“Год Агінскага ў Залессі” сабраў аматараў старадаўняй музыкі

Чацверты канцэрт фэсту, прысвечанага 250-годдзю з дня нараджэння слыннага музыканта Міхала Клеафаса Агінскага, адбыўся 11 ліпеня ў залесскім палацы-музеі, што на Смаргоншчыне. Падборку твораў з агульнай назвай “Адкуль наш род…” выканаў ансамбль старадаўняй музыкі “Брэвіс”.



У Залессі музыкі выканалі шэдэўры XVI – XVII стагоддзя — паланэз, сярэднявечныя танцы ды іншыя творы М. Агінскага, В. Длугарая, К. Клабана з "Віленскага" і "Полацкага" сшыткаў.

У пакоях палаца выстаўленыя выявы Міхаіла Клеафаса Агінскага і яго родных, а таксама малюнкі маёнткаў роду Агінскіх.

У палацы Агінскага ў Залессі завершаная рэканструкцыя. Зараз адбываецца яго музеіфікацыя. Аднаўленне канцэртнай залі палаца адбывалася пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. На гэтыя мэты выдаткавана каля 300 тысяч еўра.

Пасля канцэрта цікавую экскурсію па парку правёў былы дырэктар Залесскага ансамбля Сяргей Верамейчык.

Мастацкім кіраўніком фэсту з’яўляецца лаўрэат міжнародных конкурсаў, фагатыст і дырыжор, кіраўнік Ансамля “Вытокі” Аляксей Фралоў.

У Сядзібе Міхала Клеафаса на працягу юбілейнага года ў межах фэсту штомесяц, пачынаючы ад красавіка, праводзяцца ўнікальныя канцэрты лепшых беларускіх музыкаў, на якіх гучаць творы Міхала Клеафаса і яго сучаснікаў.


Да канца года ў Залессі ў межах фэсту запланвана яшчэ 5 канцэртаў:

26 жніўня. “Загадкі і скарбы роду Агінскіх” — канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі.

19 верасня. “ДухАгінскіх” — канцэрт Духавога аркестра “CapellaAcademia”, дырыжор Аляксей Фралоў.

10 кастрычніка. “Не толькі паланэзы — новыя адкрыцці” — канцэрт лаўрэата міжнародных кронкурсаў, зоркі Беларускай оперы Іллі Сільчукова і лаўрэата міжнародных конкурсаў, піяніста Аляксандра Музыкантава

21 лістапада. “Гетман-Кларнэт у гасцях у Клеафаса” — канцэрт саліста-кларнетыста Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзяніса Парэчына і лаўрэата міжнародных конкурсаў, піяніста Аляксандра Музыкантава.

12 снежня. “Ля каляднага каміна Клеафаса” — Калядны канцэрт ансамбля салістаў “Вытокі” (Ірына Аўдзеева — фартэпіяна, клавесін, Павел Сурагін — флейта, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў — фагот, мастацкі кіраўнік).