Кніга Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” выйшла па-руску

Прэзентацыя кнігі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне",  перакладзеная на рускую мову, адбылася ў Доме Масквы ў Мінску. Кніга пад назвай “Родные корни” аб’ёмам у 352 старонкі выйшла ў сталічным выдавецтве “Звязда” накладам у 1.100 паасобнікаў.



maksim_harecki_knizka_1.jpg

Максім Гарэцкі (18.02.1893, вёска Малая Багацькаўка, Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерніі — па рашэнні “тройкі” НКУС расстраляны 10.02.1938 пад Вязьмай, Смаленскай вобласці Расіі) — адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры, удзельнік Першай сусветнай вайны. У сваёй кнізе дакументальна-мастацкіх запісак “На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата другой батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы” (1915–1919, упершыню апублікаванай у 1926) з вялікай глыбінёй, суровай і мужнай праўдзівасцю паказаў драматызм становішча чалавека на фронце і грабежніцкую сутнасць вайны. Аўтар — салдат-артылерыст — зафіксаваў стогны параненых і грукат кананады, агонь і дым, перапоўненыя шпіталі і залітыя вадой акопы, пакуты фізічныя і душэўныя, але не страціў веры ў чалавека. Літаратурнай крытыкай гэтая эпапея аднесена да лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры і стаіць у адным шэрагу з ваеннай прозай такіх майстроў, як Анры Барбюс, Арнольд Цвейг і Эрых-Марыя Рэмарк.

Сучаснікі называлі Максіма Гарэцкага выключнай з’явай у беларускай літаратуры, першым беларускім празаікам, апосталам беларускага Адраджэння, вялікім жыццялюбам, які заўжды казаў праўду, нават стоячы перад тварам смерці.

Удзельнікі прэзентацыі пазнаёміліся з дакументальнымі стужкамі, прысвечанымі жыццю і творчасці Максіма Гарэцкага.

Як распавёў пляменнік Максіма Гарэцкага, акадэмік Радзім Гарэцкі, у 1913 годзе 20-гадовы дзядзька скончыў Горацкае агранамічна-каморніцкае вучылішча і пачаў працаваць па спецыяльнасці на Віленшчыне. На пачатку 1914 года пайшоў служыць у войска, а праз тыдзень пасля пачатку Першай сусветнай вайны трапіў на фронт: спачатку як разведчык, а потым як сувязіст. За сваю мужнасць у страшэнных бойках атрымаў Георгіеўскі крыж, пра што сам не ведаў. Толькі праз 83 гады пра гэта дазналася ягоная дачка Галіна Максімаўна.

maks_m_gareck_kn_zhka_2_1_.jpg

Радзім Гарэцкі

Падчас баёў ва Усходняй Прусіі ў кастрычніку 1914 году Максім Гарэцкі быў цяжка паранены. Спачатку два месяцы знаходзіўся ў шпіталі ў Вільні, дзе ў якасці медсястры яго даглядала Алаіза Пашкевіч (Цётка), затым быў пераведзены ў Маскву, пасля адпачынку на радзіме зноў трапіў у шпіталь у Магілёве, бо кульгаў і нага вельмі ныла. Вёў запісы і ніяк не мог забыць жудасці бязглуздай вайны, душа яго балела, і перад вачыма раз-пораз уставалі твары сяброў. Затым у Маскве працаваў чарцёжнікам і зноўку апынуўся ў шпіталі ў Лефортава. Умовы там былі як у турме, бо за Максімам сачылі і нікуды не пускалі. Збег у Магілёў, зноўку трапіў у мясцовы шпіталь, дзе пасля цяжкай аперацыі без наркозу пайшоў на папраўку. Затым камісія ў Маскве прызнала Максіма Гарэцкага здольным ваяваць, і ён зноў апынуўся на фронце ў сваёй батарэі, што стаяла ў Заходняй Беларусі.   

Праз некаторы час Максім Гарэцкі быў накіраваны ў Петраград на вучобу ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча, пасля заканчэння якога ў званні прапаршчыка спачатку служыў у Іркуцку, а затым у Гжацку. У гэтым невялікім расійскім гарадку позняй восенню 1916-га Максім Гарэцкі піша шэраг выдатных апавяданняў. Праз тры месяцы пісьменнік трапіў на фронт ў Пінскія балоты, дзе служылі ў той час брат Максіма Багдановіча і Аляксандр Блок. На пачатку 1917 году Максім Гарэцкі цяжка захварэў, лячыўся ў Арле, Маскве і, урэшце, ў Жэлезнаводску, а затым быў звольнены з войска.

Падчас рэпрэсій супраць Максіма Гарэцкага былі рэпрэсаваныя-знішчаныя і ягоныя творы. Толькі пасля рэабілітацыі 15 лістапада 1957 года зноўку пачалі выдавацца яго кнігі. Першым ў 1973 годзе выйшаў двухтомных, а за ім яшчэ дзевяць выданняў — тры па-руску і сем на беларускай мове.

Паводле словаў Радзіма Гарэцкага, яго дзядзька 14 гадоў (з 1914 па 1928) працаваў над  эпапеяй “На імперыялістычнай вайне”. Ён выказаў вялікую падзяку вядомай айчыннай літаратуразнаўцы Тэрэзе Голуб за падрыхтоўку аўтэнтычнага тэксту кніжкі.   

maks_m_gareck_kn_zhka_3.jpg

Удзельнікі прэзентацыі