«Ладдзя роспачы» — анімаваны кліп гурта Dzieciuki (відэапрэм’ера!)

На Tuzin.fm — прэм’ера кліпа на новую песню гурта Dzieciuki «Ладдзя роспачы», зробленым у стылістыцы South Park. Музыкі лічаць яго сваім першым прафесійным ролікам.

Гэтая песня і кліп створаныя па матывах навэлы «Ладдзя роспачы» славутага беларускага пісьменніка Уладзімера Караткевіча. У гурта Dzieciuki дагэтуль былі ўжо ролікі — на песні «Мужыцкая праўда» і  «Частуханы», але менавіта «Ладдзю роспачы» музыкі лічаць сваім першым прафесійным кліпам. Вакаліст каманды Алесь Дзянісаў кажа, што праца — калектыўная, і складана выдзеліць кагосьці, акрамя Веры Cтомы, якой належыць сама ідэя кліпа і праца над ролікам. Само відэа ўяўляе з сябе кампутарную анімацыю ў стылі перакладкі. Цікава, што ў гэтым стылі зроблены вядомы мультсерыял South Park.

«Мы паспрабавалі паэксперыментаваць з гучаннем, і песня атрымалася не зусім падобная на тое, што мы рабілі раней: нейкая сумесь змрочнага рок-н-ролла з элементамі кантры. Гэта не азначае, што мы будзем рухацца ў гэтым накірунку, але гэта сведчыць яшчэ раз пра тое, што мы будзем эксперыментаваць і надалей», — заўважае Алесь.

Словы песні належаць Дзянісу Жыгаўцу, музыка — гурту. Дзяніс называе Dzieciuki не проста музычным гуртом: «Гэта сваесаблівая арт-суполка людзей, што працуюць у розных накірунках мастацтва з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. Dzieciuki — гэта таксама ўсе тыя, хто падзяляе нашыя жыццёвыя прынцыпы: свабоды, незалежнасці ды патрыятызму. Адным з прыкладаў такіх людзей якраз з'яўляецца нашая сяброўка Вера Стома. Менавіта гэты чалавек стварыў лагатып гурта, а цяпер і гэты кліп».

Асноўную вакальную партыю ў творы «Ладдзя роспачы» выконвае Павал Трублін. Ён кажа, што гурт ужо цяпер працуе над яшчэ адным відэаўвасабленнем сваёй песні — «Сумнае рэгі». «Гэта ўжо будзе не анімацыя, а відэаролік», — кажа Павал. Прэм’ера наступнага відэа ад гурта  Dzieciuki можа адбыцца ўжо гэтым летам.

Дзяніс Жыгавец — словы
Павал Трублін — вакал, мэлёдыка
Аляксей Пудзін — акустычная гітара
Алесь Дзянісаў — банджа, вакал
Алесь Рацько — перкусія
Андрэй Пятко — бас
Віталь Лявонаў — запіс ды майстарынг
Вера Стома — аўтар ідэі, мастачка, анімацыя
Дар’я Сугака — анімацыя
Вялікі дзякуй: Сяргею і Тацяне Стомам, а таксама Уладзімеру Караткевічу!!!

Tuzin.fm