Прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай «Шэдэўры нашай даўніны»

2 ліпеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адбылася творчая вечарына «Дарогамі князёў, магнатаў і паэтаў».



Вядомы беларускі культуролаг Ірына Шумская пазнаёміла ўдзельнікаў імпрэзы з дзейнасцю Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага (ТАБГ), заснаванага на пачатку мінулага году. Як сакратар таварыства, навукоўца звярнула ўвагу на тое, што адным з напрамкаў дзейнасці ТАБГ з’яўляецца папуляразацыя айчыннай мінуўшчыны праз распаўсюд ведаў аб нацыянальнай культурнай спадчыне дзеля выхавання ў сучаснікаў пачуцця любові да роднай зямлі.

Ірына Шумская распавяла, што на выснове шэрагу артыкулаў, падрыхтаваных для аднаго расійскага часопіса, склалася рускамоўная кніга “Шедевры нашей старины” (“Шэдэўры нашай даўніны”), адрасаваная найперш беларускаму і расійскаму чытачу. Гэтае 206-старонкавае багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне з серыі “Невядомая гісторыя” выйшла ў сталічным выдацецтве “Харвест” накладам у 2 тысячы паасобнікаў. Кніга складаецца з асобных нарысаў, прысвечаных выбітным помнікам айчыннай архітэктуры. Сярод іх знакамітыя на ўвесь свет Нясвіжскі і Мірскі замкі, што прэзентуюць Беларусь у спісе аб’ектаў Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА, шыкоўныя палацы ў Ружанах і Косава, беларуская “Бастылія” – мінская турма “Валадарка”, святыні абароннага тыпу ў Сынкавічах, Мураванцы і Камаях, Брэсцкая і Бабруйская цытадэлі, вежы-фартэцыі ў Камянцы і Варнянах, капліцы-склепы, палацы і сядзібы беларускіх магнатаў і шляхты, а таксама самыя культавыя мясціны краіны.


Выданне сведчыць пра тое, што ў Беларусі вельмі шмат цікавых помнікаў дойлідства, звязаных з паданнямі і легендамі, жыццём знакамітых людзей. Гэтыя архітэктурныя каштоўнасці ўражваюць сваёй гарманічнасцю, шматабліччам і самабытнасцю, аспрэчваюць распаўсюджанае абывацельскае меркаванне пра тое, што на Бацькаўшчыне нібыта “няма чаго глядзець”, сведчаць пра арганічную сувязь айчыннага дойлідства з еўрапейскай культурай, засмучаюць абыякавымі адносінамі да сябе з боку чынавенства і мясцовых жыхароў. Менавіта нерухомыя помнікі матэрыяльнай культуры беларусаў з’яўляюцца рэальным носьбітам гістарычнай памяці нацыі і квінтэсэнцыяй яе мінулага, без якога немажліва выбудаваць паспяховы праект будучага.
Аўтарка выдання, якое можна прыдбаць у кніжных крамах, выказала надзею, што кніжка падштурхне беларусаў да вывучэння айчынных архітэктурных скарбаў, іх абароны і вандровак па роднаму краю. Дарэчы, запланаваны пераклад кніжкі на ангельскую мову.
Заснавальнік серыі “Невядомая гісторыя”, рэдактар выдання прафесар Анатоль Тарас паведаміў, што ў серыі. заснаванай у 2009 годзе, пабачыла свет ужо больш за 40 кніжак. Паводле ягоных слоў. зараз у гэтай серыі рыхтуецца кніга вядомага літаратара беларускай эміграцыі Юркі Віцьбіча “Нашая спадчына прамаўляе”, што выходзіла асобнымі артыкуламі ў часопісе “Спадчына”.
Анатоль Тарас нагадаў, што з ініцыятывы ТАБГ выходзіць і другая цікавая серыя кніжак кішэннага фармату “100 выбітных дзеячоў беларускай культуры” – ужо пабачыла свет 20 выданняў, рыхтуецца пяць новых, у тым ліку пра сусветна вядомага мастака Казіміра Малевіча.
На прыканцы вечарыны мінчанка, аднакласніца Ірыны Шумскай, выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага, лаўрэатка міжнародных конкурсаў вакалістаў Наталля Грышчэня (сапрана) разам з Аленай Урублеўскай (фартэпіяна) выканала беларускія і рускія народныя песні, а таксама арыю Кармэн з аднайменнай оперы Жоржа Бізэ.