Прысвячэнне “Полацкаму сшытку”

Вечарам 3 снежня ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ) адбылася прэзентацыя манаграфіі доктара мастацтвазнаўства, прафесара кафедры правазнаўства Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Людмілы Сідаровіч “Феномен — белорусского музыкального искусства XVII века”.



sidarovic_1_logo.jpg

Манаграфія Людмілы Сідаровіч “Феномен — белорусского музыкального искусства XVII века”.

Манаграфія прысвечана вывучэнню ўнікальнага рукапіснага нотнага зборніку старадаўняй беларускай барочнай музыкі XVI–XVII стагоддзяў, яркага ўзору нацыянальнай свецкай кантавай культуры. Зборнік з 64-х старонак,  аўтарства, месца і час складання якога да гэтай пары дакладна не ўстаноўлены, выклеены з вокладкі ўніяцкага трэбніку, набытага ў 1956 годзе бібліятэкай Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве (Польшча). Паводле вадзяных знакаў папера зборніка выраблена паміж 1633-1650 гадамі, пераплецены трэбнік да 1680 году.

Напачатку кніга належала ўніяцкай царкве ў вёсцы Астрамечава (Брэскі раён), ў гады Другой сусветнай вайны аказалася ў Польшчы. Адкрыў зборнік ў 1964 годзе тады аспірант, а зараз доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, а ўпершыню апісаў рукапіс польскі даследчык Ежы Голас. З 1984 году фатакопія “Полацкага сшытку” знаходзіцца ў ЦНБ.

Рукапіс уключае 210 (у тым ліку 13 незавершаных) вакальных і інструментальных твораў. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, арганныя кампазіцыі і танцы у рытмах мазуркі, казачка  і паваны (урачысты павольны танец, пашыраны ў Еўропе ў XVI стагоддзі). Мясцовыя напаўфальклорныя традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьянскімі і французскімі ўплывамі.

На думку Людмілы Сідаровіч, зборнік створаны не адным, а некалькімі музыкантамі, але канчатковы адказ на гэтае пытанне можа даць далейшае дэталёвае вывучэнне арыгіналу “Полацкага сшытку”.

Доктар мастацтвазнаўства Вера Пракапцова звярнуга ўвагу на вялікія цяжкасці аналізу старадаўніх музычных твораў, бо “даследчык мае адпаведны паток нотна-знакавага тэксту, які трэба расшыфраваць — раставіць усе неабходныя рытмічныя, дынамічныя і артыкуляцыённыя знакі, каб гэтую музыку змаглі зразумець нашыя сучаснікі”.    

На меркаванне Адама Мальдзіса, неабходна пераходзіць да сапраўднай назвы ўнікальнага зборніку “Астрамечаўскі рукапіс”. Навукоўца лічыць неабходным да 500-годдзя вёскі выдаць гэты рукапіс масавым накладам.

Адзін з першых выканаўцаў твораў зборніку, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў выказаў шкадаванне, што цудоўны велічны кант з гэтага рукапісу ў апрацоўцы беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова не стаў нацыянальным гімнам Рэспублікі Беларусь. Паводле словаў Скорабагатава, творы з рукапісу сталі своеасаблівым “музычным генетычным кодам беларускага народу ў свеце”, як музыка Ёгана Баха для немцаў і Антонія Вівальдзі для італьянцаў.

Доктар мастацвазнаўства Вольга Дадзіёмава назвала рукапіс нацыянальнай славутасцю, “якая акрэсліва ўваход Беларусі ў еўрапейскую культурную прастору”, а працу Адама Мальдзіса і музыкаў з “Кантабіле” па папулярызацыі твораў зборніку — сапраўдным подзвігам.

Да імпрэзы супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ падрыхтавалі выставу “Старонкі гісторыі музычнай культуры Беларусі”. На ёй прадстаўлены дакументы XVII–XXI стагодзяў, прысвечаныя гэтай тэме. Асаблівую ўвагу прыцягваюць рэдкія старадрукі XVII стагоддзяў — “сучаснікі” “Полацкага сшытку”. Сярод іх – “Псалтирь рифмотворная” (1680) Сімяона Полацкага. Створаныя ім для свецкага выкарыстання вершаваныя пераклады псалмоў набылі папулярнасць і ў хуткім часе былі пакладзены на музыку. На паліцах — працы айчынных і замежных даследчыкаў, у тым ліку Людмілы Сіларовіч, прысвечаныя музычнай спадчыне Беларусі. На некаторых асобніках можна ўбачыць пячаткі і рукапісныя запісы вядомых дзеячаў нацыянальнай (Мітрафана Доўнар-Запольскага, Адама Мальдзіса) і расійскай (Паўла Беркава) культур.

Падчас вечарыны прагучала старадаўняя музыка з “Полацкага сшытку”.

s_darov_ch_2_logo.jpg

Людміла Сідаровіч і Адам Мальдзіс. Фота Марата Гаравога