«Галіяфы»: не спяшайцеся нас хаваць!

Пакуль урачыста адкрывалі міжнародную кніжную выставу-кірмаш і ўшаноўвалі там гасцей з Расіі ды Кітаю, горад пазбавіўся беларускай кнігарні. 11 лютага адбылася літаратурная імпрэза-развітанне з кнігарняй «Галіяфы».



vishniou_1102_logo.jpg

Зміцер Вішнёў: Мы толькі развітваемся!

«Хай гэта будзе свята развітання, а не пахаванне», — падкрэсліў напачатку мерапрыемства Зміцер Вішнёў. Удзельнікі імпрэзы чыталі вершы і прозу, жартавалі і спявалі. Усе наведнікі атрымалі магчымасць выбраць кніжку ад выдавецтва ў падарунак.

Падтрымаць Зміцера Вішнёва і Аляксея Харужку завіталі выдавец Ігар Логвінаў, літаратары Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева, Сяргей Сыс ды іншыя. Шмат хто з пісьменнікаў надрукаваў свае творы менавіта ў «Галіяфах». Напрыклад, паэт, празаік і бард Анатоль Кудласевіч прыгадаў, як з 1997 году насіў сваю містэрыю «СОНКУС» па розных выдавецтвах, але паўсюль яму адмаўлялі, бо баяліся друкаваць. «Я не магу вытлумачыць, што там страшнага... — кажа спадар Кудласевіч, — пазнавальныя міністры? Прэзідэнт пазнавальны? Мы ўсяго баімся!» І толькі дзякуючы «Галіяфам» у зборніку духоўнай прозы і паэзіі Анатоля Кудласевіча «апальная» містэрыя нарэшце ўбачыла свет.

kudlas_1102_logo.jpg

З "Галіяфамі" развітваецца Алесь Камоцкі Але цяпер уладальнікі «Галіяфаў» вымушаныя закрыць культурніцкую пляцоўку, бо будынак не ўвайшоў у рэестр памяшканняў, якія маюць дазвол на гандаль. А без гэткага дазволу пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі закону аб гандлі, трымаць памяшканне кнігарні і плаціць немалую арэнду выдавецтву «Галіяфы» не па кішэні. Кнігарня праіснавала толькі з сакавіка па жнівень 2014 года. Астатні час прайшоў у безвыніковых намаганнях аднавіць гандлёвую дзейнасць.

obadva_premium_logo.jpg

Зміцер Вішнеў і Аляксей Харужка думаюць над новай пляцоўкай

— Мы не збіраемся зачыняцца, — кажа кнігавыдавец Зміцер Вішнёў, — мы і надалей будзем працаваць як выдавецтва, мы шукаем інвестара пад новую культурніцкую пляцоўку, таму што самі мы «не пацягнем»: шмат грошай было згублена на гэтай пляцоўцы, і яны ніякім чынам не вярнуліся, не адбіліся.

— Але ж кнігарняне надта прыбытковая справа?

— Гэта ўмоўны бізнэс. Гэта больш культурніцкая пляцоўка. У нас быў творчы тандэм выдавецтва і кнігарні, і калі б не было перашкодаў для гандлю, у такім тандэме гэты праект мог існаваць. Для нас была бы ідэальнай сітуацыя, калі кнігарня выходзіла бы ў «нуль». Але ў тыя месяцы, калі кнігарня ўвогуле не працавала, арэнда, усе выдаткі паклаліся на выдавецтва. Гэта непрымальная сітуацыя.

— Астатнія крамы ў гэтым будынку таксама пацярпелі?

— Ну, ведаеце, мне будзе цікава, калі мы прыйдзем сюды праз два месяцы і пабачым, што гандаль тут адноўлены, я буду гэтаму напрыклад не здзіўлены...

— Увогуле ці ёсць выпадковасцю сітуацыя, якая адбылася з памяшканнем для кнігарні «Галіяфы»?

— У нас апошнім часам адбыліся выпадковасць з галерэяй «ЦЭХ», выпадковасці з «Арт-сядзібай», выпадковасці з «Логвінавым». Ведаеце, нешта замнога выпадковасцяў. Пры гэтым усё ў нас паводле заканадаўства. Я нікога не магу ні ў чым абвінавачваць, таму што гэта будзе паклёп. Але, зразумела, што ў нас гэтыя выпадковасці не выпадковыя. Зразумела, што ёсць пэўныя людзі, якім мы і тыя, хто займаецца падобнымі справамі, не падабаемся, і яны нейкім нездаровым чынам уплываюць на гэтую сітуацыю.

chadanovich_1102_logo.jpg

Андрэй Хадановіч таксама развітаўся з "Галіяфамі"

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, уладары «Галіяфаў» бадзёрасць духу не губляюць. З аптымізмам глядзяць на літаратурную будучыню і тыя, чыі кніжкі яны прасоўвалі ў масы.

«Творчыя асяродкі ўсё роўна застаюцца, ніхто не здольны іх знішчыць, — адзначае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Мяняюцца толькі лакацыі гэтых творчых асяродкаў. Кнігарня «Галіяфы» перастае існаваць, але я ўпэўнены, праз некалькі месяцаў з’явіцца нейкае новае месца. Калі нехта паспрабуе і яго знішчыць, з’явіцца яшчэ нешта. Гэта такі працэс, які цяжка кантраляваць, і немагчыма спыніць. Шкада, што месцаў такіх мала, але, калі мы паназіраем, то ўбачым, што колькасць іх расце. Ведаючы Змітра Вішнёва і Аляксея Харужку, здавацца і апускаць рукі яны не будуць. Гэта людзі з загартоўкай 90-х гадоў. Зламаць іх цяжка. Дый сама беларуская культура прайшла праз перыяд загартоўкі і набралася імунітэту. Я ўпэўнены, што ўсё тут будзе добра».

chytach_1102_logo.jpg

Людзям патрэбныя такія кнігарні

Ва ўсялякім выпадку, спадзяванні на лепшую будучыню для беларускамоўнай літаратуры не безгрунтоўныя. Бо па колькасці выдадзеных на мільён чалавек кніг, Беларусь далёка не на апошнім месцы ў Еўропе. А гэта значыць, што попыт на кнігі сярод беларусаў пакуль што ёсць, і ўсе высілкі айчынных выдаўцоў маюць сэнс.