Ці выратуюць памежнікі казарму?

Былую казарму памежнікаў у Заслаўі пазбавілі статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Відаць, нехта прыглядзеў месца для новабуду. У 1941-м менавіта тут памежнікі супрацьстаялі наступаючаму на Мінск ворагу.



Пасля рыжскай дамовы

У сакавіку 1921 года на мяжы з «панскай Польшчай» на тэрыторыі Беларусі былі створаны 6-я, 10-я і 21-я асобныя памежныя брыгады. Загадам Аб’яднанага Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ад 14 студзеня 1925 года ў Заслаўі быў створаны 15-ты Заслаўскі памежны атрад, штаб якога размясціўся непасрэдна ў старажытным беларускім горадзе. Дарэчы, штабны будынак захаваўся да нашых дзён. Зараз тут знаходзіцца спажывецкая крама «Апельсін». Адным з першых начальнікаў Заслаўскага памежатраду быў выхадзец з беларускага мястэчка Чэрыкаў, будучы начальнік памежных войскаў НКУС СССР Аляксандр Кавалёў. У верасні 1939 года жаўнеры ў зялёных фуражках з Заслаўя ўдзельнічалі ў «вызвольным паходзе ў Заходнюю Беларусь».

u_getim_budinku_bi_shtab_15_ga_zasla_skaga_pamezhatradu_logo.jpg

У гэтым будынку быў штаб 15-га Заслаўскага памежатраду

20 верасня 1939 года ў складзе 15-га Заслаўскага памежнага атраду было тры памежныя камендатуры, узвод сувязі, каменданцкі ўзвод, гаспадарчы і аўтамабільны ўзвод. У жніўні 1940 года загадам НКУС гэтая частка была расфарміраваная, а яе асабісты склад перададзены 16-му Дзяржынскаму памежнаму атраду. У былых казармах памежнікаў у Заслаўі была створана Міжакружная артылерыйска-зброевая майстэрня №88 памежных войскаў НКУС СССР, а таксама вайскова-тэхнічны склад №11.

 

Бескарысныя ДАКі

Як вядома, да верасня 1939 года мяжу з Польшчай прыкрывалі ДАКі «Лініі Сталіна», аднак пасля «ўз’яднання» рашэннем Галоўнага вайсковага савета РСЧА ад 15 лістапада 1939 года мінскія ўмацаванні былі «закансерваваныя», а зброя з іх знятая. На момант пачатку Вялікай Айчыннай на ўчастку 63-га Мінскага ўмацаванага раёну знаходзіліся падраздзяленні 44-га стралковага корпусу РСЧА.

saveck_ja_pamezhn_k_cherven_1941_ga_logo.jpg

Савецкія памежнікі. чэрвень 1941-га

Планавалася, што гэтыя падраздзяленні будуць змагацца ў ДАКах, аднак з-за непрыгоднасці бетонных каробак да баявых дзеянняў ад гэтай ідэі давялося адмовіцца. 64-я стралковая дывізія Чырвонай Арміі, узмоцненая 49-м карпусным артылерыйскім палком, заняла абарону на лініі Стайкі—Заслаўе—Чырвонае. У сваю чаргу 108-я стралковая дывізія абараняла пазіцыі ля Чырвонага—Дзяржынска—Станькава. Боепрыпасы гэтыя падраздзяленні павінны былі атрымаць на складзе НКУС у Заслаўі. Адпаведны загад атрымаў начальнік склада №11 маёр Пётр Собалеў.

На старой мяжы

Савецкія памежнікі на заставах у Новым Полі, Меткаве, Філіповічах амаль з першых дзён нямецкага ўварвання змагаліся супраць варожых дэсантаў. Начальнік упраўлення камендатуры 1-га памежнага ўчастку ў Радашковічах капітан Павел Ломцеў спрабаваў арганізаваць абарону на даручаным яму ўчастку. 25 чэрвеня ён разам з памежнікамі выехаў на 2-ю заставу, каб узмоцніць яе гарнізон. У выніку ўдала праведзенай атакі гэты атрад дэблакаваў акружаных немцамі на заставе байцоў. Адыходзячы ў бок Радашковічаў, памежнікі ўступілі ў бой і знішчылі групу нямецкіх дыверсантаў у савецкай вайсковай форме.

nemci_ruhajucca_pa_belarus__logo.jpg

Немцы рухаюцца па Беларусі

26 чэрвеня 1941 года 20-я нямецкая танкавая дывізія захапіла Радашковічы. Атрад капітана Ломцева з баямі вымушаны быў адыходзіць да Заслаўя. Ля вёскі Хмелеўка атрад папоўніўся байцамі 3-й заставы пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Топчыя і 26 чэрвеня прарваўся ў Заслаўе, дзе злучыўся з падраздзяленнямі 159-га стралковага палка 64-й дывізіі РСЧА.

Атака савецкай пяхоты, чэрвень 1941 г., Беларусь

Мужна змагаўся з нацыстамі і гарнізон 5-й заставы пад камандаваннем лейтэнанта Трыгубава. Салдаты ў «зялёных фуражках» абаранялі аўтамабільны мост праз Свіслач ля вёскі Векшыцы. Выратавала зброя, атрыманая на складзе ў Заслаўі. 25 чэрвеня 1941 года памежнікі знішчылі танк і некалькі матацыклістаў праціўніка. Немцы амаль 12 гадзін, пры падтрымцы бамбардзіроўшчыкаў, штурмавалі іх пазіцыі. Падчас адной з найбольш жорсткіх атак абаронцы вымушаны былі выкарыстаць свой апошні рэзерв — службовых сабак. Іх любімцы, абвязаныя гранатамі, кідаліся пад танкі. 26 чэрвеня Трыгубаву і яго салдатам удалося вырвацца з акружэння і накіравацца ў бок Заслаўя.

Бітва за Заслаўе

Галоўным савецкім апорным пунктам старажытнага Заслаўя быў склад №11, які прыкрывалі кулямётныя гнёзды і дзве 45-міліметровыя гарматы. 25 чэрвеня нямецкія матацыклісты паспрабавалі сходу ўвайсці ў горад з боку Дзехнаўкі, аднак былі сустрэтыя чырвонаармейцамі 2-га батальёну 159-га палка РСЧА, якія адбілі некалькі атак.

boj_pad_zasla_em_muzej_vav_u_m_nsku_1_logo.jpg

Бой пад Заслаўем (Музей ВАВ у Мінску)

Праз дзень артылерыя 219-га гаўбічнага артпалка Чырвонай Арміі накрыла групу нямецкай ваеннай тэхнікі, якая рыхтавалася да штурму. Знішчылі каля 20 адзінак нямецкай бронетэхнікі. Аднак немцы перагрупіраваліся і аднавілі атакі. На працягу дня падраздзяленні вермахта зрабілі чатыры спробы ўзяць горад Ізяслава, аднак беспаспяхова. Увечары атрымалі рэзервы і пайшлі ў чарговы наступ. Уперадзе ішло пяць танкаў, якім удалося змяць першую лінію абароны чырвонаармейцаў.

Але тут адбылося нечаканае: у тыл наступаючым ударылі памежнікі з 5-й заставы, якія ў гэты момант якраз падыходзілі да горада. Байцы лейтэнанта Трыгубава агнём кулямётаў адсеклі нямецкую пяхоту ад танкаў, а чырвонаармейцы, якія абараняліся ў Заслаўі, закідалі танкі гранатамі і бутэлькамі з «кактэйлямі Молатава». Тры машыны ўдалося знішчыць, але дзве ўсе ж прарваліся і пранесліся праз увесь горад у бок Ратамкі.

njameckaja_kalonna_ruhaecca_na_m_nsk_logo.jpg

Нямецкая калонна рухаецца на Мінск

Яшчэ два танкі спрабавалі прарвацца ў горад з боку чыгуначнага вакзала. Іх сустрэлі вайсковыя курсанты з Гомеля. Адзін знішчылі, другі — адступіў. Немцам удалося захапіць паўночна-ўсходнюю частку Заслаўя, аднак чырвонаармейцы і памежнікі не збіраліся здавацца. Неверагодна, але іх контратакі прымусілі прафесійных салдат вермахта адступіць да касцёла і там заняць абарону. З боку станцыі «Беларусь» немцаў атакавалі памежнікі пад камандаваннем капітана Паўла Ломцева. Хутка «зялёным фуражкам» удалося выбіць ворага. Заслаўе першы раз на працягу Вялікай Айчыннай вайны было вызвалена.

Баі на могілках

27 чэрвеня немцы аднавілі атакі на горад. З «саракапятак» памежнікам удалося падбіць яшчэ некалькі танкаў. Аднак сілы былі няроўныя. Частка абаронцаў адышла на Поўнач ад Заслаўя, другая, у асноўным памежнікі пад камандаваннем капітана Ломцева, заняла абарону ля заслаўскіх могілак. У гэтай безвыходнай сітуацыі перайшлі ў штыкавую і адкінулі праціўніка. Чарговую танкавую атаку памежнікі сустрэлі агнём апошняй гарматы. Тры танкі былі знішчаны.

razl_k_saveckaj_45_mm_garmati_ba_cherven_1941_logo.jpg

Разлік савецкай 45 мм гарматы ў баі, чэрвень 1941

Што маглі адчуваць абаронцы Заслаўя ў гэты момант? Уначы здзейснілі ўдалую выведку ў горад, падчас якой знішчылі некалькі нямецкіх танкаў. 28 чэрвеня іх пазіцыі на могілках немцы накрылі жорсткай артылерыйскай бамбардзіроўкай. Тыя, што засталіся ў жывых, мусілі адступаць. З баямі, у прыватнасці, пад Ратамкай і Тарасава, і 1 ліпеня 1941 года ўсё ж прарвацца ў месцазнаходжанне Чырвонай Арміі. У канцы ліпеня героі абароны Заслаўя ўліліся ў склад 16-га памежнага палка НКУС СССР, які быў створаны на базе 16-га Дзяржынскага памежнага атрада.

razl_k_saveckaj_45_mm_suprac_tankavaj_garmati_logo.jpg

Разлік савецкай 45-мм супрацьтанкавай гарматы

Па інфармацыі Цэнтральнага памежнага архіва ФСБ Расіі, падчас баёў у чэрвені 1941 года ў Заслаўі загінулі: начальнік 1-й Радашковіцкай камендатуры памежнага ўчастку, капітан Павел Нікіфаравіч Ломцеў, начальнік 2-й памежнай заставы, лейтэнант Скурыхін, начальнік 3-й заставы, лейтэнант Топчы, начальнік 5-й заставы, лейтэнант Трыгубаў, байцы ўзгаданых застаў, а таксама супрацоўнікі Міжакружной артылерыйска-зброевай майстэрні №88 і склада №11.

Стварыць музей

Усе памежнікі, а таксама чырвонаармейцы, якія загінулі пры абароне Заслаўя ў чэрвені 1941 года, пахаваныя на старых заслаўскіх могілках. Тых самых, на якіх яны трымалі бой. Зараз на магіле стаіць помнік з імёнамі загінулых. Аднак пра гэтае пахаванне мала хто ведае.

Няма ў горадзе і памятнага знака ў гонар савецкіх памежнікаў, якія мужна змагаліся ў чэрвені 1941-га. Чаму б ні зрабіць у казармах 15-га Заслаўскага памежнага атраду, што захаваліся, музей памежнай гісторыі Беларусі і адвесці асобную залу гераічнай абароне горада, названага ў гонар Ізяслава.

pomn_k_na_zas_mog_lkah_logo.jpg

Помнік на заслаўскіх могілках

Калі няма сродкаў у гарадскіх уладаў, за гэта мог бы ўзяцца Дзяржпамежкамітэт Беларусі. Для іх гэта павінна стаць справай гонару. Навошта прыдумваць легенды пра «Лінію Сталіна», калі ёсць сапраўдная гісторыя гераізму савецкіх памежнікаў і захаваліся аб’екты, звязаныя з ёй.

Шчыра спадзяюся, што сучасныя беларускія памежнікі звярнуць увагу на старажытнае Заслаўе і ўратуюць казармы ад зносу.