Дзень без беларускага пісьменства

Збіраўся ехаць у Заслаўе на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Але перадумаў, не хачу. Тэлефанавалі сябры з Мінска, пыталіся: ці прыедзеш? Не, не прыеду, не жадаю я такога пісьменства. Адзін дзень у год у Беларусі  Дзень беларускага пісьменства, а 364 дні — без беларускага пісьменства. Таму чаго ехаць?..



yazyk_mova.jpg

За апошнія 20 гадоў у маёй роднай Беларусі практычна знішчана беларускае пісьменства: садкі, школы, ВНУ, выданні, культура, прэса. Сёння ў Беларусі на роднай мове выдаюцца толькі газеты «Культура», «Наша слова», «Новы час», «Краязнаўчая газета», «Наша ніва» і некалькі раёнак. Вось і ўсё.
Як жа так? А «Звязда», «ЛіМ» —таксама ж на беларускай мове… Ды не, яны ўжо выходзяць на сечцы — дзвюхмоўныя. Раённыя газеты, якія перажылі і войны, і рэпрэсіі, і розныя палітычныя катаклізмы, але ніколі не цураліся роднай мовы.
А цяпер? 
Цяпер іх страшна ў рукі браць, бо там ужо немагчыма зразумець: дзе беларуская мова, а дзе іншая. У адным артыкуле рэдактары раёнак умудраюцца рубрыку зрабіць на беларускай мове, тэкст даць на рускай мове, здымкі падпісаць зноў на беларускай ці беларуска-рускай мовах. Вось і думайце чытачы — якая ў нас мова! А калі пачынаеш абурацца, яны кажуць, што ў нас дзвюхмоўе… Але ад гэтага «дзвюмоўя» раёнкі не сталі цікавейшымі, а наадварот згубілі нешта сваё роднае, блізкае і дарагое, найперш — мову. Я пра іх змест нават і не кажу… 

Пра беларускія садкі, класы і школы наогул страшна пісаць. Бо ў Беларусі іх няма, яны амаль поўнасцю адсутнічаюць. Іх болей на Беласточчыне, чым на маёй Бацькаўшчыне. Нядаўна настаўніцы малодшых класаў, дзе яшчэ захаваліся беларускія класы, пры сустрэчы сказалі, што ў іх няма беларускіх падручнікаў, няма па чым дзеткам займайцца, бо падручнікі не надрукавалі. Таму настаўнікі робяць ксеракопіі і раздаюць дзеткам. Нават і не прыгадаю, калі такое ў гісторыі Беларусі было…


Некалі ў райцэнтрах працавалі па некалькі кнігарняў. Кнігарні мелі і вялікія вёскі. А цяпер у многіх раённых цэнтрах Беларусі поўнасцю адсутнічаюць кніжныя крамы. Вы ўяўляеце: горад ёсць, а кніжнай крамы ў ім няма!.. Паўстае пытанне: дзе дзеткам, школьнікам, бацькам купіць беларускамоўную кніжку, пагартаць, пачытаць яе. Дзе купіць беларускую паштоўку, значок, магніцік, вымпел?.. Ды нідзе.

А калі заглянеш у кіёскі «Белсаюздруку», то там прадаецца толькі рускамоўнае. Таму розніцы няма: ці ты ў Оршы, Кобрыне, Пінску, Ваўкавыску жывеш, ці ты жывеш у Чыце, Сургуце, Варкуце. Адны і тыя ж расійскія выданні і сувеніры.


А ў царкоўных праваслаўных крамах на Беларусі проста жах: там не толькі рускія выданні, але і шмат антыбеларускіх брашур, кніг, буклетаў. Завітайце ў Жыровічы, паглядзіце… І такіх падобных прыкладаў кожны з нас на Беларусі можа прывесці безліч. 
Сёння мы ўсе ўважліва сочым, што адбываецца ва Украіне. Перажываем, каб хутчэй там скончылася вайна і не гінулі людзі, не знішчаліся школы, бібліятэкі, музеі, архівы.

Але калі мы, беларусы, зразумеем, што больш сур’ёзная вайна ўжо 20 гадоў ідзе на Беларусі, куды запушчана духоўная нейтронная бомба, каб ушчэнт знішчыць беларусаў, яе гісторыю, мову, культуру, адукацыю. І на вайне гэтай у Беларусі нас перамагаюць, перамагаюць нахабна, смела і адкрыта. Бо мы маўчым, седзячы кожны ў сваім кутку, а потым адзін раз на год выпаўзаем на Дзень беларускага пісьменства.


Выпаўзаем, каб, маўляў, паглядзець колькі ў нас выдаецца кніг, падручнікаў, газет і часопісаў. Але ці пра такі Дзень беларускага пісьменства марыў вялікі Францыск Скарына? Ды не пра такі, вядома ж. Ён марыў, каб беларускае пісьменства на Бацькаўшчыне жыло штодня, жыло заўсёды і ўсюды, жыло ў нашых душах, марах, справах... Але наша роднае слова паўсюду знішчаюць, абражаюць, не пускаюць, выкідваюць… Таму на Дзень без беларускага пісьменства я не паехаў.