Брэст. Абараніце Калонію Варбург

Культуролаг Ала Сідаровіч, выкладчыца ЕГУ Алена Саўко, гісторык, дацэнт Гродзенскага дзяржуніверсітэта Іна Соркіна, палітолаг, юрыст Наталля Васілевіч, загадчыца аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вольга Бабкова і гісторык, доктар гуманітарных навук, Цэнтра габрэйскіх даследванняў ЕГУ Андрэй Замойскі звярнуліся да журналістаў і грамадзян Літоўскай Рэспублікі з адкрытым лістом.



warburg_2012_08_05_16_.jpg

Падпісанты выказваюць сваю занепакоенасць тым фактам, што з “культурнага ландшафту Брэста пры ўдзеле літоўскай кампаніі "Glera" можа знікнуць унікальны для еўрапейскага маштабу аб'ект і месца памяці, звязанае з гісторыяй І і ІІ сусветнай вайны і лакальнай гісторыяй мясцовай габрэйскай абшчыны — калонія Варбург”.

Гісторыкі атрымалі інфармацыю, паводле якой бліжэйшым часам у Брэсце могуць быць знесеныя 2 будынкі архітэктурнага комплексу калоніі Варбурга. Правядзенне падрыхтоўчых работ для будаўніцтва супермаркета літоўскага прадпрыемства "Glera" можа пашкодзіць квартал драўляных дамоў у гістарычным цэнтры Брэста.

Падпісанты звяртаюцца да Літоўскай Рэспублікі — дзяржавы, якая мае прадуктыўны вопыт захавання культурнай спадчыны. “Літву і Беларусь звязвае не толькі агульная мяжа, але гістарычна вялікі досвед стварэння агульнай культурнай прасторы, — адзначаецца ў лісце. — Гэты бясцэнны досвед у пачатку ХХ стагоддзя аб'ядноўваў і натхняў грамадскіх і палітычных дзеячоў нашых краін, якія шукалі шляхі стварэння нацыянальных дзяржаваў. Разам з тым нацыянальнаму адраджэнню і стварэнню канона нацыянальнай культуры, у аснову якога і ў Літве, і ў Беларусі была пакладзена народная культура, заўсёды спадарожнічала тэма полікультурнасці і дыялогу, цэнтрамі якога былі гарады.

Неад'емны ўклад у развіццё культурнага ландшафту горада і гарадской культуры ў Беларусі і ў рэгіёне беларуска-літоўскага памежжа ўнесла габрэйская супольнасць, якая ў ХІХ стагоддзі стварыла пляцоўку для пабудовы будучай беларускай нацыі. Сучасны погляд на горад заўсёды азначае звяртанне ўвагі на беражлівае захаванне культурнай спадчыны габрэяў.

Калонія Варбурга — квартал з 12 двухпавярховых драўляных дамоў у межах гістарычнага цэнтра Брэста па адрасу 1-ы Мінскі завулак, з'явіўся ў горадзе ў 1925 годзе з ініцыятывы арганізацыі American Joint Distribution Committee. Сваю назву квартал атрымаў ад імя аднаго з заснавальнікаў гэтай дабрачыннай арганізацыі — Фелікса Варбурга. Першымі жыхарамі калоніі былі сем'і самых бедных брэсцкіх габрэяў, якія сталі бежанцамі падчас Першай сусветнай вайны і вярнуліся ў Брэст без сродкаў на аднаўленне сваіх дамоў, разбураных у прыфрантавым горадзе. Улады Польшчы, да якой з 1921 па 1939 год адносіўся Брэст, не мелі магчымасцяў для забеспячэння жыллём усіх, хто жыў у нястачы і меў у ім патрэбу, таму прапанова дапамогі ад міжнароднай арганізацыі была запатрабаваная. Запраектаваная ў архітэктурным стылі, які большасць даследчыкаў адносяць да «закапанскага», калонія Варбурга стала невялікім кварталам са сваёй уласнай інфраструктурай.  

Падчас Другой сусветнай вайны жыхары калоніі Варбург былі выселеныя ў гета, а ў іх дамах размясціўся лагер для савецкіх ваеннапалонных. Пасля сканчэння вайны, у 1944–1948 гадах — лагер для (!) італьянскіх і нямецкіх ваеннапалонных. З пачатку 1950-х гадоў у калоніі Варбурга зноў пасяліліся жыхары Брэста. На сённяшні момант з 12 дамоў калоніі Варбурга захавалася 7. Адзін з будынкаў унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Паважанае спадарства, звяртаемся да вас з глыбокім перакананнем, што ваша ўвага да акрэсленага пытання, можа паўплываць на рашэнне фірмы-інвестара «Glera» будаваць супермаркет на тэрыторыі калоніі Варбурга і дапаможа захаваць не толькі культурны ландшафт Брэста, але і ўнікальнае месца памяці, дзе пераплялася гісторыя мінулага стагоддзя і гісторыя народаў Еўропы. Разгляд пытання ў кантэксце правядзення памятных мерапрыемстваў у гадавіну пачатка І сусветнай вайны (2014), вынікі якой у літаральным сэнсе перакраілі палітычную карту Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, дае новую перспектыву інтэрпрэтацыі гістарычнай каштоўнасці калоніі Варбурга». 

Сучасная гісторыя калоніі Варбург

19.04.2010 — зацвярджэнне Брэсцкім гарвыканкамам плана рэгенерацыі цэнтральнай часткі Брэста і перасяленне жыхароў калоніі Варбурга.

2010–2013 — абмеркаванне перспектыў калоніі Варбурга ў прэсе.

21.04.2010  — разгляд пытання аб драўлянай забудове 1-га Мінскага завулка на выяздным пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Вынесена рэкамендацыя Брэсцкаму гарвыканкаму прапрацаваць прапановы па выкарыстанню будынкаў калоніі Варбурга.

03.08.2011   заключэнне інвестыцыйнай дамовы Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэтам з літоўскім прадпрыемствам "Glera" на рэалізацыю інвестпраекта "Стварэнне ў г. Брэсце Гандлёвага аб'екта — універсальнай крамы, размешчанай на перасячэнні 1-га Мінскага завулка і вул. Пушкінскай у Брэсце".

сакавік 2012  —  падрыхтоўка і паданне дакументаў Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры на ўключэнне калоніі Варбурга ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

04.04.2012 рашэнне Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта аб дазволе замежнаму прадпрыемству «Glera» пачаць распрацоўку абгрунтавання інвеставання "Рэканструкцыя квартала забудовы, абмежаванай вул. Піваварная, вул. Валадарскага і 1-ы Мінскі завулак у г. Брэсце" з паралельнай распрацоўкай праектнай дакументацыі на будаўніцтва ўніверсальнай крамы на перасячэнні 1-га Мінскага завулка і вул. Пушкінскай у Брэсце".

20.06.2012  рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці аднаму з дамоў калоніі Варбурга ў г. Брэсце.