Праект «Танцы з Бубнам». Альбом «Medication» — першы рэліз ды-джэя і паэтаў пасля канца свету

Праект «Танцы з Бубнам» прэзентаваў на партале Ultra-Music свой другі міні-альбом «Medication». Гэтым разам пад гарачую руку суворага электроншчыка Улада Бубна трапіла лірыка Сяргея Сыса, Змітра Вішнёва, Ярылы Пшанічнага ды Змітра Пляна.



medication2.jpg

Жанравая палітра працы атрымалася вельмі шырокай — ад задумлівага лірычнага эмбіэнту да правакацыйнага сацыяльнага хіп-хопа. Не засталіся без увагі і ўдзельнікі першай часткі праекту — Вольга Гапеева, Таццяна Беланогая ды Байсан, прадстаўленыя новымі творамі.

Акрамя пашыранага складу ўдзельнікаў і жанравай рознабаковасці рэліз цікавы і сваім візуальным складнікам. Ягонай двухбаковай відэа-візітоўкай сталі творы Таццяны Беланогай  і Змітра Вішнёва. Першае відэа — роздум аўтараў над класічнай для любога творцы тэмай шляху і пераасэнсаванне адной з самых сакральных песень спявачкі «Малітва». Другі відэашэраг быў створаны адмыслова для фестывалю «Валошынскія чытанні», і цяпер публіка можа пабачыць яго фінальную версію «без купюр».

Праект працягвае працу над новымі творамі, з усмешкай назіраючы за дыскурсам «сучаснага мастацтва ў нас няма» ў акаўнтах сацыяльных сетак жыхароў Сiнявокай.

Спампаваць альбом

Стрымінг альбому на Soundcloud