Адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі Аляксея Марачкіна “Калодзеж у жыце”

Вечарам 22 траўня ў Мінску адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі вядомага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) “Калодзеж у жыце”.



kalodziez_u_zycie.jpg

Вокладка кнігі паэзіі Аляксея Марачкіна “Калодзеж у жыце”. Фота Марата Гаравога

У гэтае 246-старонкавае літаратурна-мастацкае выданне, якое пабачыла свет у сталічным выдавецтве Ігара Логвінава, увайшлі вершы, паэмы і прысвячэнні. Прадмову да кнігі “Прылюдна, годна…” напісаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі.

Як адзначыў Аляксей Марачкін, менавіта вясковая беларушчына (а нарадзіўся будучы мастак і паэт 30 сакавіка 1940 года ў вёсцы Новая Слабада (былая Папоўшчына) Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці) ды бацькі — Антон і Хадора Марачкіны зрабілі найбольшы ўплыў на фармаванне душы хлопчыка, прычым маці — народнымі песнямі і паданнямі, а бацька — вясковы бібліятэкар — сваім лёсам, думкамі і паводзінамі.  “Больш за ўсё мне спадабалася складаць вершы і маляваць. У шостым класе я нават адправіў ў дзіцячы часопіс “Бярозка” свой малюнак старой вярбы каля хаты і верш. Але на вокладцы  часопіса быў апублікаваны толькі мой малюнак. І яшчэ невядома, як склаўся мой творчы лёс, калі б гэты верш быў надрукаваны”, — сказаў творца.

kalodzezh_u_zhice_marachk_n.jpg

Аляксей Марачкін. Фота Марата Гаравога

Затым ён прадставіў урывак з сваёй дакументальна-публіцыстычнай стужкі, зробленай у студэнцкія гады па матэрыялах святкавання ў 1967 годзе ў горадзе Жодзіна (Мінская вобласць) 50-годдзя Кастрычніцкага перавароту, паказаў шэраг сваіх новых карцін, у тым ліку нонканфармісцкіх палоцен і партрэтаў,  а таксама прачытаў некаторыя свае паэтычныя творы.

Сярод іх — вершы, навеяныя паэзіяй класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча, прысвячэнні рускаму паэту Міколе Рубцову, сваім сябрам мастакам Алесю Шатэрніку, Міколе Купаве, Васілю Шаранговічу і светлай памяці Уладзіміру Сулкоўскаму, палітыку Паўлу Севярынцу і паэту Яўгену Гучку. Напрыканцы вечарыны Марачкін уручыў зборнік паэзіі “Калодзеж у жыце” з дарчым подпісам сваім сябрам і вучням.

kalodzezh_u_zhice_gerashchanka.jpg

Кастусь Герашчанка спявае песню “У гэтай краіне” на словы Анатоля Сыса каля партрэта паэта, напісанага Аляксеем Марачкіным. Фота Марата Гаравога

 

У вечарыне прынялі ўдзел спявачка, салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава і бард Кастусь Герашчанка.