Чалавек у вышыванцы: «Насіў я сціплую апратку, ды ганарыўся вельмі ёй...»

У асабістым фотаархіве Уладзіміра Содаля, колішняга тэлевізійнага рупліўцы, захаваліся фотаздымкі розных гадоў народнага паэта Беларусі Пятруся Броўкі (1905–1980). Звяртае ўвагу, што і ў маладым, і ў сталым веку ён апранаў беларускія вышываныя кашулі.



16_1_brouka_ph.jpg

Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка

Гэтыя фотаздымкі, развагі над імі, паклікалі нас у вандроўку да памятных мясцінаў у сталіцы.

 

Мемарыяльны музей-кватэра патрыярха беларускай літаратуры Пятруся Броўкі знаходзіцца на вуліцы Карла Маркса, дзе жылі некалі і сёння жывуць многія выдатныя і знаныя дзеячы нашай дзяржавы. Колішняя вуліца Падгорная — яна заслугоўвае больш пільнай увагі экскурсаводаў і турыстаў. Мы са спадаром Содалем не гэтак даўно наведалі музей песняра, да таго ж і ганаровага грамадзяніна Мінска Пятруся Броўкі. Нашай мэтай было знайсці яго вышываныя кашулі і вытокі яго паважнага стаўлення да народнага адзення.

 

Нетаропка, спакваля мы разглядаем каштоўныя, арыгінальныя музейныя экспанаты. От бачым на старым фота матуліны кросны! Алена Сцяпанаўна Броўка не толькі ткала палатно для сваёй вялікай сям’і, але і вышывала. У музеі выстаўлены фрагменты яе вышыванак, напрыклад, ярка аздобленая манішка. Таксама бачым тканыя ходнікі, посцілку, пас. Чаўнок для кроснаў рабіў бацька Усцін Адамавіч. Падчас вайны гэтыя рэчы захаваў пляменнік Аляксандр Сыс. Заўважаем таксама здымак Петруся (1927 год) з братам Андрэем. Брат — у звычайнай тагачаснай кашулі, а Пятрусь — у вышыванцы. Пэўна, малады Броўка адчуваў сябе як творчую асобу, што адбівалася і вонкава.

 

Успамінаючы маладосць, ён стварае адметны ўласны партрэт:

 

Насіў я сціплую апратку,

Ды ганарыўся вельмі ёй —

У васільках касаваротку,

І з корту

Галіфэ-штаны,

І палатняныя абмоткі…

І шапку з зоркай пяцікутнай

Ва ўсе пагодныя

Часы,

З тым казырком, крыху прыгнутым,

Дзеля найбольшае красы.

 

На працягу ўсяго жыцця Пятрусю давялося адзяваць розныя кашулі. Як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дык ён апрануў вайсковы мундзір. Але як скончылася нарэшце тое ліхалецце, ён зноў застаецца ў сваёй беларускай вышыванцы.

 

Найбольш выразны яго фотаздымак у сталым веку зроблены дзесьці на лавачцы. Паэтаў погляд выдае яго ўзнёслы настрой у сугуччы з прыродай. Менавіта вышыванка на ім адухаўляе песнярову постаць, гаворыць больш за словы. Разглядаючы фота Петруся Броўкі, міжволі ўспамінаецца яго рамантычны верш:

 

Хіба на вечар той можназабыцца?

…Сонца за борам жар-птушкайсадзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор.

Пахне чабор, пахне чабор…

 

Вядомая класіка з школьнай праграмы нагадвае кожнаму чытачу яго маладосць і родныя мясціны, незабыўнае першае каханне. Там засталіся вытокі нашага жыцця. Матчына ў нас не толькі мова, але і вышыванка. Знаёмства з музеем пераканала нас, што любоў Петруся Броўкі да народных узораў адзення ідзе ад матулі, якая трагічна загінула ў Асвенцыме. У 1945 годзе была выдадзена Броўкава кніга вершаў «Беларусь», і яе вокладка зусім натуральна ўпрыгожана беларускім арнаментам.

 

А дзе ж сёння паэтавы вышыванкі? Нас усіх гэта вельмі цікавіць. «Шукаю я — няма…» Мабыць, недзе ёсць у прыхаваных фондах музея. Гэтая кашуля — адна з самых каштоўных рэчаў — тая самая спадчына, якую нельга страціць.