Выстава акварэлі Уладзіміра Рынкевіча

17 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава акварэлі Уладзіміра Рынкевіча, прысвечаная 60-годдзю мастака. Экспазіцыя змяшчае больш за 50 акварэляў розных жанраў: тэматычныя кампазіцыі, пейзажы і нацюрморты.  



6.jpg

У асноўным гэта творы апошняга дзесяцігоддзя, у якіх мастак не абмяжоўваецца прамым адлюстраваннем рэчаіснасці. Матэрыяльны свет — толькі першасны аб’ект для роздуму і вобразнага пераасэнсавання аўтара. Вялікая значэнне ў творчым працэсе мастак надае акварэльнаму эфекту, які з'яўляецца вынікам спецыфічных прыёмаў тэхнікі вадзянога жывапісу. Акварэль для яго — самастваральны матэрыял, з вялікім, да канца яшчэ не раскрытым вобразным патэнцыялам. Мастак прапануе гледачам далучыцца да творчага працэсу, абуджаючы вобразную фантазію ў сааўтарстве з ім праз пачуццёвае ўспрыманне гармоніі адвольных колеравых адценняў і форм, дынамікі лінейна-пластычных рухаў, гульні незвычайных фактур.


Уладзімір Рынкевіч — мастак, мастацтвазнаўца і педагог. Больш за 30 гадоў ён актыўна ўдзельнічае ў мастацкім жыцці краіны, дэманструючы свае творы ў шматлікіх персанальных, групавых, рэспубліканскіх і замежных мастацкіх паказах. Ён таксама з'яўляецца аўтарам і каардынатарам шэрагу мастацка-публіцыстычных пленэрных праектаў, прысвечаных беларускім мастакам ХІХ стагоддзя. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — аўтар навуковых, вучэбна-метадычных кніг і артыкулаў па пытаннях гісторыі і сучаснага стану беларускага выяўленчага мастацтва.

rinkev_ch_1.jpg


Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца назваў Рынкевіча “дужа прыкметным у беларускім выяўленчым мастацтве, бо ў тэхніцы акварэлі ён распрацоўвае сваю непаўторную дзялянку. Паводле ягоных слоў, сваёю творчасцю Рынкевіч разбурае ўсталяванае ўяўленне пра акварэль і паказвае, што яна можа быць іншай і рознай. “А якой акварэль будзе пасля гэтай выставы, мы яшчэ не ведаем, таму што мастак далёка не вычарпаў таго, што можна ўзяць з акварэлі. І гэта хораша, і гэтаму варта толькі радавацца. Да таго ж, ён настаўнік, за ім вялікая грамада вучняў. І гэтым сваім педагагічным чынам мастак зарабіў вялікую Божую ласку. Бо толькі пашыраючы свае веды і перадаючы іх наступным пакаленням, мы можам сапраўды апраўдаць сваё зямное прызначэнне.

 

rinkev_ch_2.jpg

Акрамя таго, мастак з’яўляецца вялікім падзвіжнікам у справе вяртання ў айчынную культурную прастору забытых імёнаў нашай слаўнай мінуўшчыны. Дзеля гэтага штогод Рынкевіч арганізуе пленэры і выпускае невялічкія кніжкі, прысвечаныя знакамітым людзям, якіх варта абавязкова памятаць. Такім чынам, Рынкевіч выконвае наш абавязак перад сышоўшымі ў лепшы свет сто і болей гадоў таму і рупіцца, каб у нашу свядомасць увайшлі тыя імёны, якія складаюць славу нашай Бацькаўшчыны. І гэты грамадзянскі і духоўны чын Уладзіміра Рынкевіча павінен быць ушанаваным належным чынам дзяржаваю і грамадствам, — падкрэсліў Сітніца. Разам з тым, ён выказаў спадзяванне, што дзейнасць мастака не засталася без увагі Валадара сусвету, які ўсё бачыць і прыкмячае.

rinkev_ch_5.jpg


Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прызнаны майстар айчыннай акварэлі Генадзь Шутаў распавёў, што знаёмы з Уладзімірам Рынкевічам каля 40 гадоў. Паводле ягоных слоў, з таго часу, як ён рэцэнзаваў дыпломную працу Рынкевіча на мастацка-графічным факультэце  Віцебскага педагагічнага інстытута, мастак стаў “вельмі вядомым акварэлістам. Шутаў назваў экспазіцыю свайго калегі “багатай і цікавай, якая дэманструе раней невядомыя мажлівасці акварэлі.   


Выстава працуе да 28 кастрычніка.