Дзеці той вайны

Пад грукат бронетэхнікі па мінскіх вуліцах як ніколі хораша думаецца пра лёсы асобных, выпадковых для вайны людзей, якіх яна засмактала. Магчыма, гэта папросту рэфлекторная рэакцыя на жудасны сам па сабе гук сотні танкаў, якія ўночы праязджаюць па горадзе. Гук, які так пужае малых дзяцей. (На здымку: “Белая турма ў Пружанах, дзе перад смерцю былі ўвязненыя бацькі Васіля Сёмухі.  Здымак 1950-х г.г.   З архіва дырэктара Пружанскага палацыка Юрыя Зялевіча)



fc79250f8c5b804390e8da280b4cf06e.jpg

Пад грукат бронетэхнікі па мінскіх вуліцах як ніколі хораша думаецца пра лёсы асобных, выпадковых для вайны людзей, якіх яна засмактала. Магчыма, гэта папросту рэфлекторная рэакцыя на жудасны сам па сабе гук сотні танкаў, якія ўночы праязджаюць па горадзе. Гук, які так пужае малых дзяцей.

(На здымку: “Белая турма ў Пружанах, дзе перад смерцю былі ўвязненыя бацькі Васіля Сёмухі.  Здымак 1950-х г.г.   З архіва дырэктара Пружанскага палацыка Юрыя Зялевіча)


Адзін з аспектаў акупацыі Беларусі фашыстамі — філасофскі. Людзі перажылі голад, здзекі, смерць родных, але знайшлі ў сабе сілы дараваць акупантам.
Яркі прыклад такога даравання — творчы шлях Васіля Сёмухі. У 1942 годзе васьмігадовага паляшуцкага хлопчыка ледзь не спалілі жыўцом разам з родным хутарам Ясенец, што на Пружаншчыне. Яго бацькоў за сувязь з партызанамі расстралялі немцы. А ў 1991-м ён — кавалер ордэна за асаблівыя заслугі перад ФРГ — за пераклад на беларускую мову «Фаўста» Ё. В. Гётэ. Асцярожныя спробы распытаць пра ўзаемасувязь паміж першым і другім фактамі прывялі да гэтай публікацыі, якую прысвячаем памяці пра ТУЮ ВАЙНУ.
«З узлесся я бачыў, як гарэў наш хутар»
— Спадар Васіль, адкуль у вас цікавасць да моваў?
— Усё пайшло ад мамы. Мама Марыя, сялянка з вёскі Куплін (паўтара кіламетра ад Пружаны). Вучылася ў Пружане (ці тое ў школе, ці ў гімназіі). Ведала рускую мову (граматна перапісвалася з братам, які жыў у Амерыцы), польскую (а як жа інакш у польскай гімназіі?), ідыш (70 працэнтаў жыхароў Пружаны былі габрэі), нямецкую (школа ці гімназія), сама палешка і дома гаварыла толькі па-палеску. Добра шыла і мела з таго неблагі прыбытак.
Выйшла замуж за палешука Сяргея з хутара Ясэнэц, ліцвіны яго называлі чамусьці Парасліна: там яны, з ружанскіх вёсак, летам касілі сена на балотах. Гэта паўднёвая ўскраіна Ружанскай пушчы, якая ёсць працягам Белавежскай. На паўночным баку пушчы былі ўжо ліцвіны, дзе былі замужам дзве бацькавы сястры. Яны ўжо гаварылі па-ліцвінску (па-беларуску). Такое вось моўнае памежжа! Бацька быў лесніком у пушчы з нейкім дзіўным для селяніна хобі: майстравіты мужык, рабіў струнныя інструменты (гітары, мандаліны, балалайкі) і розныя іншыя такарныя штучкі. Таксама неблагі прыбытак. І, натуральна, — сялянская гаспадарка.
— Раскажыце пра першыя кантакты з нямецкай мовай.
— З першых дзён вайны я ўжо ведаў, што немцаў трэба баяцца, фактаў хапала. А першая сустрэча адбылася ўзімку. Мама тчэ кросны. Я сяджу каля яе злева (любіў пускаць чаўнок па нітках. Любіў сукаць цэўкі на машынцы. І тут наехалі немцы з суседняй вёскі Смаляніцы (там была камендатура з гарнізонам, і там жыла мая цётка Ганна). Усчаўся гвалт. У пакой зайшоў немец і прыступіўся да мамы, пачаў распытваць, настаўляючы пісталет да скроні то ёй, то мне. Абое гаварылі па-нямецку. Я быў тадыташні, а не сённяшні, таму нічога не зразумеў. А на кухні тым часам білі тату, чуліся крыкі, потым стрэл — гэта застрэлілі сабаку Мэру. На гэты стрэл немец выйшаў і больш не вяртаўся. Гэта было першага разу, калі я пачуў нямецкую гаворку.
Другі раз — ужо летам 1942 года. Прачнуўся раніцай ад нямецкіх галасоў. Ляжаў з галавою накрыты коўдрай, пачуў з другога пакоя і хуценька шмульнуў пад ложак. Там сядзеў, а яшчэ больш спаў ад страху трое сутак, пакуль немцы былі на хутары. Пасля яны кагосьці абстралялі на ўзлессі і засаду знялі. Са Смаляніцы прыгналі падводы вывозіць усё хатняе і быдла. Сярод падводчыкаў была і мая цётка Ганна. Яна і выкалупала мяне з-пад ложка. Бацькоў яшчэ першае раніцы арыштавалі і звезлі ў Смаляніцу. Цётка пазней казала, што ў сяле мама ёй крыкнула: «Ганно, там Вася зостаўса». Таму яна і напрасілася ў падводы. Пасадзіла мяне на воз, загрузілася чым там прыйшлося і паехала з абозам, а з узлесся я ўжо бачыў, як гарэў наш хутар. З паўгода цёця лячыла мяне і вадзіла да знахарак і шаптух. «Од пэрэляку ліэчыла і одкачвала», — казала. Гэта першы раз, калі я вось такім чынам уратаваўся.
— Былі яшчэ ўратаванні?
— Другі раз — зімою ў Смаляніцы. Запісалі нас (цёця, яе двое дзяцей і я) на вываз у Германію. Павезлі ў Пружану. А там ужо каля сотні падвод з сем’ямі з усёй Пружаншчыны. Там ладзілі так званую селекцыю. Зайшлі мы ўсе раздзетыя па пояс: абапал каля сцены сталы з, мабыць, дактарамі. Паглядзелі на нас, сказалі маёй стрыечнай сястры, семнаццацігадовай Мані ісці ў той пакой, нам — «гівэк» (г. зн.: «Geh weg!» — «Прэч!»).
Маню забралі, цёця ўся ў слёзах выйшла на двор, запрэгла коніка і рушыла да брамы. Вартавы спакойненька адчыняе, мы выехалі і падвечар былі ў Смаляніцы. Тут я магу сказаць: «Хай жыве нямецкая акуратнасць і пунктуальнасць!» — едзе падвода на выезд, значыцца начальства адпусціла, трэба адчыняць браму! Пазней я пытаўся ў цёці, чаму яна паехала. «Бо дурная была, я ж нэ віедала, шчо трэба было зоставаціса, я ж бо мэрговала, нас одпусьцілі, эно Маню забралі, а ніэмцы ж ніц нэ сказалі».
Такім было другое маё выратаванне. Усяго са Смаляніцы на селекцыі было пяць сямей. І пасля вайны ніхто не вярнуўся: ні стары, ні малы, толькі тыя маладыя, што былі адабраныя для працы. Вярнулася і наша Маня.
— Што ўсё-ткі адбылося з вашымі бацькамі?
— Увесь той час у Смаляніцы і некалькі гадоў пасля вайны цёця, як магла, падтрымлівала маю веру ў вяртанне бацькоў: «От, мне якраз Марыля прысьніласа, сказала, жджы мэнэ, хутко будэмо дома!.. Вэрнуцца, вэрнуцца, і маці і бацько, я от навэтко до Маланкі сходзіла, коб карты кінула: то сказала, нэ буойтэса — осё воны обое, ужэ ў дорозі дохаты, жджыэтэ, хутко будут»... А праўду ж ведала: расстралялі іх у 42-м у пружанскай турме.
Праўду я даведаўся ўжо калі жыў у Пружане… А далей былі пытанні: чаму, за што і бясконцыя спробы знайсці адказ, і прошукі адказу ў саміх немцаў, у іх мове, літаратуры, гісторыі, культуры. Але гэта ўжо былі іншыя немцы — не фашысты. Яны і прывялі мяне да перакладу, да «помсты» вось такім шляхам, які я сабе выбраў.