Атлантыда, якая ўсплывае

Наклад сваёй кнігі «Заходнебеларуская Атлантыда: 1921 — 1941» журналісту НЧ і гісторыку Ігару Мельнікаву прыйдзецца дадрукоўваць. Прынамсі, на прэзентацыі выданне разыходзілася як гарачыя піражкі.



niha_mieljnikava_logo.jpg

У офісе Партыі БНФ, дзе ўвечары 23 студзеня праводзіла прэзентацыя «Заходнебеларускай Атлантыды», яблыку не было куды ўпасці. Прыйшлося нават прыносіць дадатковыя крэслы з іншых пакояў, каб усе жадаючыя змаглі ўсесціся. І ўсё роўна, месцаў усім не хапіла. Вось ужо нечакана было, што гісторыяй Беларусі ў цэлым і заходняй яе часткі ў прыватнасці, цікавіцца столькі людзей.

Прычым, людзей зусім простых. На гэтую прэзентацыю, у асноўным, прыходзілі не адмыслоўцы-гісторыкі, а звычайныя чытачы.

ivvv_meln_logo.jpg

Ігар Мельнікаў са сваёй кнігай

Хто б мог падумаць, што гэтай кнігі магло і не быць! Як распавяла, прэзентуючы выданне намесніца рэдактара газеты «Новы Час» Аксана Колб, з Ігарам Мельнікавым яна сустрэлася выпадкова, на нейкім прыёме, пачуўшы размову Ігара з нейкім дыпламатам. Размаўлялі яны на тэму, якая Аксану зацікавіла, яна падышла пазнаёміцца і… І Ігар апынуўся ў «Новым часе». Прычым ён аказаўся гісторыкам, у якога быў яшчэ і публіцыстычны талент. І ягоная гісторыя «прапісалася» на старонках выдання.

 

Рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль зазначыў, што выданне па меры сваёй магчымасці імкнецца падтрымліваць выдавецтва такіх кніг. «Газета жыве дзень, максімум — тыдзень, а зараз, у часы інтэрнэту, і яшчэ меней. А кніга — гэта амаль назаўжды, да яе можна вяртацца праз год, праз пяць год і праз дзесяць. Прынамсі, пяць год кніга прадаецца на паліцах кнігарняў», — адзначыў ён.

 

a_karol_logo.jpg

Аляксей Кароль: Кніга Мельнікава — беларусацэнтрычная

 

Кніга выйшла ў «Бібліятэчцы «Новага часу» невялікім накладам. Але гэты наклад, падаецца, прыйдзецца Ігару Мельнікаву дадрукоўваць. Прынамсі, на прэзентацыі асобнікі кнігі разыходзіліся, як гарачыя піражкі. Прычым, не бясплатна.

 

Аляксей Кароль, сам гісторык адзначыў, што і ў ранейшы час гісторыя ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі даследавалася. «У савецкія часы нам заўсёды казалі, каб мы, тады яшчэ аспіранты, у навуковых працах знаходзілі нешта новае, нейкія новыя аспекты. Хаця што там можна было знайсці, калі ўсё павінна было быць узгоджана з генеральнай ліняй партыі? Тая ж незалежнасць, якую мы атрымалі дваццаць год таму, дазволіла, прынамсі, новы погляд на гісторыю. І што адметнае ў гэтай кнізе Мельнікава — гэта тое, што яна зробленая на пазіцыях беларусацэнтрычнасці. Гэта погляд на беларускую гісторыю не з Масквы, не з Варшавы, а менавіта беларуская гісторыя», — адзначыў Кароль.

 

Сапраўды, і Маскве давядзецца забыцца пра «Северо-Западный Край», і Варшаве пра «крэсы ўсходнія». Беларусь, штучна раздзеленая падчас дамовы «Рыжскага міру», усё ж уз’ядналася. І гэта зараз — нашая агульная беларуская зямля і агульная беларуская гісторыя, адзначыў пад час прэзентацыі Ігар Мельнікаў. Дарэчы, узгадаў ён і скандальна зачыненую ў Заслаўі выставу «Заходнебеларуская Атлантыда». «Там я паспрабаваў паказаць, як беларусы і палякі разам змагаліся з фашызмам з першых дзён Другой Сусветнай вайны. На жаль, дзяржаўны ідэолаг гэтага не зразумеў», — пашкадаваў Мельнікаў.

 

b_melnn2_logo.jpg

 

Дадрукоўваць наклад давядзецца яшчэ і таму, што аўдыторыя ў выдання аказалася занадта вялікая. Цікаўнасць да кнігі ўжо ўражвае. Як паведаміў Мельнікаў, да яго звярталіся па кнігу людзі са Швецыі, з Вялікабрытаніі, з Нямеччыны. «Людзі пішуць па-англійску, па-нямецку, дзе і як можна атрымаць гэтую кнігу? Я тлумачу ім, што кніга — на беларускай мове. Усё роўна яны кажуць: «Нам гэта цікава, нам гэта патрэбна, дашліце», — казаў Мельнікаў.

 

На прэзентацыі прысутныя змаглі паглядзець і тое, што ў кнігу не ўвайшло. А канкрэтна — фотаздымкі цікавых дакументаў і мапаў тых часоў, самі гістарычныя фота. У асноўным гэта — прыватная калекцыя гісторыка. «На жаль, нашыя людзі неяк нядбайна ставяцца да сваіх архіваў, шмат што можна зараз набыць на аўкцыёнах, а тое і проста знайсці ў закінутых дамах. Некаторыя рэчы, напрыклад, фотаздымкі, у мяне ёсць такія, якіх няма ў архівах Варшавы», — пахваліўся Мельнікаў.

 

На жаль, фінансавыя магчымасці і «Новага Часу», і самога аўтара не такія вялікія, каб зрабіць у кнігу добрыя каляровыя ўкладкі. На што хапіла грошай — тое і зрабілі, а надалей…

 

А надалей, хутчэй за ўсё, выйдзе новая кніга Мельнікава. Прынамсі, новыя гістарычныя артыкулы ўжо з’яўляюцца ў газеце.

 

miel_1_logo.jpg

А пакуль Ігар Мельнікаў раздае аўтографы

miel_2_logo.jpg

Да таго ж усе, хто зацікаваіўся гэтай невядомай гісторыяй, могуць і запісацца на экскурсіі, якія Ігар Мельнікаў ладзіць па былым памежжы. Праўда, у бліжэйшы час Ігар з’едзе — у яго запланаваная прэзентацыя ў Варшаве.