“Беларус”: тэзаўрус страчанага

Беларус за мяжой… У сваіх вачах ён, пэўна, выглядае вялікім знаўцам. Чаго? Ды ўсяго! Прынамсі, ён заўсёды гатовы павучыць беларусаў тутэйшых.



iliustracyja_da_tekstu_recenzii.jpg

Усё ён ведае — і як дзяржавай кіраваць, і як бізнэс наладзіць, і нават як крытыку пісаць… Спыняюцца павучанні замежнага беларуса адным спосабам — запрашэннем: «Дык вяртайся!» На што беларус палітычна ангажаваны звычайна адказвае: «Як улада пераменіцца…» Але ясна — успрымаць гэта трэба не іначай як даніну ветлівасці да былых суайчыннікаў.

Відавочна, што з тых, хто па нейкіх прычынах пакінуў нашыя межы і стаў эмігрантам, калі і вернуцца, то адзінкі. І справа не ў тым, што эміграваўшыя больш за іншых любяць камфорт, выгоды адладжанага заходняга жыцця. Не… Проста большасць разумее, што вярнуцца ў тую Беларусь, з якой з’ехаў, ужо немагчыма, як не магчыма ўвайсці двойчы ў адну і тую ж раку: надта імкліва мяняецца сучасны свет. Усё астатняе жыццё — за выключэннем тых, хто яшчэ мае тут блізкіх сваякоў і наведваецца ў родныя мясціны — яны будуць жыць у такой статычнай ідэальнай Беларусі, якую не кожны ўжо і помніць.

У гэтым ёсць свая чароўнасць. Бо, па-першае, ідэальнае, як правіла, яно тыповае, сутнаснае для разумення. Па-другое, іх успаміны, як флакон са старым дарагім парфумам — узнаўляе саму атмасферу часу.

Каб адчуць гэта — дастаткова адкрыць часопіс «Беларус: літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа», які выйшаў у 2012 годзе ў Нью-Ёрку, дзякуючы намаганням вялікага кола свядомых беларусаў замежжа, але, у першую чаргу, дзякуючы высілкам заснавальніка і выдаўца альманаха Марата Клакоцкага.

kastrycnik2012_125.jpg

Адразу папярэджу — тэксты ў выданні абсалютна рознага жанру, узроўню мастацкасці і ведання мовы. Ёсць творы цалкам прафесійныя, літаратурна-мастацкія. Ёсць успаміны. Ёсць падарожныя нататкі. Паэтычныя экспромты, цікавыя больш сябрам і знаёмым, чым шырокаму чытачу… Чаго няма — дык гэта абыякавасці, іроніі, спробы схавацца за чужыя думкі і меркаванні. Не, аўтары цытуюць, да прыкладу Коко Шанэль, але гэта атрымліваецца ў іх так міла і шчыра, што іх цяжка западозрыць у прэтэнзіі на інтэлектуалізм, і наогул на прэтэнцыёзнасць, такую звыклую для сённяшняй Беларусі.

З гэтай прычыны вельмі прыемна чытаць, да прыкладу, нататкі П.С. Мурзёнка пра беларускі суботні клас у Атаве, які ён зрабіў разам з жонкай. Людзі ўсё жыццё прапрацавалі настаўнікамі ў Беларусі, маюць багаты вопыт… Можна было б спакойна сядзець дома, але не, яны, па прапанове сына, ідуць у школу, каб далучыць беларускіх дзяцей да роднага слова, азоў беларускай культуры, не чакаючы пры гэтым нейкага ўзнагароджання. І няхай у той класе зусім мала вучняў, але вось гэтая дабрыня, якая проста свеціцца між радкоў, уражвае і вызначае ў многім танальнасць альманаха, які рабіўся людзьмі неабыякавымі ні да свайго, ні да чужога.

Такая ж знікаючая цяпер сямейственнасць як спосаб усвядоміць нацыянальнае заўважаецца і ў цёплых успамінах Людмілы Карэйчанцавай. Неяк вельмі кранальна прагучала яе прадстаўленне ў аўтабіяграфіі (якія, дарэчы, далучаныя да кожнага тэксту альманаха): «Пячэ кексы». Гэткая «дамашнясць» як бы пазначае, што аўтарка адносіцца да сябе, як да творцы, не надта і сур’ёзна, і адразу настройвае чытача на ўтульную пазнавальнасць традыцыйнага сямейнага ўкладу, які паказваецца праз успаміны «беларускага дзяцінства».

Можа, не зусім літаратурныя, але вельмі цікавыя, поўныя гістарычна-культурных і побытавых падрабязнасцяў, падарожныя нататкі Віктара Кавалеўскага пра яго паездку з Аўстраліі ў Еўропу. І хоць спадар Кавалеўскі да грунтоўнага апісання самой Беларусі ў прадстаўленай частцы тэксту пакуль не дабраўся, цікава прачытаць яго першыя ўражанні ад краіны свайго дзяцінства: «Мае вочы ўглядаліся не ў падмецены дзевяццю мяцёлкамі Партызанскі праспект, але ў тое, што стаяла трыма воблікамі за невялікімі кустамі ля дзевяціпавярховага дому, што ехала па дарогах без нумарных знакаў, што казала мне вуснамі простых людзей». Не абышоў ён сваёй увагай і хвалёную чысціню сталічных вуліц, пракаментаваўшы яе досыць справядліва: «Я не ведаю, чаму ў Беларусі мне кожны другі звяртаў увагу на тое, які чысты Менск. Як быццам больш нічога ў горадзе не было. Мне ўсе казалі — глянь, Віктар, які чысты наш горад. І я здзіўлена ківаў галавой. Так, чысты. Але чаму вы ўвесь час пра гэта кажаце?»

Што тут скажаш? Сапраўды, чысціня — адзін з тых стэрэатыпаў, які беларусы старанна пра сябе ствараюць і ўжо, здаецца, культывуюць!

Тым жа, хто прагне «аўтэнтыкі», варта парэкамендаваць успаміны Якуба Лапаткі. У яго шмат цікавых назіранняў пра чалавечыя, у тым ліку міжнацыянальныя стасункі, якія былі зробленыя ў розныя часы. Карысна было прачытаць пра тое, як мяняецца стаўленне да тых ці іншых словаў з цягам часу. Да прыкладу, аўтар піша, што ў часы яго дзяцінства ўкраінцаў называлі выключна «хахламі», і ў гэтым ніхто не бачыў аніякага прыніжэння ці абразы, прычым, з абодвух бакоў. А яўрэяў называлі толькі «жыдамі», як сцвярджае аўтар, «без аніякага пагардлівага ці абразлівага намёку»: «Са слова «яўрэй» смяяліся так: «Не заві мяне яўрэй — здохну скарэй, а завіце мяне жыд — буду доўга жыць». Тым больш ужо не ведалі ні габрэяў, ні гэбраяў». Думаю, аўтар успамінаў моцна б здзівіўся, каб даведаўся, што і «немцаў» у сучаснай Беларусі ўжо нельга называць немцамі, калі маюцца на ўвазе тыя, пра каго Лапатка піша, згадваючы падзеі Вялікай Айчыннай, а толькі «фашыстамі» ці «акупантамі». Вось так змянілася жыццё… Каб тое не было штампам, то можна было б сказаць, што ўспаміны Лапаткі — сапраўдная энцыклапедыя народнага побыту, да таго ж напісаныя чароўнай, сакавітай мовай.

Ёсць у альманаху і творы, прадстаўленыя добра вядомымі літаратарамі. Такімі, як Сяржук Сакалоў-Воюш, які прэзентаваў урывак з новай аповесці «1654», Алег Мінкін, які выступіў з даволі вялікай нізкай вершаў, гэтак жа, як і Іна Снарская, і Макс Шчур. Удалым здабыткам нумару сталі тры п’есы-карацелькі нядаўна сышоўшага з жыцця Сяргея Вітушкі. У аснову гэтых міні-п’есак пакладзены наш традыцыйны фальклор, добра пазнавальны беларусам старэйшага пакалення і ўдала адаптаваны пад патрэбы сучаснай малечы. У альманаху прадстаўлены такія творы, як «Верабей і Сцяблінка», «Замак-замок», «Бурчун і Жэўжык».

Адкрыццём нумару сталі вершы Аляксея Арцёмава, прычым у прамым і пераносным сэнсе слова. Гэты паэт з Тулы міжвольна прымушае згадаць імя Максіма Багдановіча: ён рана стаў пісаць, спрабаваў сябе ў рускамоўнай паэзіі, самастойна вывучыў беларускую мову… Але, безумоўна, параўнанне было б нічога не вартым, каб не паэзія.

Зацярушаны снегам і соллю,

Засынае асфальтавы вечар

З марай сціплай: даведацца болей

Пра жыццё пра нябыт чалавечы.

Ён, напэўна, хацеў бы тактоўна

Папытаць мінакоў выпадковых:

«Бачыш неба? Аблокі, як з воўны.

Дык чаму на зямлі толькі ковы?»

Не пачуюць яго, не адкажуць —

Гук змяшаецца ў гоман птушыны,

Толькі шлейфам з бензіну ды сажы

У паўзмроку абдораць машыны.

І нарэшце асфальтавы вечар

Засынае з нязбытнаю марай,

А над горадам бляску й галечы

Пралятаюць ваўняныя хмары…

Гэтак жа, як і яго рамантычны папярэднік, Арцёмаў перакладае паэзію, аддаючы перавагу тэме кахання і смерці. У «Беларусе», дарэчы, многа проста выбітных перакладаў — ад вядомага ўсім Артура Конан Дойля (у перастварэнні Зміцера Давыдзенкі) да абсалютна незнаёмай нашаму чытачу канадскай пісьменніцы Паўлін Джонсан-Тэкеянуакей (з шыкоўнай прадмовай Ірыны Верабей, якая рабіла і пераклад).

Ці не адзіным чалавекам, які апісвае родны край не ў замілава-чуллівай інтанацыі, стаўся Віталь Воранаў, перакладнік і майстар кароткага апавядання. Яго метафарычныя карацелькі паказваюць добрае веданне агульнай сітуацыі ў краіне, а іх гумарыстычная афарбоўка — дазваляе ўспрымаць гэтую сітуацыю больш аптымістычна. Нізка апавяданняў, прадстаўленая «Беларусам», настолькі цэласная, што нават цяжка выдзеліць нешта адно.

Затое вельмі спрэчныя, супярэчлівыя ўражанні пакінуў тэкст Аляксандра Тарановіча «Тэатр «Street orgasm». У аглаўленні тэкст пазначаны, як успаміны, якія самім аўтарам правакацыйна-прэтэнцыёзна ацэньваюцца, як спробы «замарозіць выявы ў лядоўні падсвядомасці». Але насамрэч тэкст уяўляе з сябе суцэльны мікс — тут і спробы тэарэтызаваць стрыптыз як з’яву («Стрыптыз — неардынарнае мастацтва. Цела ў ім — гэта эстэтычная катэгорыя, мова дыялёгу паміж акторам і гледачом. Эратычнае мастацтва дае магчымасць і аўтару, і гледачу ствараць нейкую іншую рэальнасць, выкліканую прадчуваннем і падсвядомасцю. Гэта сфера выяўлення фантазій, вольных ад кантролю розуму, сфера прыватных трансфармацый, падобных да музычнага гучання»), і рэальныя ўспаміны («Я ў чорным плашчы, чорным капелюшы, белым шаўковым шаліку, які звісае да каленяў. Пад добры блюз цалкам распранаю іх абодвух. Што за чорт! Няма ніякай рэакцыі публікі. Магільная цішыня. Братва проста не зразумела, што адбываецца… Прыйдзецца чакаць, пакуль прымуць патрэбную дозу алкаголю або наркаты»).

Шчыра кажучы, гэтае змешванне патасу і даволі сумнеўных дэталяў — за мяжой густу… У адным абзацы аўтар ухітраецца назваць стрыптызёраў «паэтамі ці мастакамі, у кожнай з якіх свой стыль, тэхніка», і тут жа прыцвікаваць іх заўвагай пра комплексы: «У некаторых комплексы ідуць далей — німфаманія, эксгібіцыянізм, лесбійскае каханне. Ёсць і такія, што падчас выступлення адчуваюць аргазм». Не, дзякуй аўтару за напамін і магчымасць згадаць жорсткія 1990-я, але, шчыра кажучы, тэкст хутчэй непрыемна ўражвае, чым натхняе.

Зусім іншае адчуванне ад «Успамінаў» Валянціны Якімовіч. Што іх вылучае?

Гэта ці не першыя ўспаміны пра паэта Анатоля Сыса, дзе аўтарка прызнае, што была ў яго закаханая — як правіла, зазвычай людзі згадваюць, як іх саміх любіў Сыс. Увесь тэкст напісаны з такой адданасцю, шчымлівасцю, інтымнасцю... І пры гэтым далікатны і сціплы — Якімовіч так і не сказала, кім была для паэта. Асабліва ўражвае чыста жаночая гісторыя пра тое, як яна яму гатавала ежу і таемна пакідала ў пакоі — гісторыя раскрывае не столькі самога Сыса, колькі спадарыню Валянціну, якая, як вядома, і цяпер шмат каму з тутэйшых беларусаў дапамагае, прычым часам не ведаючы тых людзей… «Успаміны» В. Якімовіч — несумненны падарунак гісторыкам і літаратуразнаўцам, якія будуць пісаць пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. У іх шмат падрабязнасцяў, дэталяў, дат. Але, галоўнае, там ёсць атмасфера, вольнае паветра! Паветра, якога так не хапае цяпер на Беларусі...

Цікавай асаблівасцю альманаха з’яўляецца тое, што творы пададзеныя ў ім у алфавітным парадку — па імёнах аўтараў. І гэтая праява дэмакратычнасці падаецца вельмі характэрнай для ўсяго «Беларуса», які сабраў людзей самых розных прафесій, жыхароў розных кантэнентаў, уладальнікаў самых розных талентаў і здольнасцяў, прычым для кожнага з іх знайшлося і месца, і добрае слова.

Хочацца спадзявацца, што такое ж добрае слова знойдзецца і ў чытачоў...