Прэзентацыя першых двух тамоў 25-томніка Уладзіміра Караткевіча

19 снежня ў Мінску на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя першых двух тамоў паэзіі 25-томніка Уладзіміра Караткевіча, якія выйшлі накладам у 2 тысячы асобнікаў кожны ў сталічным выдавецтве “Мастацкая літаратура.
 



karatkiev_c_prezientacyja.jpg

Тамы яшчэ не паступалі ў кніжныя крамы і кошт кожнай кнігі будзе складаць каля 60 тыс. рублёў. Наступныя тры тамы з прозай класіка беларускай літаратуры запланавана выдаць у наступным годзе. Збор твораў Караткевіча рыхтуе кафедра беларускай літаратуры і культуры БДУ пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, даследчыка творчасці Караткевіча Анатоля Вераб'я. А ўсё поўнае навукова-каментаванае выданне творчай спадчыны пісьменніка мяркуецца завяршыць да 2020 года, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Караткевіча.

karatkev_ch_prezentacija_verabej.jpg

Анатоль Верабей


Дэкан філфаку БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Роўда выказаў вялікую падзяку дацэнту Анатолю Вераб’ю, дзякуючы ініцыятыве і высілкам каторага і пабачылі свет першыя тамы збору твораў Караткевіча. Роўда звярнуў увагу на тое, што ўпершыню збор твораў беларускага пісьменніка выйшаў пад грыфам “Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таму, што большасць чальцоў рэдкалегіі серыі з’яўляюцца супрацоўнікамі філфаку.  
Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура Віктар Шніп паведаміў, што на збор падпісаліся каля 1 тыс. падпісчыкаў, а таксама выказаў спадзяванне, што іх колькасць будзе ўзрастаць з выданнем кожнага наступнага тому, кожны з каторых, на яго думку, давядзецца выдаваць дадатковым накладам. “Сонца Караткевіча, яго душа, яго творы —  проза, паэзія, драматургія і малюнкі заўсёды будуць з намі, яны будуць нашай візітоўкай у гэтым свеце, бо ёсць Караткевіч — ёсць мы і філалагічны факультэт БДУ, які рыхтуе настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, — сказаў Шніп. Ён назваў збор “своеасаблівым замкам, у якім мы будзем бачыць самога Караткевіча, сваіх продкаў і тую Беларусь, пра якую марыў пісьменнік.  

karatkev_ch_prezentacija_vistava.jpg

Выстава


Сярод твораў паэзіі, што не друкаваліся пры жыцці Караткевіча ці ўвогуле друкуюцца ўпершыню, ўкладальнік серыі Анатоль Верабей назваў “І зашумяць асіны над ракою…, “Энтузіясту, “Слова Міцкевічу, “Зямля дзядоў, “Каханне маё чарнавокае, “Ода Радзіме, “Ліста нямае і паэтычныя прысвячэнні сябрам (I том), “Вуліца касманаўтаў, “Паланэз Агінскага, “Васілю Быкаву, наследаванне Уладзіславу Сыракомлі, калядныя віншаванні выбітным дзеячам беларускай навукі і культуры, а таксама эпіграмы на іх (II том). Пры падрыхтоўцы тамоў удакладняліся даты напісання і крыніцы першых публікацый твораў, выпраўляліся неадкладнасці, рабіўся істотны гісторыка-тэксталагічны каментарый, адзначыў навукоўца. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць усім, хто спрычыніўся да выдання першых тамоў збору Караткевіча, якога Верабей назваў  “рыцарам сумлення і свабоды.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка выказала надзею, што выданне збору дазволіць выявіць “унікальны грандыёзны архіў Караткевіча, які ўсюды, як і сам пісьменнік.

karatkev_ch_prezentacija_studenti.jpg

Студэнты на імпрэзе


У трэці том увойдуць казкі і апавяданні, у чацвёрты і пяты — легенды і аповесці, у шосты — раман "Нельга забыць", у сёмы і восьмы — раман "Каласы пад сярпом тваім", у дзявяты — раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", у дзясяты — раман "Чорны замак Альшанскі". Акрамя таго, запланавана выданне тома драматургіі, дзвюх кніг публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі, двух тамоў эпісталярнай спадчыны, кнігі перакладаў і аўтаперакладаў, тамы малюнкаў пісьменніка, а таксама трох кніг сцэнарыяў і лібрэта. У збор увойдуць дзённікі, запісныя кніжкі, дароўныя надпісы, дапаўненні папярэдніх тамоў збору, летапіс жыцця і творчасці Караткевіча. Тамы публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі будуць дапоўнены кампакт-дыскам з аўдыязапісамі выступленняў пісьменніка.
Пад час прэзентацыя экспанавалася выстава выданняў Караткевіча розных гадоў.