Зрабіць і адчыніць гэту выставу для мяне было справай гонару

Для мяне, як для ўнука савецкіх салдат, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, было справай гонару зрабіць і адчыніць выставу, якая расказвала б праўду пра ўдзел беларусаў у барацьбе з фашысцкай Германіяй у верасні 1939 года.



На жаль у Беларусі пра гэты аспект нашай нацыянальнай гісторыі мала хто ведае, а між тым 70 тысяч нашых суайчыннікаў, грамадзян міжваеннай Польшчы, падчас Вераснёўскай кампаніі мужна змагаліся з агрэсарам. Гераізм гэтых людзей падкрэслівалі як польскія афіцэры, так і немцы, супраць якіх і змагаліся «палешукі».

Нічога дзіўнага, што менавіта нямецкія генералы празвалі 20-ю польскую пяхотную дывізію з Баранавіч, якая баранілася ў Млаўскім умацаваным участку — «жалезнай». А былі яшчэ мужная абарона Брэсцкай крэпасці, Кобрына, Вестэрпляттэ, Модліна, Варшавы. Шмат беларусаў змагаліся і ў шыхтах Самастойнай аператыўнай групы «Палессе» якая працягвала баявыя дзеянні да кастрычніка 1939 года.

Праца над выставай вялася амаль паўгода. Увесь гэты час адбіраліся экспанаты, прадумваць канцэпцыя, фармаваліся тэматычныя блокі. У выніку было адабрана больш за 300 экспанатаў з маёй уласнай калекцыі, а таксама шэраг экспанатаў з запаснікаў Музея ў Заслаўі.

«Заходнебеларуская Атлантыда» распавядае не толькі пра мілітарны бок, але і аб розных аспектах жыцця беларусаў, грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, у міжваенны час. Значная ўвага нададзена гісторыі працоўнай міграцыі, побыту, модзе. Адзін з тэматчыных блокаў прысвечаны гісторыі кантрабанды на польска-савецкай мяжы, пры гэтым экспанаты расказваюць менавіта пра Заслаўе, які да верасня 1939 года быў памежным горадам.

Як вядома, у выніку прычын, звязаных з пазіцыяй аднаго з беларускіх чыноўнікаў ад ідэалогіі адкрыццё выставы было пад пытаннем. Аднак працаўнікі музея разам са мной падрыхтавалі выставу і прадставілі яе на суд шматлікіх гледачоў, якія наведалі музейна-выставачны комплекс у Заслаўі 12 верасня.

Варта падкрэсліць, што сярод першых наведвальнікаў «Заходнебеларускай Атлантыды» была дачка праваслаўнага беларуса, падпаручніка Войска Польскага Віктара Амельянюка, удзельніка гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года. Яна высока ацаніла экспазіцыю і прадстаўленыя матэрыялы. Акрамя гэтага, на выставе прысутнічаў сын жыхара Заходняй Беларусі, удзельніка Вераснёўскай кампаніі 1939 года вайсковы медык Яўген Рунец. Шчыра парадавала, што сярод гасцей была вялікая колькасць маладых людзей, якія цікавіліся невядомымі старонкамі  беларускай гісторыі ў міжваенны перыяд.

Плануецца, што выстава будзе адкрыта для наведвальнікаў да 12 лістапада 2014 года. Магчыма, у будучыні яе атрымаецца паказаць і ў іншых гарадах Беларусі.