Адкрылася выстава “Ян Райніс і беларуская культура”

15 лістапада ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава “Я вам прынёс напеў зямлі бацькоўскай...” Ян Райніс і беларуская культура”. 



rajn_s_2_logo.jpg

М.І.Гусеў. “Янка Купала і Ян Райніс” (1959)

Экспазіцыя прысвечаная жыццю і творчасці сусветнавядомага латышскага паэта, перакладчыка, драматурга, філосафа і грамадскага дзеяча Яна Райніса, яго сувязям з беларускай культурай, знаёмству з Янкам Купалам, сугуччу творчай думкі паэтаў, якія сваімі творамі абуджалі нацыянальную свядомасць беларусаў і латышоў.

Латышы і беларусы са шчырай удзячнасцю згадваюць Яна Райніса. Дэпутат Устаноўчага сходу Латвіі і сойму краіны, міністр асветы — ён стаў абаронцам нацыянальных правоў беларусаў у Латвіі. Дзякуючы яго намаганням былі адкрыты беларускія школы, у тым ліку Беларуская гімназія ў Дзвінску (Даўгаўпілсе), што стала цэнтрам асветы латышскіх беларусаў. Удзел Райніса ў рабоце Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што праходзіла ў Мінску ў лістападзе 1926 годзе, зрабіў сяброўства латышскага паэта з беларусамі яшчэ больш сардэчным. Менавіта тады адбылося знаёмства двух геніяў — Яна Райніса і Янкі Купалы, сяброўству якіх спрыяла агульнае імкненне да адраджэння сваіх народаў. Райніс перакладаў на латышскую мову творы многіх беларускіх паэтаў, а яны, у тым ліку Рыгор Барадулін, Артур Вольскі і Сяргей Панізнік, перастваралі паэзію Райніса па-беларуску.

rajn_s_6_logo.jpg

Сяргей Панізьнік

Амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс нагадаў словы Максіма Горкага пра тое, што “калі-нікалі маленькія нацыі дораць свету выбітных пісьменнікаў. Так, Латвія падарыла свету вялікага Райніса”. “Сказаць пра Райніса, што ён — гэта наша ўсё, гэта нічога не сказаць. Райніс — не толькі адзін з заснавальнікаў нашай літаратуры і сучаснага латышскага языка, але і чалавек, які ствараў сённяшнюю латышскую нацыю. З яго паэзіі і спадчыны выйшлі каштоўнасці, якія затым сталі часткамі латышскага нацыянальнага духу. Нездарма на барыкадах падчас “песеннай рэвалюцыі” 1989–1991 гадоў і на шматтысячных мітынгах, які тады праходзілі па ўсёй Латвіі, людзі пелі песні, напісаныя на вершы Райніса. Вось чаму для нас гэтая невялічкая выстава вельмі важная, бо яна — часцінка нашай краіна і сведчанне сувязяў Райніса з Беларуссю”, -- сказаў дыпламат. Ён нагадаў, што Ян Райніс нарадзіўся на мяжы з Беларуссю ў тагачаснай Віцебскай губерні, што маці паэта пахаваная на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што на працягу свайго жыцця Райніс быў цесна звязаны з беларусамі і Беларуссю.   

rajn_s_5_logo.jpg

Міхаіл Папкоўс

Старшыня таварыства “Беларусь-Латвія”, кавалер латышскага ордэна “Трох Зорак”,  паэт і перакладчык Сяргей Панізьнік назваў Райніса і Купалу “двума сонцамі нашай духоўнасці, якія і мне высвечваюць у маёй дарозе”, а затым прачытаў верш-прысвячэнне беларуска-латышскай дружбе.

Падчас адкрыцця выставы прагучалі вершы Янкі Купалы і Яна Райніса на беларускай і латышскай мовах.

rajn_s_4_logo.jpg

Выстава створана мемарыяльным музеем “Дом Райніса і Аспазіі” (Рыга) пры падтрымцы пасольства Латвіі ў Беларусі ў адпаведнасці з праграмай супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Латвіі на 2013–2015 гады.

rajn_s_7_logo.jpg

Дарожны сакваяж, кій і плед — падарункі маці, якімі Ян Райніс карыстаўся пад час вандровак

Сярод экспанатаў выставы — асабістыя рэчы Райніса, мастацкія працы, прысвечаныя вялікаму латышскаму паэту, кнігі беларускіх пісьменнікаў з аўтографамі Яну Райнісу, у тым ліку зборнікі Янкі Купалы з ягонымі дарчымі надпісамі. У экспазіцыі дэманструюцца матэрыялы з фондаў Купалаўскага музея, якія адлюстроўваюць сувязь творчай спадчыны Купалы з культурай Латвіі, у тым ліку пераклады твораў беларускага песняра на латышскую мову і ўзоры мастацкага ткацтва — габелены, створаныя па матывах купалаўскіх вершаў.