Гульні розуму

Выстава “Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі” у Гарадской мастацкай галерэі твораў Шчэмялёва – гэта спробы пераасэнсавання мастакамі, нашымі сучаснікамі, класікі мастацтва, ад антычнасці да мадэрных плыняў ХХ ст.



Скажу шчыра: у Гарадскую мастацкую галерэю твораў Шчэмялёва, што месціцца ў Мінску на Ракасоўскага, 49,  за апошнія пяць год я завітаў пару разоў. Не было нагоды: усе новыя экспазіцыі, за выключэннем дзьвух-трох, выглядалі нашмат больш сумна, чым сталая выстава твораў слыннага майстра. Ну і хто прымусіць гледачоў цягнуцца з цэнтру ў спальны раён?

Паехаць у Серабранку мяне прымусіла просьба сябра: маўляў, Таццяна Маркіна, куратарка выставы “Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі”, што працуе з 5 верасня па 10 кастрычніка 2014 г. зрабіла вартую справу. Мае сэнс яе паглядзець, і нават напісаць артыкул.

Шчыра прызнаюся, ад часоў “Падземкі”, дзе шчыравалі тады Валянціна Кісялёва і Ганна Чыстасердава, я не бачыў экспазіцыі сучасных беларускіх мастакоў з такой прадуманай, звонкай, як крышталёвая рашотка хімічных элементаў, канцэпцыяй. Валянціна і Ганна ў сваёй новай галерэі “Ў” трошкі супакоіліся, нават агламурыліся, а тут — свежы, а галоўнае, разумны, з інтэлектуальнымі правакацыямі падыход.

Інтэрпрэтацыі — гэта спробы пераасэнсавання мастакамі — нашымі сучаснікамі — класікі сусветнага мастацтва, ад антычнасці да мадэрных плыняў ХХ стагоддзя. Што было мне асабіста цікава:  мастакамі — маімі равеснікамі, пакаленнем 1960-х–1970-х гадоў. Ахвярамі перабудовы, так бы мовіць, асобамі з часам гранічна аголенай шчырасцю інтэлектуальна-пачуццёвай інтэрпрэтацыі тэмы. Але па ўзросце ўжо досыць дасведчанымі.

Імёны выставы: Ігар Кныш, Алесь Пушкін, група “Басталія”, Сяргей Грыневіч, Руслан Вашкевіч, Віктар Копач, Аляксандр Некрашэвіч, Алег Касцючэнка, Канстанцін Селіханаў, Адам Глобус.

Экспазіцыя — суцэльная інтэлектуальная гульня, прычым не на пустым месцы. Возьмем, верагодна, самы “цвіковы” твор экспазіцыі, “Танец Саламеі” (2014) Аляксандра Некрашэвіча. Вы б толькі бачылі, як інтэрпрэтаваны майстрам  гэты вусцішны старазапаветны сюжэт! На сцяне — вялізнае тонда, як накрыўка круглага, хочацца сказаць — ахвярнага — стала. На стале, як у калейдаскопе, мноства разоў паўтораныя галовы прыўкраснай Саламеі і мёртвага Яна Хрысціцеля. Прыгажосць і забойства, ды не толькі — спалучэнне у адным двух эпізодаў падзеі — танца і прынясення ахвярнай галавы… Як выказаўся аўтар у эксплікаці: я паяднаў два моманты ў адно, і нарадзіўся “брэйк-данс” Саламеі.

Вясёлы Алесь Пушкін прадстаўляе “Скрыпку Пушкіна” ў гламурным футарале (здзек) з пафаснай ляпной рамай. У скрыпачкі дзявочыя грудкі на дэке, і роспісы: “Пагоня” над Наваградскім замкам, сігнет-месяц Скарыны, Укрыжаванне, Венера, бусел (“беларускі”). Суцэльная іранічная гульня знакаў-сімвалаў: мужчынскае-жаночае, антычна-паганскае-хрысціянскае, сімвалічна-“беларускае”. 

А побач праект майстэрні “Басталія” для прыватнага катэджа: падвешаныя да столі дошчачкі. На іх — стылізаваны “а ля анцік” групавы партрэт гаспадароў, і дошчачкі-мастацкія эпохі, на якіх абазнаны назіральнік пазнае сюжэты Дзюрэра, Малевіча, Пятрова-Водкіна. Гэтакі рэбус-забава. Падумалася, што хай бы так паболей новых беларускаў укладала свае грошы, паказваючы, што на плячах у іх — галава, а не калькулятар для падліку прыбыткаў ад бізнесу.

Уражаны, я патэлефанаваў куратарцы, каб павіншаваць з удачай і спытацца: чаму выстава месціцца не ў цэнтры горада, а дзесці, як не круці, на ўскрайку? І са здзіўленнем даведаўся, што куратарка — студэнтка трэцяга курса мастацтвазнаўства ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. А за экспанаванне ў цэнтры трэба банальна … плаціць (праўда, не ў галерэі “Ў”, туды Таццяна Маркіна, падобна, пабаялася сунуцца).

Засталося павіншаваць патэнцыйных наведвальнікаў выставы са з’яўленнем новага цікавага экспазіцыянера.

А каб Таццяна не заганарылася, дадаць пра памылкі. Па-першае, выстава беларускіх мастакоў абавязкова павінна афармляцца па-беларуску. Нават пры экспанаванні ў Маскве. Астатнія мовы — па жаданні і неабходнасці. Па-другое, не бывае ідэальных канцэптаў, і тут 10 працэнтаў твораў у агульны шэраг не дапасоўваліся.

Асабліва прыкра — папяровыя ілюстрацыі пары работ Руслана Вашкевіча. Зразумела, ён мастак “культавы”, і адна з яго прац, “Аукцыён” (2013) нават “трымае” сабой, змешчаная ў тарцы залы, палову экспазіцыі. Але папера, ілюстрацыі іншых яго работ — недарэчнасць, вартая хіба школьных музейчыкаў, а не сапраўдных галерэй (сам мастак казаў, што хоча прадставіць свае працы на “розных медыя” — але гэта канцэптуальная памылка, прапушчаная куратарам). Я па маладосці рабіў падобныя недарэчнасці ў Музеі старажытнабеларускай культуры з экспазіцыяй графікі: спішам недагляд на практычную малавопытнасць Таццяны.

У астатнім — віншаванні куратарцы і пажаданне гледачам яшчэ паспець да 10 кастрычніка трапіць у  галерэю. Даезд з цэнтра Мінска трамваямі, што кіруюцца ў Серабранку.