Прэзентацыя кнігі “Тэатр Сержука Вітушкі” — заўтра ў выдавецтве “Тэхналогія”

4 снежня 2014 года а 16-й гадзіне ў выдавецтве “Тэхналогія” (вул. Ляўкова, 19) адбудзецца прэзентацыя новай кнігі “Тэатр Сержука Вітушкі”. 



vitushka.jpg

Гэта выдатны падарунак для бацькоў, выхавальнікаў, а таксама ўдзельнікаў дзіцячых тэатральных гурткоў. Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая з іх, “Тэатр на далонях”, разлічаная на самых маленькіх гледачоў. Каментуючы яе, аўтар адзначае, што артыстамі ў гэтым тэатры будуць пальцы. “Яны збіраюцца ў шчопці, жменькі, кулачкі і паказваюць розныя фігуры. Што вельмі важна – гэткі тэатр заўсёды пад рукой: у дарозе, калі няма цацак, ці дома, калі цацкі надакучылі”. Паказы суправаджаюцца вершыкамі і песенькамі, якія раскрываюць сюжэты.

Другую частку кнігі складаюць п’есы-казкі. Яны вельмі музычныя – амаль усе персанажы там спяваюць, прычым спяваюць, як правіла, на матывы шырока вядомых песняў. Часцей за ўсё гэтыя мелодыі пазначаныя ў тэксце, але разам з тым аўтар пакідае карыстальнікам даволі шырокую прастору для ўласных музычных інтэрпрэтацый.

У прэзентацыі бяруць удзел вядомыя дзеячы культуры, выхавальнікі дзіцячых садкоў, маладыя бацькі, зацікаўленыя ў далучэнні сваіх дзяцей да роднае мовы.

Да імпрэзы супрацоўнікі “Тэхналогіі” падрыхтавалі выставу навуковых і навукова-папулярных кніг выдавецтва па беларускай гісторыі, фалькларыстыцы, музычнай культуры, мовазнаўстве.