Польскі «Гары Потэр» па-беларуску

У Мінску ў межах фестывалю Януша Корчака прэзентавалі гісторыі Мацюся-караля і Кайтуся-чарадзея.



2tom.jpg

Адразу тры кнігі Януша Корчака з’явіліся сёлета ў выдавецтве «Логвінаў». Дзве з іх — знакамітая дылогія «Кароль Мацюсь Першы» і «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве», якая ўпершыню выйшла ў 1923 годзе і была перакладзеная на 20 моваў свету. Кнігі сталі перавыданнем даўніх перакладаў Ядвігі Бяганскай і Уладзіміра Васілевіча. Трэцяя кніга — «Кайтусь-чарадзей» (1935) была ўпершыню пераствораная па-беларуску Марынай Шодай. Кнігі ілюстраваныя дасціпнымі малюнкамі Настассі Атраховіч.

Нармальныя дзіцячыя мары

Кім вы марылі стаць у дзяцінстве? Я — настаўніцай. Але ў дзяцей варта пытацца не толькі «кім», але і «чаму». Я марыла стаць настаўніцай, каб мець права крэмзаць чырвонай асадкай у сшытках іншых дзетак. Мой сусед па парце, вядома, хацеў стаць лётчыкам. «Або кранаўшчыком», — дадаваў ён, падумаўшы. Яму карцела глядзець на людзей з неба.

Пераважная большасць аднакласнікаў марыла быць прадаўцом у кафетэрыі нашага ўніверсаму. Мы былі перакананыя, што гэта самая салодкая пасада, якая дазваляе есці марозіва і цукерак колькі захочацца.

Вось жа, калі мы былі маленькімі, нас прыцягвалі тры рэчы: улада, звышсіла, усёдазволенасць.

Дэмакратыя ў карцінках

3tom.jpg

Доктар Януш Корчак не толькі не лічыў, што варта караць дзяцей за звышамбіцыі. Ён увасобіў гэтую волю да ўлады ў вобразе — не, не прынца — а маленькага караля Мацюся Першага, каб паказаць: хацець быць каралём у дзяцінстве — гэта нармальна. І таксама ненавязліва намякнуць, што вялікая ўлада — гэта вялікая адказнасць. Калі хочаце — «Кароль Мацюсь Першы» — падручнік па дэмакратыі для самых маленькіх.

Ролевыя гульні, кіраваныя дасведчанымі педагогамі, вельмі хутка рассейваюць міфы пра тую ці іншую працоўную «маліну». Так, гуляючыся «ў краму», малы хутка дазнаецца, што ў канцы дня трэба здаваць касу, і за з’едзенае марозіва ўсё-ткі давядзецца заплаціць. Гэтак і чараўнік Кайтусь урэшце разумее, што нават самаму магутнаму ведзьмаку даводзіцца спярша думаць, а потым ужо здзяйсняць чары…

Ні за якія піражкі?

Як ні заваблівалі афішы маленькага чытача на прэзентацыю кнігі 24 лістапада, у тым ліку папсова параўноўваючы герояў Корчака з Гары Потэрам, гэтая падзея ўсё адно мела характар класічнай тусоўкі маладых бацькоў, што канваявалі з сабой тых чадаў, якія пакуль не надта здольныя супраціўляцца культпрасвету, а гэта значыць, малых у веку 0–6 гадоў. Мэтавая аўдыторыя «Мацюся» і «Кайтуся» — 9–12-гадовыя — надзейна заляглі на дно.

Аўтарка гэтых радкоў так і не здолела выцягнуць у свет ніводнага з пляменнікаў пазначанага веку — «сок і печыва» ды «мульцік» — аказаліся заслабой заманухай для пераборлівага кантынгенту. Агульнавядома: дзеці сёння не чытаюць ні за якія піражкі!

Будзьма спадзявацца, што хоць бы постфактум кніга дойдзе да свайго маленькага чытача.


1_1.jpg

Януш Корчак — (сапраўднае імя — Эрш Хенрык Гольдшміт, мянушкі — Стары Доктар, Спадар Доктар (1878 або 1879 — 1942) — пісьменнік і педагог, які адмовіўся ствараць уласную сям’ю, каб прысвяціць сябе дзецям, польскі яўрэй, які заяўляў пра падвойную ідэнтычнасць і бачыў сваёй мэтай збліжэнне палякаў і яўрэяў у Польшчы — стаў сёлета адной з цэнтральных фігур гэтай краіны: у 2012-м палякі адзначаюць год Корчака.

Толькі згадваюць не юбілей, а 70-годдзе са дня смерці пісьменніка. Доктар Корчак фактычна здзейсніў самагубства, адмовіўшыся пакідаць дзяцей створанага ім яўрэйскага дзіцячага дома, разам з імі ўвайшоўшы ў газавую камеру.

…Па адной з версій, кіруючыся з варшаўскага гета на транспарт у Трэблінку, дзетдомаўцы Януша Корчака неслі сцяг караля Мацюся Першага.


Непадцэнзурны Корчак, або Малітва караля Мацюся

1tom.jpg

«Цікавыя рэчы выявіліся падчас падрыхтоўкі да друку новага выдання аповесці Януша Корчака «Кароль Мацюсь Першы», — піша ў сваім блогу ўкладальнік «карчакіяны» Андрэй Хадановіч. — Выданне — і гэта ў канцы дзевяностых! — было досыць жорстка адцэнзураванае. Напрыклад, з тэксту былі выкінутыя ўсе згадкі пра Бога, рэлігію, малітвы...»

Вось як выглядаў эпізод, дзе маленькі кароль Мацюсь дазнаўся, што яго краіне абвясцілі вайну адразу тры каралі: «З кім параіцца ў гэтую цяжкую хвіліну? — Мацюсь адчуваў, якая вялікая адказнасць зараз ляжыць на ім. — Што рабіць?» Кароль Мацюсь заплакаў і нарэшце заснуў, прытуліўшыся да бярозавага пня» (Мінск, «Юнацтва», 1998, пераклад Ядвігі Бяганскай).

Параўнанне з арыгіналам выявіла, што насамрэч перад тым, як заснуць, маленькі кароль... параіўся з Богам!

«Я маленькі хлопчык, — маліўся Мацюсь, — без Тваёй, Божа, дапамогі я не дам рады. Гэта па Тваёй волі я атрымаў каралеўскую карону, дык дапамажы мне, бо я ў вялікім смутку…» (Мінск, «Логвінаў», 2012).

Справа цэнзуры, па словах Хадановіча, датычыць і ранейшага выдання корчакаўскага «Мацюся на бязлюдным востраве». Вось найхарактэрнейшы прыклад:

«…Прэфект паліцыі нават выдаў загад, што ў тэатрах, парках, школах, наогул ва ўсіх публічных месцах забараняецца згадваць імя Мацюся. За парушэнне — грашовая кара або тры дні арышту. Дзякуючы гэтай забароне пра Мацюся сталі казаць яшчэ больш» (Мінск, «Юнацтва», 1998, пераклад Уладзіміра Васілевіча).

І на гэтым кропка. А ў поўнай версіі — яшчэ адзін сказ: «Бо так ужо ўладкаваны свет, што найпрыемней гаварыць і рабіць тое, што забаронена» (Мінск, «Логвінаў», 2012).

Зрэшты, наўрад ці варта шукаць у такіх купюрах беларускую канспіралогію. Па словах перакладчыцы Марыны Шоды, тыя самыя пасажы адсутныя і ў перакладах Януша Корчака на рускую мову, выдадзеных да 1991 года. Хутчэй за ўсё, «Юнацтва» аўтаматычна перадрукавала ідэалагічныя праўкі савецкага часу.