Літаратурна-музычная вечарына “На хвалі рамантызму…”

Вечарына “На хвалі рамантызму” адбылася 30 верасня ў Мінску, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.



karlovic_3_logo.jpg

На вечарыне выступае ансамбль “Вытокі”. Фота Марата Гаравога

На вечарыне была прэзентаваная кніга дактаранткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў Ірыны Шумскай “Мечыслаў Карловіч. Забыты беларускі геній”, што выйшла ў сталічным выдавецтве “Харвест” накладам у 1500 паасобнікаў.

karlov_ch_2_logo.jpg

Ірына Шумская

Гэтае ілюстраванае навукова-папулярнае выданне — з серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”, заснаванай у 2012 годзе навуковым сакратаром грамадскага аб’яднання “Інстытут беларускай гісторыі і культуры”, прафесарам Анатолем Тарасам.  

Сын вядомага лінгвіста, этнографа, фалькларыста і музыказнаўцы Яна Карловіча, бацька польскага сімфанізму Мечыслаў Карловіч (11.12.1876, вёска Вішнева Смаргонскага раёну Гродзенскай вобласці — 08.02.1909, Закапанэ, Польшча) — скрыпач, дырыжор, кампазітар, публіцыст, фатограф і альпініст. Ён быў адным з тых, хто здолеў узнесці традыцыі ўсходнеславянскага меласу на агульнаеўрапейскі ўзровень. Шэраг створаных Мечыславам Карловічам музычных твораў абапіраўся на беларускія народныя мелодыі. Сярод іх — знакамітая сімфонія пад назвай “Літоўская рапсодыя” (1906).

karlov_ch_1_logo.jpg

 

Як распавяла Ірына Шумская, восенню 1906 году, знаходзячыся ў Лейпцыгу на курсе ўдасканалення дырыжорскага майстэрства, Мечыслаў Карловіч ў лісце да сябры Адольфа Хыбіньскага так пісаў пра “Літоўскую рапсодыю”: “Стараўся закласці ў яе суцэльны жаль, смутак і векавую няволю таго люду, песні якога гучалі ў маім дзяцінстве”. “Поўная драматызму і наскрозь лірычная па змесце, “Літоўская рапсодыя” стала своеасаблівай данінай памяці роднаму краю, выдатна ілюструючы ўвасабленне нацыянальнага духу ў музыцы”, — сказала мастацтвазнаўца. Паводле яе слоў, асноўны лейтматыў твору — мелодыя жніўнай песні “Ды пара дамоў” — нібыта малюе традыцыйны беларускі вясковы пейзаж, у якім цягам стагоддзяў мала што змянілася.     

На думку Шумскай, Мечыслаў Карловіч быў адным з выдатнейшых прадстаўнікоў неарамантычнага сімфанізму; кампазітарам-наватарам, які заклаў падмурак для шырокага выкарыстання найноўшых еўрапейскіх тэхнік інструментоўкі; выключна адораным чалавекам, што да канца дзён падтрымліваў шчыльную ментальную сувязь са сваёй Айчынай, для якой ён зрабіў нямала за сваё кароткае жыццё (загінуў у 32-гадовым узросце ад сходу снега ў Татрах пад час вандроўкі ў гарах — М.Г.). “Можна не сумнявацца, што калі б лёс падараваў Карловічу хаця б на сем-дзесяць гадоў больш, яго б узгадвалі сёння на адным узроўні з самымі славутымі кампазітарамі свету — настолькі яскравым і самабытным быў творчы патэнцыял гэтай неардынарнай асобы”, — падкрэсліла Ірына Шумская. На яе меркаванне, даўно надышоў час, каб беларусы належным чынам ушанавалі памяць гэтага вялікага маэстра. 

Пад час вечарыны адбыўся канцэрт ансамбля Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Вытокі” (мастацкі кіраўнік, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў (фагот), Ірына Аўдзеева (фартэпіяна), Сярей Махаў (флейта) і Тамара Рэмез (сапрана). У іх выкананні прагучалі творы Фрэдэрыка Шапэна, Станіслава Манюшкі, братоў Аляксея і Міхала Ельскіх, Яна Тарасевіча, Канстанціна Горскага, Яна і Мечыслава Карловічаў.