Падарунак балерынам: «мы танчым у офісе»

У Мінску пасля трохгадовай рэканструкцыі адчыніўся ўсімі любімы Оперны — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Цяпер сталіца мае шыкоўную, цалкам мадэрнізаваную сцэну, прыдатную для тых урачыстых спектакляў, канцэртаў і мерапрыемстваў, якія па тэхнічных прычынах немагчыма праводзіць у Нацыянальнай бібліятэцы.



6c524f9d5d7027454a783c841250ba71.jpg

У Мінску пасля трохгадовай рэканструкцыі адчыніўся ўсімі любімы Оперны — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Цяпер сталіца мае шыкоўную, цалкам мадэрнізаваную сцэну, прыдатную для тых урачыстых спектакляў, канцэртаў і мерапрыемстваў, якія па тэхнічных прычынах немагчыма праводзіць у Нацыянальнай бібліятэцы.
Кожная дзяўчына, якая з пялюшак марыла танчыць, як Мая Плісецкая, ведае, якое гэта страшнае слова — «неперспектыўная». Высокія і стройныя дамы абмяраюць табе кісці рук і ног, спраўджваюць, ці гнуткія ў цябе костачкі, прыкідваюць, ці вырасцеш ты да 18 гадоў на 170 сантыметраў, а потым выносяць вердыкт — браць ці не. Мяне адбракавалі, яшчэ калі мне было 6 гадоў. Тэатр оперы і балета быў такім чынам даступны мне толькі са свайго параднага пад’езду, па квітках ці запрашальніках. Не, я ніколі не зайздросціла «перспектыўным» равесніцам — наадварот, заўжды шчыра захаплялася іх працалюбствам, упартасцю і майстэрствам.
Вось і 10 сакавіка я, з цяжкасцю прыдбаўшы так званы «сацыяльны квіток» за 8 тысяч (так цяпер у Оперным называюцца былыя «ўваходныя»), радасна паспяшалася да адноўленага будынку Іосіфа Лангбарда, праз поўны навюткіх скульптураў нарэшце добраўпарадкаваны тэатральны сквер, да праекту якога, зрэшты, выбітны архітэктар не меў ніякага дачынення.
…Парадныя дзверы бастыёну мастацтва на Траецкай гары шырока распахнуліся перада мной. Амаль 70 год таму, 10 мая 1939 года, з прэм’еры оперы «Міхась Падгорны» (кампазітар Яўген Цікоцкі, аўтар лібрэта Пятрусь Броўка) пачалася служба гэтага будынка беларускаму савецкаму народу. Сучасны варыянт будынка Аляксандр Лукашэнка адкрываў 8 сакавіка — як падарунак усім жанчынам. І як «яшчэ адзін сімвал суверэнітэту і незалежнасці Беларусі» (БелТА). Пераадолеўшы бліскучае фае, я ўступіла ў Царства Прыўкраснага.

Больш за ўсё я баялася, што ўнутры новага залу ўсё будзе фіялетавае — яшчэ свежай была траўма ад першага паходу ў адноўленую Дзяржфілармонію. Але пранесла. Як і раней, дамінаваў мой любімы чырвоны колер. Увогуле, на першы погляд, новая тэрыторыя гледача мінскага Опернага выглядае дбайна паўторанай і падфарбаванай старой. Гэта няблага. Але ж усё адно яшчэ да пачатку канцэрта мяне агарнуў лёгкі сум. У маім дзяцінстве гэта быў цэлы рытуал — нават калі нашы месцы ў партэры, забегчы ў антракце на паверх вышэй і памацаць вялізныя мастацкія габелены, што віселі ў пралётах. Цікава, куды іх падзелі?
Будні папарацы
Трэба сказаць, яшчэ да ўрачыстага адкрыцця ў мяне было некалькі спробаў пагаварыць з будаўнікамі Опернага тэатра. У рэдакцыю паступалі сігналы: усе інавацыі тычацца толькі знешняга боку — працоўныя ўмовы калектыву і яго сацыяльная ўладкаванасць па-ранейшаму застаюцца па-за ўвагай. Але чыноўнікі, якія наўпрост адказвалі за рэканструкцыю, адмаўляліся сустрэцца для інтэрв’ю, спасылаючыся на скрайнюю занятасць. Што ж, калі журналіста не запрашаюць у кабінет, ён ідзе ў курылку. Людзі, у працы якіх важную ролю мае дыханне, курыць не павінны. Да таго ж, увесь новы гмах — у пажарных апавяшчальніках. Тым не менш, у спадзеве на нефармальнасць, напружыўшы ўсю сваю выдумку, пасля канцэрту я пралезла за кулісы.



Але тут мяне чакаў той жа аблом. Артысты балету абодвух палоў на ўсе роспыты хуценька прамаўлялі, што ў новым будынку ім усё падабаецца, і кудысьці знікалі, а спевакі оперы, пабачыўшы дыктафон, ператвараліся ў акцёраў пантамімы. Усе мае спробы сабраць матэрыял традыцыйнымі спосабамі разбіваліся аб карпаратыўную этыку і натуральную ў нашым грамадстве паняверку.
Тэатр імкліва разыходзіўся пасля спектаклю — а нідзе нічога. У кепскім настроі і поўнай самоце я выпаўзла ў цемру мінскага вечару, на ганак.
І тут я заўважыла іх. Удалечыні ад маршрутаў простых смяротных, ля службовага ўваходу дызайнеры скверу змясцілі скульптуру балерынаў на рэпетыцыі. Дзяўчаты сядзелі на лаўцы. Адна разміналася перад танцам, другая працягнула натружаныя ножанькі, скінуўшы пуанты. Я адчула, што таксама вельмі стамілася, і асцярожна прысуседзіла свае шырокія косці на іх лавачцы. Раптам мне падалося, што адна з іх цяжка ўздыхнула.
Я размаўляю са статуямі
Я загаварыла першай: «Ага, і ў мяне быў цяжкі дзень. Уяўляеце, ваша архітэктарка не хоча даваць мне інтэрв’ю. Я думаю, баіцца, што запытаюся, навошта музы і Апалон на франтоне. Яны ўсе баяцца, што мы будзем пытацца, навошта Апалон і музы. Паводле адных, Іосіф Лангбард спаў і бачыў музаў на франтоне, але бальшавікі яму не далі, а іншыя кажуць: з музамі ці не — ён увогуле выракся праекту, маўляў, гэта было самае жахлівае, што ён праектаваў у сваім жыцці. Так што вельмі няясна з гэтымі скульптурамі». — «Даруйце, а што такога кепскага ў скульптурах?» — пачуўся тоненькі пакрыўджаны галасок з аднаго боку. «А чаго вы хочаце ад чалавека, які ўсё жыццё будаваў скрынкі, — і раптам узяўся за Тэатр?» — кпліва прагучала з іншага.


Гутарка са скульптурамі балерынаў, як і з прывідамі бібліятэкарак Нацыяналкі, выявіла агульныя падыходы да кшталтавання «сімволікі беларускіх суверэнітэту і незалежнасці». Пра тое, што месца пад кніжныя фонды катастрафічна бракуе і трэба будаваць новую «Ленінку», усім было ясна ўжо ў 1980-х — зямлю пад новабуд у раёне станцыі метро «Усход» гарадскія ўлады адвялі яшчэ тады. І толькі ў 2000-х бібліятэку пачалі будаваць. Больш-менш кожны ў краіне ведае, як гэта выглядала і чым скончылася.
Нягледзячы на тэхнічную розніцу паміж сітуацыямі, з Оперным усё выглядала прыкладна гэтаксама, як з Нацыяналкай. «Усім зразумела, што рэканструкцыя была жыццёва неабходнай, — расказвае стомленая балерына. На выгляд ёй 26–27 год, яна прадставілася Адзіліяй. — 30 год у тэатры не было рамонту. Да закрыцця ўсё, што магло, у простым сэнсе перагніла. У падвале мокра, механізмы сцэны ледзь трываюць, праводка іскрыцца... Без перабольшанняў: было страшна прыходзіць штодня на працу». «А аднойчы сказалі, што ў падвале разлілася ртуць! Я так спужалася!» — далучаецца другая балерына. Ёй крыху больш за 20, як толькі яна ўладкавалася ў трупу, балет пераехаў у Палац Рэспублікі: «На такой вялізнай сцэне нават ад кулісы да цэнтру дабегчы не паспяваеш — як ужо ўступаць. Так што цяпер людзі пачуваюцца больш упэўнена: усё-ткі вярнуліся ў родны дом»…
Слова за слова, дзяўчаты пачалі прызнавацца мне, што ў новым доме яны задаволеныя далёка не ўсім. Бо ў іх проста не запыталіся, якім яны хочуць яго бачыць.
Мітусня вакол канапы
Як і любы тэатр свету, Оперны поўніцца звадамі, змовамі і сакрэтамі. Сыход Валянціна Елізар’ева з пасады генеральнага дырэктара тэатра, нягледзячы на заступніцтва трупы, — гэта толькі той з тэатральных скандалаў, які прасачыўся ў прэсу. Інтрыгі Мінскай оперы можна было б назваць падкілімнымі, але ж не выпадае: пасля рэканструкцыі ў будынку проста няма кілімаў! Так, кілім — гэта нямодна. Падабраць кілім пад інтэр’ер няпроста, бо найперш густ на кілімы выдасць у вас савецкага чалавека. Але, як ні круці, кілім — гэта найперш функцыянальна. «Пасля рэканструкцыі калідоры-падыходы да сцэны маюць мармуровую падлогу. Мармур вельмі слізкі нават для ботаў, што тут казаць пра пуанты! — скардзіцца юная Жызэль. — Каб пераапрануцца паміж выхадамі, нам зазвычай трэба вельмі хутка лётаць па гэтым мармуры. У мяне цяпер фобія: баюся зваліцца і пашкодзіць нагу ў разгар спектаклю».



«Але самая галоўная праблема — канапы!» — дадае стомленая Адзілія. — «Канапы?!!» — не разумею я. — Спіны маіх суразмоўніц, седзячых на лаўцы, прамыя, як стрункі. — «Так, канапы, — працягвае Адзілія. — У старых грымёрках стаялі канапы і фатэлі. Нам патрэбны вялікі пакой для рэлаксацыі! У перапынках паміж выхадамі важна было пагрузіцца ў мяккае сядзенне ўсім целам і даць яму адпачыць. Бо танец, а асабліва танец, пастаўлены Валянцінам Мікалаевічам, — гэта вялікая нагрузка. А мы не жалезныя!»
Тут яна мае рацыю. Метал, з якога адліў дзяўчат скульптар, яўна нейкі іншы. «Елізар’еў — выбітны харэограф. Яго адметнасць — складаная тэхніка танцу. Вось «Шчаўкунок», напрыклад, — гэта ж проста шэдэўр! Нас віталі на гастролях ва ўсім свеце!» — умешваецца ў размову старэйшых юная Жызэль. У яе шырока расхлопнутых вачах чытаецца бязмежнае захапленне мэтрам: «Балерына можа танчыць у любой кропцы свету. Толькі дзеля яго я засталася ў Беларусі, у Оперным! Што будзе цяпер — не ведаю…»
«Але дадаць мэблю, кілімы — лёгка. Чаму ж вы не папросіце?» — здзіўляюся я. «У нас пыталіся, што трэба, і мы пералічылі. Але рэакцыі пакуль ніякай!» — адказваюць дзяўчаты.
 Самае цікавае, што ў фае, на тэрыторыі гледача, усё ў абноўленым тэатры застаўлена зручнымі скуранымі канапамі. Глядач яўна стамляецца сядзець і глядзець на сцэну — у антракце яму неабходна выйсці, пасядзець-адпачыць у мяккім фатэлі.
Пакаціліся
Самыя знакамітыя оперныя і балетныя сцэны старой Еўропы маюць вугал нахілу — так званы пакат. Пры адначасовай «лесвічнай» пабудове партэру гэта значна паляпшае від спектакля з перспектывы гледача. У сучасных па канструкцыі тэатрах, напрыклад, амерыканскіх, такога не сустрэнеш. Не было такога і ў будынку Лангбарда да рэканструкцыі 2006–2009 гадоў. У абноўленым праекце модную дэталь не забыліся ўлічыць. Эфект не прымусіў сябе чакаць — агляд сцэны і сапраўды стаў выдатным. Але ў размове з маімі балерынамі выявілася: не ўсё так гладка з гэтым пакатам.

Прафесіяналы мяркуюць, што пераход балета з плоскай сцэны на пакатную — аўтаматычнае зніжэнне якасці танца. Балерыны ж у адзін голас заяўляюць: мучэнне. Каб артыст балету арганічна танчыў на такой сцэне, трэба прывучаць яго з дзяцінства. Да таго ж, па адчуванні дзяўчат, у Мінску крыху перашчыравалі з вуглом нахілу. Беларускія рэканструктары арыентаваліся на маскоўскі «Большой» і піцерскі Марыінскі тэатры, дзе структуру сцэны не мянялі яшчэ з «да рэвалюцыі».
Але ж 8 сакавіка, расказваюць балерыны, на прэзідэнцкім канцэрце танчылі салісты Марыінкі, якія заявілі: наш пакат менш пакацісты! «Адпаведны пакат у нас зрабілі і ў рэпетыцыйнай зале», — па сакрэце паведамляе Жызэль, — Але пакуль не прызвычаіліся. Скотваемся». «У свеце праходзіць мода на сцэну з пакатам. І толькі да нашага калгасу яна нарэшце дакацілася!» — сарказуе Адзілія.
Тэатр без тэатру
І гэта быў не крэс праблемаў. Сярод недахопаў сваёй нялёгкай працы мае суразмоўніцы з невядомага сплаву таксама пералічылі:
— У тэатры няма трэнажорнай залі і сауны, басейна. У Вільні, напрыклад, пасля рэканструкцыі будынку артысты балета маюць усё гэта проста ў тэатры, бясплатна тройчы на тыдзень. Бо цела — асноўны працоўны інструмент артыста, і пра яго трэба клапаціцца.
— У тэатры маленькія грымёркі — па 6–14 чалавек у пакоі. Няма куды вешаць рэчы, куды складаць касцюмы падчас спектакля.
— У тэатры не прадугледжаны дзіцячы пакой для сямейных артыстаў. Часта няма дзе пакінуць дзяцей увечары, а на працы яны круцяцца пад нагамі.
— У тэатры бракуе медперсаналу. Адзін масажыст абслугоўвае 80 чалавек — гэтага недастаткова. Доктар-траўматолаг працуе на палову стаўкі, ніхто з медыкаў не дзяжурыць побач з артыстамі падчас спектакляў.
 «Гэта і ёсць нармальныя еўрапейскія тэхналогіі, а не пакатная сцэна!» — бушавала юная Жызэль. Кепскія ўмовы працы, памножаныя на нізкія заробкі, прымушаюць беларускіх артыстаў «галасаваць нагамі» — выязджаць у працоўную эміграцыю, балазе ўзровень падрыхтоўкі ў беларускім балеце вельмі высокі. Трэба прагназаваць, са звальненнем з Опернага сужэнства Елізар’евых, напружанне ў калектыве будзе адно нарастаць. Тэатр, які, нагадаем, — гэта найперш трупа і яе кіраўнікі, вось-вось разваліцца. І новы, з іголачкі, будынак — маленькае суцяшэнне.



«Як табе ўвогуле — Оперны «да» і Оперны «пасля»? — пытаюся я ў стомленай Адзіліі. «Мне здаецца, у нашым тэатры не засталося тэатру. Такога адмысловага духу, які вы ні з чым не пераблытаеце. Гэта, відаць, непазбежна пры такіх працэсах — але з нашага будынку вымелі гісторыю. Ты бачыла нашы ліфты? Раскоша! Залачоныя дзверы, усё блішчыць… Магчыма, гэта ўражвае чалавека з вуліцы, але ж я памятаю наш стары ліфт. Гэта быў вялізны цэнтральны ліфт старой мадэлі — такія яшчэ засталіся ў сталінскіх дамах. Ён быў душой тэатра, прынамсі, для нас — трупы. Так, цяпер у нас усё чыста, няма рызыкі загінуць ад абвалу канструкцый, і мы нават можам прыняць душ пасля працы — але чамусьці не пакідае адчуванне, што мы танчым у офісе».
Пасядзеўшы яшчэ крыху і для прыліку паспачуваўшы, я падзякавала балерынам за гутарку і пайшла. Што я магла ім яшчэ сказаць на ўсе іх скаргі? Як абнадзеіць? Калі ані наўпрост, ані праз прэсу дыялог артыстаў і чыноўнікаў не ўяўляецца магчымым? Няхай Жызэль і Адзілія прызвычайваюцца. На фронце было цяжэй. Гэта, урэшце, іх праца. Іх жа… не адбракавалі!
P.S.: Опера і балет яшчэ не вярнуліся ў стары будынак канчаткова. Усім ахвочым наведаць будынак Тэатра оперы і балету пасля рэканструкцыі варта звяртаць увагу на месца спектакляў — яно дадаткова пазначана ў рэпертуары. Для інфармацыі: удзень у Оперным буфет пад назвай «Аллегро», куды можна трапіць праз адзін з задніх пад’ездаў тэатра, працуе як для супрацоўнікаў тэатра, так і для старонніх едакоў.