Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны

У Гродне выйшла з друку кніга матэрыялаў і даследаванняў “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны. Кніга прысвечана памяці Народнага паэта Беларусі Максіма Танка, стогадовы юбілей якога адзначаўся ў 2012 годзе.



fok.jpg

Лёс славутага паэта быў цесна звязаны з Гродзеншчынай. У 1930-я гады, калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад Польшчай, Максім Танк быў у цэнтры беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і літаратурнага жыцця краю над Нёманам. Цесную сувязь з Гродзеншчынай і яе людзьмі Максім Танк падтрымліваў да самай смерці.

 

Таму кніга “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны распачынаецца артыкуламі пра Максіма Танка, а таксама пра пісьменнікаў Гродзеншчыны. Цікава чытаюцца артыкулы пра Элізу Ажэшку, Максіма Багдановіча, Лейбу Найдуса, Аляксея Карпюка. Запомніўся факт, які згадаў у сваім артыкуле І.Сухоцкі. На ўласным 70-годдзі Аляксей Карпюк, пасля ўсіх віншаванняў і зычлівых прамоў, тады сказаў: “Ля крыжа сядзеў жабрак. Усе веруючыя праходзілі, кланяліся і маліліся. Жабрак думаў, што людзі аддаюць такую павагу яму. Аказалася, людзі кланяліся не яму, а крыжу. Так і на мяне не трэба маліцца. Я не Бог, я звычайны пісьменнік, пішу аб тым, што бачу і чую. Змагаюся, каб Беларусь была суверэннай, вольнай краінай.

 

Другі раздзел кнігі “Лінгвістычнае краязнаўства складаецца з індывідуальных слоўнічкаў, у якіх змешчана лексіка, фразеалогія, тапанімія, антрапанімія з розных куткоў Гродзеншчыны. Напрыклад, вось некалькі мікратапонімаў, сабраных у Карэліцкім раёне: Кляпча — поле каля вёскі Руднікі, Сціжаўка, Чалілуг — урочышчы каля вёскі Селішча. А вось як гучаць мікратапонімы вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна: Ганасаўшчына — зямля, купленая ў канцы ХХ стагоддзя ў пана Гануса, Плянт — палетак насупраць вёскі Ляткі, Зарэка — палетак паміж Верацейкай і Пачуйкамі. Цікава чытаюцца і аграонімы, аронімы, запісаныя ў вёсцы Капцёўка Гродзенскага раёна: Чарзеля — поле па дарозе з вёскі Капцёўка, Строкі — хутар і зямля пры ім, названая паводле мянушкі былога гаспадара, Жвіроўня — узвышша, дзе бралі жвір.

 

Разнастайныя мікратапонімы запісала А.Лапкоўская ў Шчучынскім раёне. Найбольш дасведчанымі па захаванню мікратапонімаў аказаліся жыхары, якія нарадзіліся ў 1930-1940-х гадах. Спынімся на некаторых шчучынскіх мікратапонімах: Каптуны — хутар, што размешчаны каля вёскі Стадаляны, Масяўня — поле, што размешчана на правы бок ад дарогі Астрына — Васілішкі, Паратушчыха — выган каля вёскі Ліпічанка, Мачула — частка ракі Даніроўка, дзе мачылі каноплі, Цімпічы — неафіцыйная назва левай часткі вёскі Трудавая.

 

Вёска Нагорнікі Дзятлаўскага раёна невялікая. Некалі там у XIX стагоддзі знаходзіўся маёнтак з прыгожай назвай Страла. Гэты маёнтак належаў беларускаму польскамоўнаму паэту Юліяну Корсаку, які перакладаў на польскую мову Гарацыя, Дантэ, Байрана, Гётэ, Шылера. А на беларускую мову Юліяна Корсака перакладаў Уладзімір Мархель. Добрыя пераклады! Адна страфа Корсака ў перакладзе Мархеля прыгадалася мне, калі прачытаў у кнізе пра дзятлаўскую вёску Нагорнікі:

 

Нас нябеснае узрушыць,

Дух спазнае, скуль паходзіць:

Хараство мудрэйшых душаў

Неба і зямлю пагодзіць.

 

Мікратапонімы вёскі Нагорнікі Дзятлаўскага раёна, магчыма добра ведаў і паэт Юліян Корсак: Грумарава — балота каля лесу Боркі, Жорнаўка — балота каля вёскі Нагорнікі, Ківулішкі — балоцістая мясціна на ўсход вёскі Нагорнікі, Сірбітут — лес каля вёскі Мельнікі, недалёка ад Нагорнікаў…

 

Доктар філалагічных навук, прафесар Гродзенскага ўніверсітэта Павел Сцяцко, які родам з Зэльвеншчыны, змясціў у кнізе свае даследаванні прозвішчаў Зэльвеншчыны, а таксама напісаў пра адапелятыўныя прозвішчы жыхароў Зэльвеншчыны. Адапелятыўныя прозвішчы Зэльвеншчыны, на думку аўтара, складаюць самую вялікую і разнастайную групу ўнутрысямейных найменняў асобы. Яны паходзяць ад былых дахрысціянскіх імёнаў — ад празванняў асоб (мянушкі, клічкі) па самых розных прыметах: вонкавы выгляд (Белы, Кульгавы), род дзейнасці, заняткаў (Каваль, Кравец), паходжанне, месца пражывання (Татарын, Швед, Ліпскі), падабенства да прадметаў, жывых істот, раслін (Качарга, Лапата, Заяц, Бурак), сувязь з пэўнымі паняццямі (Вайна, Зіма, Мароз) і г.д.

 

На жаль, мікратапаніміка ў апошні час прыкметна страчваецца па прычыне разбурэння традыцыйнай беларускай вёскі. Таму сабраныя ў кнізе навукоўцамі яны для нас сёння — вялікі скарб.

 

Раздзел “Фальклорнае краязнаўства пабудаваны з артыкулаў пра малыя формы фальклору, пра легенды і паданні, якія тлумачаць паходжанне назваў населеных пунктаў і іншых тапанімічных аб’ектаў. Напрыклад, М.Даніловіч і Н.Памецька змясцілі ў кнізе падборку дражнілак, занатаваных імі за апошнія дваццаць гадоў на Гродзеншчыне. Давайце трохі падражнімся: У Антона на насу елі чэрці каўбасу (Смаргонскі раён), Андрэй-верабей на кадушцы сядзеў, усіх жаб пераеў, адну не даеў, і жывот забалеў (Навагрудскі раён), Вандзя-піндзя — папяроса, выйшла замуж за матроса (Астравецкі раён), Гаўрыла замазаў рыла (Свіслацкі раён), Жэнька-пенька-каўбаса, на вяровачцы аса, а аса шавеліцца, заўтра Жэнька жэніцца (Зэльвенскі раён), У Мацея пуп пацея (Гродзенскі раён), Піянер — засраны каўнер (Гродзенскі раён), Зінка — дзераза, цераз пуза каўбаса (Ашмянскі раён) і іншыя.

 

З легендамі і паданнямі вёсак Навагрудчыны чытачоў у кнізе знаёміць Р.Казлоўскі. Гэтыя паданні былі запісаны на Навагрудчыне пару гадоў таму. Напрыклад, вёска Шатараўцы раней называлася Кусціна. Перайменавалі, таму што тут шаткавалі капусту. Ад слова “шаткаваць пачалі так называць вёску Шатараўцы.

 

Варта згадаць у кнізе і падборку прыказак, якія былі запісаны ў вёсцы Дуляўшчына Мастоўскага раёна. Розныя гэтыя прыказкі, але ёсць, якія запомніліся: Твая мама ласа, з’ела яблычка да спаса (Да Спаса нельга есці яблык), Німа тых грабель, каб граблі ад сябе (Гаворыцца пра тых, хто ўсё робіць толькі на сваю карысць), Што кепска, то не мы (Кажуць жартаўліва госці пры развітанні з гаспадарамі), Які палец ні парэжаш, усякі баліць (Бацькі шкадуюць сваіх дзяцей аднолькава, незалежна ад таго, якія яны) і іншыя.

 

У апошні раздзел “Лінгвакультуралагічнае краязнаўства кнігі ўвайшлі артыкулы, у якіх акрэсліваюцца аспекты вывучэння традыцыйнай народнай культуры. Прафесар Аляксей Пяткевіч знаёміць чытачоў з традыцыйнай народнай культурай як актуальным прадметам краязнаўства, Алесь Крой і Іван Буднік прапануюць прайсціся шляхамі Карскага ў Прынямонні, а Уладзімір Козыраў у лінгва-гістарычных нататках распавядае пра багацце роднага краю.

 

Зборнік “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны падрыхтавалі да друку навукоўцы кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Выданне прынясе пэўную асалоды тым, хто цікавіцца родным словам, духоўнай культурай Гродзеншчыны.