Неба над багнай

Раман Віктара Марціновіча «Сфагнум», што з’явіўся ў сеціве і кнігарнях, задае наступальную стратэгію для сучаснай беларускай літаратуры. Гэта распаўсюд праз усе магчымыя каналы — і эстэтыка трансміфічнага рэалізму.



sfahnum_afisza.png

Атака на чытача

Трэцяя кніга пісьменніка прыйшла да чытача адразу і на рускае, і на беларускае мове. На рускае мове раман выкладзены на сайце 34mag.net для вольнага прачытання. А «Сфагнум» па-беларуску, аздоблены густоўнаю вокладкай, быў перакладзены Віталем Рыжковым — і хутка раскупаецца.

Сам аўтар у дасціпным сецевым роліку — яшчэ адна камунікацыйная вынаходка — запрашае азнаёміцца з творам. Калі выйшаў раман «Паранойя», Марціновіча папракалі за рускую мову; калі (адразу ў сеціве) — «Сцюдзёны вырай» — за беларускую. Двайная прэм’ера гангстэрска-містычнай трагікамедыі «Сфагнум» — не толькі адказ на папрокі, але й зварот да расколатае беларускае грамады.

 

Беларуская тэрыторыя

Тры злачынцы забіваюць падзельніка, які ўцёк з чужымі грашыма. Грошыкі прысабечвае глуская міліцыя, у патыліцу дыхае расейская мафія; бэйбусы хаваюцца ў вёсцы — і звяртаюцца да ведзьмароў. Пазнаёмцеся з небаракамі: Серы, падобны да Дон Кіхота, «калі б не кітайскі спартовы касцюм «Адыдас»»; гопнік Шульга, які ведае нават такое слова, як «аксюмарон»; і Хамяк — гультай і жмінда (з мараю быць гэбэшнікам).

Персанажы кнігі трызняць і вядуць двайное жыццё. Міліцыянт Выхухалеў бярэ за ўзор Віні-Пыха й спрачаецца з Богам пра справядлівасць, тутэйшы алкаш Кабан мае таленты Чэхава, вясковая цнатлівіца — русалка і німфаманка, а некаторыя героі, увогуле, фікцыя.

У мясцовым музеі ажываюць пудзілы лісаў, мядзведзяў і ваўкалакаў, пад багнай іскрыцца залаты горад, а былы афганец Сцяпан існуе адразу ў дзвюх прасторах (у п’яным і цвярозым выглядзе; ягоным напоям пазайздросціў бы Кастанэда).

Гэта беларуская тэрыторыя — з прыдуркаватаю вертыкалю і санітарамі, якія забіраюць хворых адразу ў трупярню, з Хатыню (дзікі маналог пра якую варты Бабруйскай эстрады) — і з «Амаркордаўскім» туманам, дзе губляецца ўсё і ўся. Глеба правальваецца.

У паасобныя студні правальваюцца героі рускамоўнае кнігі: студні мату, студні трасянкі, студні цыцаста-смешнага цвыркатання пра «псіханаліз Лакана». У беларускім варыянце чорныя расколіны замаскаваныя інтанацыяй, гнюсныя словы (займеннікі: трындзёж, даўбацца, гамон) — абачліва падыткнутыя імхом. Выразней повязь сучасных забабонаў з фантазіямі Яна Баршчэўскага. Але й тут пад нагамі — сфагнум. Балота — усё тое ж балота «Дзікага палявання», і хутчэй экранізацыі, — дзе героі сам-насам са зляканым грукатам сэрца.

Намаляваўшы гангстэрска-медытатыўную пагоню за зачараванымі скарбамі, Марціновіч задаецца пытаннямі: Хто мы такія? На што абапіраемся? Куды і адкуль ідзем? Што такое рэальнасць?

Сцежкі трансміфічнага рэалізму

Сучасны беларускі абсурд патрабуе адпаведнай эстэтыкі. З дыктатарамі, каланіяльным становішчам і міфамі меў сталую справу магічны рэалізм Лацінскай Амерыкі. Знакі магічнага рэалізму «паранаяльна» выяўляюцца і ў першых кнігах Марціновіча.

Але кірунак, што складаецца ў Беларусі — і рысы якога ясней праступаюць у «Сфагнуме» варта назваць трансмагічным — ці трансміфічным рэалізмам.

Калі ў Лацінскай Амерыцы — буйныя джунглі, то ў Беларусі — ціхмяная багна. Экспрэсія Поўдня вязне ў беларускай маўклівасці. Беларусы — інтраверты: калі ёсць калектыўнае насланнё, найгалоўнае выпрабаванне — сваё і ў кожнага. У Беларусі — процьма лакальных вераў, якія чаруюць і прымаюцца за рэальнасць (вера ў сурокі, вера ў «парадак», вера ў «псіхааналіз») — і розныя стоды абрынаюцца ў бездань. Прадонні знітоўваюць забабоны чырвона-зялёных шлюндраў — і мудрых бабулек, віленскіх прафесараў на выгнанні — і шклоўскіх гопнікаў.

І па-над усім гэтым — неба. Ёсць зямля — неба — пекла. Ёсць туга па небе; Боскае — гэта і ёсць рэальнасць.

Трансмагічны рэалізм — гэта Маркес, прачытаны Кіркегарам; і патрабуецца скачок веры. Трансмагічны рэалізм вырастаў з «Дзядоў» Міцкевіча і сімвалізму Янкі Купалы, імпрэсій Змітрака Бядулі — і рамантызму Караткевіча. Трансміфічны рэалізм — гэта Васіль Быкаў, калі ўзяць адразу «Сотнікава» й «Пахаджанаў». Гэта — стогны душы Максіма Гарэцкага й мантажныя прыёмы Алеся Адамовіча ў «Карніках». Барочная эсэістыка Паўла Севярынца — сучасная трансміфічная публіцыстыка, дзе кантрасныя жыццёвыя назіранні і дзівосы беларускай гісторыі — служаць Хрыстоваму сведчанню.

А калі я чытаў «Сфагнум», не мог паверыць: інтанацыі, вобразы, смех кнігі нагадвалі непастаўленую карціну Андрэя Кудзіненкі «Акавіта» (трагікамічную, казытліва-цнатлівую, трансцэндэнтную). Увогуле, кінажанравыя чыннікі ў літаратуры (кшталту гангстэрскага кіно) і трагікамізм можна лічыць яшчэ адной беларускай адметнасцю новага кірунку. А нядаўна на падыходзе быў трансміфічны «Шляхціч Завальня» Кудзіненкі й Клінава (дзяржава кінапраект замарозіла).

Трансміфічны рэалізм — гэта «Сплачванне доўгу», якое патрабаваў Вацлаў Ластоўскі — і «Узвышэнскі» аквітызм у часы абвальнае дыктатуры.

Праз 20 гадоў Незалежнасці ў беларусаў з’яўляецца стыль, які можна прад’явіць свету. «Сфагнум» Марціновіча ўвідавочнівае трансміфічны рэалізм.