперы, то яны, хутчэй за ўсё, проста не захочуць звязвацца з беларускай бюракратычнай машынай. Яны знойдуць фрылансера ў іншым месцы — у той жа Украіне, напрыклад.

Крысціна, 27 гадоў, адмысловец па 3D-анімацыі:

— Я малюю розныя дынамічныя элементы для кампутарных гульняў. І ўсе мае заказчыкі — яны ў ЗША і Еўропе (у Швецыі). Зараз атрымліваецца, што я альбо павінна рэгістравацца як ІП і афармляць знешнеэканамічную дзейнасць з вар’яцкай колькасцю папер, альбо пайду як «дармаед». І нават калі заплачу гэты «падатак на дармаедства», то да мяне ўсё роўна будуць пытанні — адкуль грошы. І могуць прыўлашчаць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Я ж бачу, якая палітыка цяпер вядзецца.

Так што пакуль я імкнуся заставацца «чалавекам-невідзімкай». Фармальна, я выкладчык у школе на палову стаўкі. Гэта для працоўнай кніжкі, зарплаты я не атрымліваю. Дакладней, атрымлівае хтосьці за мяне. Мае заказчыкі расплачваюцца са мной праз Bitcoin. Раз у квартал я еду ў Кіеў або Варшаву і пераводжу свае біткойны ў наяўныя еўра. Там гэта ні ў каго пытанняў не выклікае.

Для лепшага разумення сітуацыі мае сэнс працытаваць выступ вядомага беларускага IT-прадпрымальніка — Юрыя Зісера, які прагучаў на адной з канферэнцый па прыцягненні ў Беларусь замежных інвестыцый.

«На адным мерапрыемстве знаёмы кіраўнік IT-кампаніі сказаў мне: «Ужо на наступны дзень пасля таго, як мы даведаліся пра арышт Пракапені, мы адкрылі фірму ў Піцеры і цяпер пераводзім усіх людзей з Беларусі туды». Вонкавыя інвестыцыі ідуць за ўнутранымі. Той жа Пракапеня год таму прыцягнуў інвестыцыі англічан пад свае асабістыя гарантыі. Пракапеня ім казаў: «Глядзіце, я жыву ў Беларусі, у мяне беларускі пашпарт, я вольна перамяшчаюся, я раблю бізнес, усё о’кей». Ну, англічане паверылі, нанялі тут сто з чымсьці чалавек, уклалі $4,7 мільёна. Па плане развіцця, яны павінны былі наняць каля тысячы праграмістаў і ўкласці каля $100 мільёнаў. І вось што атрымалася пасля арышту Пракапені. У брытанцаў — публічная кампанія. Гэта значыць, яны цяпер павінны апавясціць усіх фундатараў, што Пракапеня арыштаваны, а беларуская кампанія знаходзіцца пад староннім кантролем. Калі яны гэта зробяць, то іх акцыі на біржы апусцяцца, і яны страцяць каля мільярда долараў капіталізацыі. А калі кошт іх акцый зваліцца, яны будуць закіданыя пазовамі ў суд ад акцыянераў з-за таго, што яны схавалі важную інфармацыю — гэта тыповыя паводзіны акцыянераў у такой сітуацыі. Таму ў іх застаецца адно выйсце: хутка прыкрыць беларускае падраздзяленне. А гэта мінус $95 мільёнаў інвестыцый».