«Арт Сядзіба» сабрала «Сапраўдны беларускі канцэрт»

«Арт Сядзіба» разам з партнёрскімі рухамі правяла 26 траўня ў клубе «RE:PUBLIС» «Сапраўдны беларускі канцэрт», каб прадставіць творчасць маладой генерацыі беларускамоўнай плыні айчыннага року.



spiavaje_hurt_ili_ili.jpg

Сапраўдны беларускі канцэрт. Спявае гурт ili-ili. Фота Анатоля Мяльгуя

Перад канцэртам было шмат скептычных меркаванняў наконт таго, ці збяруцца слухачы ў гэты выхадны дзень, ці будзе запоўненая зала клуба? Усе перасцярогі былі дарэмнымі: слухачы дружна завіталі на цікавы канцэрт, арганізатары якога абяцалі шмат пазітыву, новай музыкі і драйву.

Музычная частка «Сапраўднага беларускага канцэрта» распачалася прэм’ерай міні-альбома гурта «Green Pills» «Шызафрэнія». Гэты малады калектыў і іх хіты ўжо дастаткова вядомыя сярод слухачоў, сведчаннем чаго стала бурная іх рэакцыя на музычныя творы з новага аднаймённага альбому, які быў прадстаўлены выдаўцамі ў дзень канцэрта. Многія з тых, хто апладзіраваў такім песням «Green Pills», як «К.С.», «Што будзе заўтра», «Падарожжа ў вясну» адзначылі, што маладыя музыканты больш схільныя да альтэрнатыўнай музыкі і яскрава сацыяльных тэкстаў, да эмацыянальнай падачы сваіх музычных твораў.

gurt_green_pills.jpg

Гурт «Green Pills». Фота Анатоля Мяльгуя

 

Своеасаблівым адкрыццём гэтага канцэрта стала прэзентацыя кліпа «Шызафрэнія», які толькі што з’явіўся для прагляду ў інтэрнэце. Гэты відэа-твор стаў рэальнасцю дзякуючы супрацоўнікам студыі «КАПКАНFilm». Новы кліп ад гурта «Green Pills» уразіў гледачоў экспрэсіяй, наватарствам у перадачы чалавечых эмоцый і якасцю запісу кампазіцыі, якая гучала не праста фірмова, але была стоадсоткавай ілюстрацыяй відэашэрагу.

Другім удзельнікам «Сапраўднага беларускага канцэрта» стаў гурт «ili-ili», некаторыя ўдзельнікі якога працуюць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Дык вось, гэтым разам музыкі-акторы прадставілі сваю першую беларускамоўную праграму, якую яны стварылі падчас гастрольных вандровак у Францыю. Менавіта там, далёка ад Радзімы, у іх з’явілася сапраўдная патрэба ў спевах на роднай мове, якую яны ўвасобілі ў некалькі кампазіцыях, што прагучалі на гэтым канцэрце.

gurt_ili_ili.jpg

Гурт «ili-ili». Фота Анатоля Мяльгуя

 

У сваіх песнях, аранжыроўках да іх музыканты «ili-ili» ідуць ад рок-н-рола ў бок і панка, выкарыстоўваючы яшчэ шмат стылістычных адгалінаванняў. Атрымліваецца даволі цікавы сплаў гітарнага гуку, лірычных, а часам і кабарэтных мелодый, а таксама шчырага шматгалоснага спеву, які захапляў слухачоў так, што тыя былі рады падпяваць артыстам.

Так было, калі гучалі такія песні, як «Будзе як будзе», «Караблі», «V.V.», на які, дарэчы, быў прадстаўлены відэа-кліп. Гэтая праца ўжо мае ратацыю на тэлебачанні. А вось іх новы кліп на песню «Танчыць» стаў яшчэ адным прыемным сюрпрызам ад выканаўцаў і арганізатараў гэтага канцэрта. Гэтая музычная стужка была створана на студыі «Ideas» і стала пераможцам конкурсу віда-кліпаў «КЛІПзаМОВА», які праводзіўся «Арт Сядзібай» і  відэастудыяй «Ideas». У ёй можна адзначыць цікавы сцэнар і ўдзел у здымках вядомых беларускіх акцёраў. Напрыклад, заслужанай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік і іншых актораў-купалаўцаў. Трэба адзначыць, што і кліп, і жывое выкананне гэтай кампазіцыі надалі такога імпэту слухачам, што тыя доўга не пускалі музыкантаў са сцэны і скандзіравалі «Яшчэ!»

amaroka_prezentue_stvoj_novi_al_bom.jpg

Гурт «AMAROKA» прэзентуе свой новы альбом. Фота Анатоля Мяльгуя

 

Гурт «AMAROKA», які завяршаў «Сапраўдны беларускі канцэрт», быў мне вядомы па іх дэбютніку «PULS» выступленню гурта на «Амбасовішчы-2011». Тады гэты малады, перспектыўны гурт даваў больш надзей на будучыню, чым уражваў. Але прайшоў час і надзеі спраўдзіліся. Можна смела канстатаваць: гурт «AMAROKA» пераўтварыўся ў моцны канцэртны калектыў аднадумцаў, якія гатовыя да штурму вялікіх канцэртных пляцовак. Галоўная дзеючая асоба гурта — вакаліст і гітарыст Зміцер Афанасенка смела бярэ на сябе ролю фронтмэна, дырыжыруе не толькі ў музычным плане, але і ўсім шоў, якое адбываецца на сцэне.

Гэтым разам музыкі «AMAROKA» прэзентавалі ў «RE:PUBLIС» свой апошні альбом «PASTKA». Камапазіцыі з яго «Штучны свет», «Панк-рок назаўжды!», «Аўтамат» відавочна ўжо добра знаёмы слухачам з інтэртнэту. Таму яны прыязна сустракалі новую працу маладых, але ужо вопытных музыкаў. І музыка гурта, і спевы Змітра надалі столькі імпэту слухачам, што многія з іх выйшлі на сцэну і разам з гуртом «AMAROKA» заспявалі фінальную кампазіцыію канцэрта.

sal_st_gurta_amaroka_zm_afanasenka.jpg

Гурт «AMAROKA». Фота Анатоля Мяльгуя

Карціна гэтай музычнай падзеі — «Сапраўднага беларускага канцэрта» не была б поўнай, калі б арганізатары яго разам з праектам дабрачынных аўкцыёнаў «MаеСэнс» на ім не абвясцілі супольную дабрачынную акцыю па збору сродкаў на будаўніцтва новага дзіцячага хоспісу. Музыканты і слухачы актыўна набывалі значкі суполкі «МаеСэнс», ахвяруючы сродкі на гэтую высакародную справу.