«Беларускія песняры» у Мінску: дуэты з гасцямі, а таксама — царкоўны хор

Ансамбль «Беларускія песняры» рыхтуецца да выступлення ў Канцэртнай зале «Мінск» 13 лістапада. Акрамя самых вядомых песень калектыву і класічных кампазіцый «Песняроў» запланаваны ўдзел музыкантаў розных стыляў.



unnamed20.jpg

Адзін з нумароў рыхтуе хор Мінскай духоўнай семінарыі пад кіраўніцтвам протадыякана Андрэя Скробата. На рэпетыцыі калектыву ў мястэчку Жыровічы на Слонімшчыне пабывалі артысты «Беларускіх песняроў» Уладзіслаў Місевіч і Аляксандр Кацікаў. Яны распавялі пра тое, як ішла праца над абраным нумарам з рэпертуару «Песняроў» у 1970-х, а таксама ў складзе «Беларускіх песняроў».

«Упэўнены, гэтая прыгожая, мілагучная рэч не пакіне абыякавымі гледачоў. А для многіх і зусім прагучыць упершыню: столькі ёй гадоў», — адзначае Уладзіслаў Місевіч.

«Хлопцы-харысты з першых жа акордаў паказалі сябе гатовымі да працы над сур'ёзным матэрыялам, хоць некаторым з іх ледзь споўнілася 18 гадоў», — падтрымлівае калегу Аляксандр Кацікаў.

«У аранжыроўцы мы з семінарыстамі пачулі нават водгукі калядных гімнаў! Таму песня гэтая арганічна прагучыць з вялікай сцэны ў выкананні харыстаў семінарыі», — кажа рэгент хору, протадыякан Андрэй Скробат.

Білеты на канцэрт даступныя на сайтах білетных аператараў: Ticketpro.by і Kvitki.by.
Сайт

«Беларускія Песняры» — ансамбль, у якім удзельнічаюць пяць вядомых па працы ў легендарным ансамблі «Песняры» музыкаў: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка, Уладзіслаў Місевіч і Ігар Пеня, а таксама Алег Аверын і Аляксандр Кацікаў. У ансамблі працуюць Аляксандр Салаўёў, Максім Пугачоў, Яўген Рабы, Аляксандр Папроцкі.