Першы ў Беларусі пітчынг кінапраектаў адбудзецца 14 жніўня

Калі вы любіце кінамастацтва і не разумееце, чаму ў Беларусі так мала годных фільмаў, але яшчэ спадзеяцеся на новую хвалю ў беларускім кіно, то варта наведаць першы ў Беларусі сапраўдны прафесійны "пітчынг". Адбудзецца імпрэза ў залі гатэля "Вікторыя-Алімп" 14 жніўня. 



kinapitchyng_14_zhniunia.jpg

Вы дазнаецеся, якія фестывальныя фільмы збіраюцца зняць да канца гэтага года маладыя каманды будучых вядомых кінематаграфістаў Беларусі.

Лепшыя маладыя рэжысёры, якія прайшлі адбор праектам KINOSPRINT, прадставяць свае ідэі, падбор акцёраў, планы будучых фільмаў.

Наталля Юшкевіч, спецыяліст па камунікацыях (pr-спецыяліст) у Майстэрні сацыяльнага кіно, выступіла ініцыятарам праекту падтрымкі маладых кіношнікаў KINOSPRINT і арганізавала непасрэдна звязаны з ім пітчынг:

Майстэрня сацыяльнага кіно сама складаецца з маладых кінематаграфістаў, але прыцягвае для здымак сваіх сацыяльных ролікаў для ТБ і інтэрнэту прафесіяналаў высокага ўзроўню. Зрабілі ўжо серыю сацыяльных рэклам пра культуру чалавека ў адносінах з іншымі, культуру экалогіі, культуру роднай мовы — хутка з'явіцца на тэлебачанні. Zix' Рэклама на тэму гвалту у cям'і, супраць гандлю людзьмі — і іншыя сацыяльна карысныя тэмы.

Некалькі месяцаў таму майстэрня звярнулася да буйных кінакампаніяў краіны з прапановай стварыць праект, які можа хутка ўзгадаваць прафесіяналаў сярод маладых, і такім чынам узмацніць наш рынак кіно. У KINOSPRINT удзельнікі знаёміліся з сур'ёзным падыходам, сутыкаліся са сціснутымі тэрмінамі, атрымлівалі ад экспертаў рэкамендацыі па сваёй працы і прафесійныя алгарытмы. Цяпер паглядзім вынік!”

Па просьбе Новага Часу, Наталля Юшкевіч тэзісна вылучыла асноўныя цікавосткі і пытанні, на якія адкажа пітчынг 14 жніўня:

Пітчынг 14 жніўня адкажа на пытанні:

-   Ці можа быць кіно на тэму экалогіі цікавым?

-   Ці дастаткова матэрыяльнай падтрымкі і парадаў прафесіяналаў, каб маладыя кінематаграфісты зрабілі сапраўды якаснае кіно?

-   Наколькі каманды гатовыя да здымкаў? Якія вядомыя прафесійных акцёры прынялі прапанову здымацца ў маладым кіно?

-   Што атрымаецца, калі зняць драму аб экалогіі ў форме камедыйнай прыпавесці?

-   Якія беларускія фільмы нас чакаюць у канцы года ў кінатэатры, і якіх фільмаў ад Беларусі будуць чакаць на прэстыжных кінафестывалях усяго свету на працягу 2016?

Пітчынг — празрысты інструмент размеркавання рэсурсаў на кіно ва ўсім свеце.

Выступоўцамі першага пітчынг стануць 6 маладых каманд, фіналістаў KINOSPRINT. Фільмы KINOSPRINT аб'яднаны сацыяльна важнай тэмай «экалогія» і прадставяць Беларусь на прэстыжных кінафестывалях ў 2016 годзе.

У сваю чаргу адзначым, што ў склад журы конкурсу ўвайшлі:

• Канстанцін Варабей, старшыня аргкамітэта KINOSPRINT,

намеснік дырэктара Майстэрні Сацыяльнага Кіно.

• Юрый Ігруша, генеральны прадзюсер Belarusian Film Group.

• Сяргей Якубоўскі, дырэктар найбуйнейшай rental-кампаніі FIRST RENTAL.

• Андрэй Палупанаў, дырэктар кінашколы-студыі Андрэя Палупанава, рэжысёр.

• Аляксандр Левенчук, генеральны прадзюсер New wave production.

• Аляксандр Алейнікаў, аператар-пастаноўшчык.

• Анора Лангар — спецыяліст па сувязях з грамадскасцю таварыства «Зялёная сетка», каардынатар фестывалю CPM.

• Андрэй Курэйчык — сцэнарыст.

• Андрэй Ліпаў — дырэктар кампаніі Filmwagen.

Праекты, што сталіся найлепшымі:

• Каманда «BK-film»

фільм «Гаспадар» (драма)

• Каманда «Fifteen»

фільм «Лічыльнік шчасця» (драма)

• Каманда «Zebra movie»

фільм «Эстафета» (роўд-муві, камедыя, драма)

• Каманда «Цукеркі-бараначкі»

фільм «Шведскі стол» (камедыйная прыпавесць)

• Каманда «Пірат студыа»

фільм «Двадцатьшестнадцать» (прыпавесць, трагічная камедыя)

• Каманда «Сіла»

фільм #Zveno (камедыя)

Кінакампаніі пагадзіліся падтрымаць усіх, але ў якім памеры і якія фільмы палічаць найбольш моцнымі? Вы можаце паўплываць на меркаванне экспертаў, пакінуўшы свой голас гледача, завітаўшы на пітчынг!

Калі: 14 жніўня, 18:00 – 19:30

Дзе: Мінск, пр-т Пераможцаў, 103, 1 паверх, Кангрэс-зала Барселона (гатэль "Вікторыя-Алімп")

Як: 17:30 – 17:50 Брыфінг для журналістаў і блогераў: кінакампаніі раскажуць, як і ў якім памеры збіраюцца аказаць матэрыяльную дапамогу маладым кінематаграфістам.

18:00 – 19:30 Абарона праектаў. На прадстаўленне кожнага кінапраета вылучаецца 15 хвілін.

Уваход вольны!

- - - - - - - - - - -

* Штогадовы конкурс «KINOSPRINT» — гэта магчымасць для рэжысёраў-практыкаў, аператараў, сцэнарыстаў, прадусараў знайсці адзін аднаго і злучыць намаганні ў стварэнні сапраўднага сацыяльнага кароткаметражнага фільма на зададзеную тэму пад пільным вокам экспертаў;  гэта спаборніцтва ва ўменні здымаць якаснае кароткаметражнае кіно для жадаючых гаварыць з беларусамі на сацыяльна важныя тэмы мовай мастацтва. Конкурс мае ўнікальную для Беларусі форму падтрымкі маладых кінематаграфістаў. Цяпер маладое кіно зможа спаборнічаць за магчымасць кансультавання у прафесіяналаў, за бясплатнае абсталяванне, аўтамабілі і рэквізіт. І ўсё гэта будзе праходзіць па ўсіх законах кінарынку: з канкурэнцыяй, пітчынг і абаронай праектаў перад журы.

Акрамя таго, праекты, якія прайшлі ў фінал, атрымаюць магчымасць атрымліваць індывідуальныя кансультацыі ад экспертаў, а таксама пройдуць навучанне на базе сучасных камерцыйных кампаній. Тэма першага конкурсу — экалогія і ахова навакольнага асяроддзя.

Арганізатар конкурса — Майстэрня сацыяльнага кіно, праект рэалізуецца ў супрацы з таварыствам “Зялёная сетка”  пры падтрымцы Беларускага Саюза кінематаграфістаў.