Мая вышыванка: Уладзімір Содаль

Мусіць, самы час распавесці і мне пра сваю вышыванку. Упершыню я апрануў яе ў 1961 годзе, паўстагоддзя таму. Гэта быў падарунак мне на вяселле.  



2a2107d1bcb556a30424faede85797a2.jpg

Уладзімір Содаль і Лілета Юстыновіч. Сяброўская сустрэча ў Вязынцы

Пазней я даведаўся, якой ахвярай дасталася мне тая вышываная кашуля. Мая стрыечная сястра Люся вучылася тады ў Гомельскім універсітэце. З грашыма было скупа, ведама, студэнтка. І яна мусіла здаваць кроў, каб зрабіць мне такі каштоўны і незабыўны дарунак.
Досыць часта я апранаў прыгожую вышыванку, асабліва ўлетку. Яна і напраўду, як казаў Сяргей Панізнік, халадзіць цела. Другое, вышыванка — гэта заўсёды настрой, свята, урачыстасць, вылучае годна цябе з шэрай масы. У вышыванцы — хочаш не хочаш, а цябе прызнаюць за беларуса. Надаралася і такое, калі некаторыя спрабавалі неяк азмрочыць маю святочнасць. Памятаю, як адзін дзеяч, убачыўшы мяне сярод моладзі ў Траецкім прадмесці ў вышыванцы, неяк незычліва і знішчальна выціснуў: «Этнаграфічны беларус!» — і гэтулькі было грэблівасці ў ягоным тоне. Хоць я не забыўся да гэтага часу на той непрыемны эпізод, але ад сваіх вышыванак не адмовіўся. У мяне іх зараз аж тры. Я іх заўсёды апранаю з нагоды самых урачыстых момантаў.
У падараванай мне стрыечнай сястрой вышыванцы браў шлюб мой сын — Марат, у ёй распісваўся ў ЗАГСе і згуляў вяселле. Настальгічны дух вышыванкі з малых гадоў перадаўся і майму ўнучку Сяржуку Чылікіну-Садэльскаму. Шэраг ягоных фотаздымкаў даносіць да нас гэтыя моманты. Пры любой урачыстасці, пры любой святочнай нагодзе ён сам, без усялякай нагадкі кагось са старэйшых, апранае сваю вышыванку. Вось наш трынаццацігадовы Сяржук пры сваіх імянінных свечках. А вось на гэтым здымачку ён у вышываначцы на сустрэчы са студэнтамі Мінскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта ў кабінеце беларускай мовы. Аднойчы Сяржук гэтак распавёў:
«Дарагую вышываначку падаравалі мне бабулька Клара з дзядулем Уладзем. У ёй я ездзіў на Кіпр. Хоць там спякотна і ўсе ходзяць у адных шортах, я не адзін раз апранаў беларускую вышыванку. Няхай ведаюць, што я з Беларусі, што я беларус.
Не адзін раз каля помніку Янку Купалу я ў вышыванцы расказваў свае вершы. Мяне ў ёй намаляваў мастак Алесь Цыркуноў. Часам у ёй я і пішу. У вышыванцы пачуваюся радасным, узнёслым, натхнёным. Шчаслівым. Іншым разам хаджу ў ёй у школу.
Вышыванкі — нацыянальная беларуская вопратка. Даўней кожны беларус меў сваю вышываначку. Яе апраналі на святы. Вышыўка на кашулі — не толькі ўкраса. Гэта яшчэ і абярэг. На грудзях маёй кашулі дзве беечкі з арнаментам. Яны аберагаюць маю душу, даюць натхненне, а воку — асалоду і радасць».
Сяржук пісаў і распавядаў пра сваю вышываначку ў 2002 годзе, што надрукавана ў кніжцы «Святло маёй крынічкі». З тае пары ён пасталеў, стаўся студэнтам. Прынамсі, гэтымі днямі да сваіх ранейшых разваг ён дадаў:
«У любога на свеце народа ёсць адметныя рысы нацыі: гэта чалавечая наша прырода, што дадае нашаму роду грацыі. Калі я апранаю сваю вышыванку, то адчуваю сябе Беларусам. Менавіта так, з вялікай літары. Адчуваецца нейкі гонар за прыналежнасць да нашай нацыі, ёсць таксама адчуванне ўзвышанасці, узнёсласці, нечага светлага, незвычайнага. Калі я ў добрым настроі і ў вышыванцы, хочацца прайсціся па шматлюднай вуліцы, каб лавіць на сабе зацікаўленыя позіркі. Вышываначка — для душы і сэрца наталяначка!»
Паводле расповеду Уладзіміра Содаля і яго ўнука падрыхтавала Таццяна Трубач