Публічная лекцыя Ірыны Дубянецкай у Магілёве

Публічнай лекцыяй Ірыны Дубянецкай “Нацыятворчы праект у постнацыянальным свеце: Беларуская Біблія” пачынаецца ў Магілёве другі сезон публічных лекцый “Гораду і Свету”, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт. Лекцыя адбудзецца 26 кастрычніка ў Магілёве (вул. Ленінская, 63, зала 807). Пачатак а 14.30.  



dubjaneckaja1.jpg

Ролю Бібліі ў развіцці еўрапейскіх культур немагчыма перабольшыць. Біблейскія вобразы і сюжэты былі асноваю для безлічы мастацкіх, філасофскіх і літаратурных твораў ад ранняга Сярэднявечча, калі Еўропа пачала яднацца вакол Хрысціянства, і да нашых дзён. Як базавы тэкст Хрысціянства, Біблія сталася асноўным аб’яднаўчым тэкстам еўрапейскае цывілізацыі.

Пераклады Бібліі на многія мовы паспрыялі развіццю пісьменства. Амаль усе сучасныя еўрапейскія нацыянальныя мовы сфармаваліся як літаратурныя пад уплывам біблійных перакладаў.

Беларуская сітуацыя ў дачыненні да перакладу Бібліі ўнікальная. Першыя варыянты беларускай Бібліі ўзніклі раней за большасць перакладаў на іншыя нацыянальныя мовы — Скарынавы пераклад уваходзіць у тройку першапачынальнікаў. Нельга абмінуць увагай і вялікую колькасць сучасных перакладаў. Але ж вядомы доктар тэалогіі і доктар філасофіі, знаўца і перакладчык біблійных тэкстаў Ірына Дубянецкая сёння правакатыўна сцвярджае: “Беларусь 1000 гадоў жыве без Бібліі… па-беларуску”. Бо беларуская мова дагэтуль застаецца адзінаю з еўрапейскіх (і не толькі!), якая так і не мае Бібліі, перакладзенай з арыгінальных — яўрэйскай, арамейскай, грэцкай моў. Гэтая сітуацыя, безумоўна, адбілася на развіцці беларускай культуры, навукі, мовы, нацыянальнай ідэнтычнасці, на лёсах нацыі.

Наколькі сёння стварэнне Бібліі на нацыянальнай мове можа стаць нацыятворчым праектам? Ці не згубіла сваёй надзённасці пытанне беларускага перакладу Бібліі ў постнацыянальным свеце?

Паспрабуем знайсці адказы на гэтыя пытанні разам з доктарам тэалогіі і філасофіі  Ірынай Дубянецкай на публічнай лекцыі “Нацыятворчы праект у постнацыянальным свеце: Беларуская Біблія”, якая адбудзецца 26 кастрычніка па адрасе: Магілёў, вул. Ленінская,63 (Тэхнапарк), зала 807. Пачатак а 14.30. Гэтай прамовай у Магілёве пачынаецца другі сезон публічных лекцый “Гораду і Свету”, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт

На ўсе лекцыі ўваход вольны!

Запрашаем пазнаёміцца з інтэрв’ю Ірыны Дубянецкай на тэму беларускай Бібліі.