«Евангелле ад Быкава»

Дзесяць гадоў таму — 22 чэрвеня — спачыў у вечнасці Васіль Быкаў, сумленне і гонар Беларусі. З таго дня сплыло шмат вады ў рацэ Лета, але галоўныя пытанні, якія непакоілі Васіля Быкава — грамадзяніна і творцу — засталіся нязменнымі. Увесь чэрвень у эфіры “Радыё Свабода” сябры, чытачы, даследчыкі творчасці Васіля Быкава разважалі пра тое, што са спадчыны народнага пісьменніка найбольш важнае сёння. “Літаратурная Беларусь” падае ніжэй некаторыя з тых прызнанняў. 



1_lb_bykau.jpg

Васіль Быкаў

Генадзь Бураўкін:

«Для мяне Васіль Быкаў па-ранейшаму жывы. Ён часта прыходзіць да мяне, хоць і ў сне, засяроджаны і ўсмешлівы, маўклівы і самотны. Я і сёння раз-пораз азіраюся на яго ў нашым сумятлівым і жорсткім жыцці, і з часам ён не аддаляецца, а наадварот, набліжаецца да мяне, пазбаўляючыся выпадковай бытавой драбязы і ўсё больш набываючы мудрасці і мужнасці, відавочна робячыся ўзорам і настаўнікам.

Што ж галоўнае бачыцца мне ў жыцці і творчасці Быкава? Перш за ўсё — ягоны яркі талент і самаахвярнае служэнне праўдзе. Менавіта гэтыя яго якасці вымушалі ў савецкі час самых высокіх чыноўнікаў аддаваць яму, нязручнаму і не любімаму, афіцыйныя знакі дзяржаўнай увагі. Менавіта яны ў нашы дні прымушаюць яшчэ больш прымітыўных і нахабных палітычных дзялкоў мірыцца з тым, што выходзяць, хай і зусім не часта, ягоныя кнігі, здымаюцца, хай і не ў Мінску, мастацкія фільмы па ягоных аповесцях…

І яшчэ адну істотную рысу характару і паводзінаў Васіля Быкава хачу абавязкова адзначыць: надзвычайную чалавечую годнасць. Ён падкрэслена спакойна і цярпліва прымаў і незаслужаную аглабельную крытыку сваіх твораў, і бляск шчодрых узнагарод, якімі крамлёўскія кіраўнікі ў апошнія гады свайго валадарання нібы спрабавалі адкупіцца перад ім за шматгадовую несправядлівасць і адкрыты пераслед. Ох, як не хапае быкаўскай годнасці многім сённяшнім літаратарам і палітыкам!

І ўжо зусім асабістае. Васіль быў рэдкім па шчырасці і вернасці сябрам. І ў хвіліны радасці, і ў хвіліны адчаю ён ніколі не забываў патэлефанаваць ці напісаць, і спагада і дабрыня ягоныя былі такімі натуральнымі і простымі, што самі сабою супакойвалі душу…

Так што Васіль Быкаў для мяне — жывы, неабходны, абавязковы і для гісторыі роднай Беларусі, і для яе цяперашняга часу, і для будучыні. І трэба часцей успамінаць яго, азірацца на яго, вучыцца ў яго».

Сяргей Законнікаў:

«Васіль Быкаў падкрэсліваў, што лёс кожнай кнігі залежыць ад таго, колькі ў ёй закладзена ад праўды народнага жыцця. Яго творчасць мае выразна беларускія нацыянальныя карані, аблічча, душу, і разам з тым сваёй духоўнай напоўненасцю, маральным максімалізмам і актыўным гуманізмам яна ўліваецца ў плынь агульначалавечай літаратуры і культуры…

Уплыў творчасці Васіля Уладзіміравіча на сучасную літаратуру значны. Галоўным застаюцца ключавыя словы, якія вельмі былі важныя для Васіля Уладзіміравіча, — гэта праўда, ісціна і выбар. Гэта і ёсць знакавыя, галоўныя, ключавыя словы для таго, каб адкрыць творчасць Быкава і зразумець яго як чалавека і як пісьменніка.

Якраз у гады таталітарызму, пра які мы сёння забываем, з аднаго боку, а з другога — упадаем у яго новую эру, і, я б сказаў, эру цынізму і хлусні, Быкаў паказаў праблемы, з якіх складаецца цэлая эпоха...

Для мяне ён са сваёй такой сумнай усмешкай застаецца ідэалам чалавека, які добра ведае цану жыцця і смерці і таму адстойвае гэтае жыццё з усімі яго бедамі, слязьмі, радасцю».

Данута Бічэль:

«Чытаць Быкава было цяжка, але гэта было дзякуючы ягонаму магічнаму стылю. Ён зацягваў чытача сваім залішне спакойным апавяданнем, нагляданнем збоку, што нельга было адарвацца ад тэкста. Прыходзіла нешта новае, створанае ім, і прыходзіў канец нармальнаму жыццю — ні есці, ні піць, ні працаваць, пакуль не прачытаеш. І потым ходзіш у нейкім чадзе, пакуль не вылезеш з гэтага. Сам аўтар як бы заставаўся непрысутным. Было толькі тое, што ён прыпаднёс. А прыпадносіў тое, што сам перажыў, перабачыў, абдумаў, акуратна запакаваў у аб’ём не вялікі і не малы…

Я думаю, што ў быкаўскім палоне пэўны адрэзак часу пабывала нямала людзей. Нейкім чынам ён выхоўваў народ, фармаваў людскія роты і батальёны.

Ён быў у канкрэтным сваім часе, але быў як бы па-за часам, быў па-за нацыяй, але ён быў беларускім…

І, канечне, ён наперадзе. Ён — першы. І хай ён будзе».

Уладзімір Някляеў:

«У спадчыне Васіля Быкава няма, бадай, нічога, што сёння не было б важным для нас, але найбольш важнае ў ёй — сам Васіль Быкаў. Важная не толькі мастацкая моц ягоных твораў, але і ягоная асабістая, чалавечая вартасць. Важная быкаўская беларускасць, якая складаецца з мужнасці, прынцыповасці, непахіснасці, што ўсё разам складае характар, які ні ў чым не супадае з тым вобразам рахманага “бульбаша”, якім малюе беларуса сённяшняя антыбеларуская ўлада, бо менавіта гэтакі беларус патрэбны ёй: на рахманых ваду возяць.

У цяперашняй цынічнай, хамскай, пазбаўленай маралі рэчаіснасці найважныя тыя быкаўскія творы, у якіх паўстае праблема маральнага выбару, а гэта зноў жа — амаль увесь Быкаў. Гэта і ягоны Сотнікаў з аднайменнай аповесці, і Сушчэня з аповесці “У тумане”, які па сумленні жыць болей не мог, а без сумлення — не захацеў. І калі нязломны Сотнікаў у нечым літаратурны, прыдуманы, дык “рахманы” Сушчэня — характар цалкам рэальны. Такі, які ён ёсць у беларуса. Да ўсяго, Сотнікава знішчаюць ворагі, а Сушчэню — праз правакацыю ворагаў — свае. Знішчэнне беларусамі беларусаў, знішчэнне саміх сябе — гэта хіба не найважнае для нас? Гэта хіба не тое, што робіцца й сёння?..

Няхай нясцерпная, але праўда — гэта ўрэшце і ёсьць тое, што было самым важным для Быкава і застаецца самым важным для нас».

Юрась Залоска:

«У нашай культуры сёння запатрабавана самае істотнае, што ёсць у мастацкім свеце Васіля Быкава, тое, на чым гэты свет заснаваны, — гэта метафізіка і псіхалогія чалавечага выбару. Драма выбару, ад якога няма куды ўцячы. Тут Быкаў выступае як пісьменнік-чалавеказнаўца, мастак і псіхолаг гэтай драмы, якой ёсць выбар — выбар маральны, каштоўнасны, чалавечы. Выбар, які звязаны з ахвярай.

Праблематыка выбару і ахвяры яскрава відаць ужо ў першай вядомай нам са школы аповесці Быкава «Жураўліны крык». Далей яна атрымлівае распрацоўку ў працяглай сціжме твораў: «Мёртвым не баліць», «Трэцяя ракета», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца» і іншых... Істотнае і важнае сёння быкаўскае гуманістычнае пасланне беларусам, усім чытачам яго твораў.

Духоўнае ўздзеянне быкаўскіх твораў сёння перакрочвае межы літаратуры і набліжаецца да іншых сфераў духоўнага жыцця: кіно, псіхатэрапіі, рэлігіі...

Гаючая функцыя быкаўскага радка можа быць выкарыстана як духоўны рэсурс нашымі прапаведнікамі. Напрыклад, я асабіста ў гэтым годзе ў Вялікі Пост пабудаваў два казанні ў праваслаўнай царкве на творах Быкава. Першае — на сюжэце рамана «Кар’ер», дзе істотны матыў пакаяння галоўнага героя; другое — на матэрыяле апавядання «Круты бераг ракі», дзе істотны матыў святога чакання і надзеі на сустрэчу.

Згаданая аповесць «Сотнікаў», на маё ўспрыманне, — гэта ўвогуле Евангелле ад Быкава, Евангелле разгорнутае, бо тут ёсць не проста Юда-Рыбак, але Юда, паказаны знутры, вось што важна. І паказана непазбежнасць пятлі для Юды».