Святлана Вранова: «Каб вывучыць мову, чытаю на ёй Біблію»

Рыхтуецца да друку чэшскі пераклад кнігі «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца. Раней у Чэхіі выйшаў пераклад кнігі Станіслава Акінчыца «Залаты век Беларусі».



str_15_vranov.jpg

Аўтарка перакладаў Святлана Вранова распавяла журналістцы НЧ Таццяне Шапуцька, чаму перакладаць Севярынца складана і колькі беларусаў пачалі размаўляць на роднай мове пасля сустрэчы з ёй.

— Колькі часу заняў пераклад кнігі Паўла Севярынца «Люблю Беларусь»?

— Прыкладна паўгода — з сакавіка па верасень. Цяпер мы разам з пражскай беларускай суполкай «Пагоня» намагаемся надрукаваць кнігу. Яе выданне — мая мара. Нядаўна мы прадставілі заяўкі на атрыманне гранту, але ці ўхваляць, даведаемся толькі ў лютым. З «Залатым векам Беларусі» было прасцей. Гэта маленькая кніжка, на яе спатрэбілася не так і шмат, таму мы змаглі яе выдаць уласнымі сіламі. Яна выйшла накладам 300 асобнікаў. «Залаты век Беларусі» мы выдалі з нагоды шасцісотых угодак прыбыцця чэха Ераніма Пражскага ў ВКЛ, які прынёс у Княства ідэі Рэфармацыі. Нашы беларускія сябры святкавалі гэтую дату, і мы вырашылі далучыцца. У чэрвені арганізавалі гістарычную вандроўку для групы беларускіх хрысціянаў: паказалі ім цікавыя месцы, звязаныя з чэшскай Рэфармацыяй. Завяршылі візіт супольнай канферэнцыяй, прысвечанай чэшска-беларускім адносінам у XV — XVII ст. На гэтай канферэнцыі прачытаў лекцыі і аўтар «Залатога веку», мой добры сябра Станіслаў Акінчыц. Кніг ужо засталося няшмат — паступова прадаем на розных канферэнцыях, хрысціянскіх мерапрыемствах ды ў цэрквах.

— Што далося найцяжэй падчас працы над перакладамі?

— Калі я пачала перакладаць «Залаты век Беларусі», яшчэ беларускай мовы добра не ведала. Прачытала кнігу — усё было зразумела. Пасля мае чэшскія сябры, пазнаёміўшыся з аўтарам кнігі, папрасілі перакласці кнігу на чэшскую мову. Я пагадзілася, але хутка адчула, што разумець сэнс і перакладаць кожнае слова — гэта вялікая розніца! У мяне не было слоўнікаў (чэшска-беларускі ўвогуле не існуе, пазней удалося набыць хоць польска-беларускі), нават Google Translate тады яшчэ беларускай «не ведаў». Давялося шмат карыстацца расійскім перакладам кнігі. Але толькі карыстацца, перакладала я з арыгіналу. Праца над тэкстам заняла блізу шасці месяцаў, але яшчэ цэлы год я змагалася з дзясяткамі імёнаў — як іх правільна напісаць па-чэшску... Гэта было найскладана.

З перакладам кнігі «Люблю Беларусь» ужо было іначай. Тады я мову ведала дастаткова добра, але Павал Севярынец карыстаецца такім багатым слоўнікавым запасам, ужывае столькі метафарычных выразаў, прыдумляе словы, у яго настолькі спецыфічны і непадобны да іншых стыль, што давялося пачынаць зноўку з самага пачатку. Аднак, Паўлавы стыль пісання мне вельмі блізкі. Я заўсёды любіла «гуляцца са словамі», так што гэты пераклад — для мяне быў узнагародай! Складанасці, вядома, былі. Яны збольшага звязаныя з намёкамі, утоенымі ў тэксце, якія беларус разумее, а замежнік — не. На шчасце, у мяне было цэлае войска беларускіх кансультантаў, якія дапамагалі мне зразумець цяжкія фразы і словы...

— Вы вывучылі беларускую мову самастойна?

— Так, беларускую мову я вывучыла сама, як і раней польскую. Я маю як дар Божы і спадчыну ад сваёй маці — талент да славянскіх моваў. Расейскую ведаю з дзяцінства, польскую я вывучыла ў 2002-м на працягу аднаго года. Беларускую я вывучала крыху даўжэй. Мой метад вельмі просты — чытаю Біблію на мове, якую хачу вывучыць, слухаю праслаўленні (спевы ў хрысціянскай царкве — Т.Ш)… З беларускай мовай было лягчэй, дзякуючы польскай, я ад самога пачатку амаль усё разумела. Складаней было з граматыкай. Я вывучаю яе толькі візуальна: ніколі не сяджу ў падручніках, а проста чытаю — праз нейкі час пачынаю разумець правілы. Да таго ж у мяне шмат беларускіх сяброў. Я з імі лістуюся — гэта прымушае мяне імкнуцца пісаць правільна. Дапамагае Google Translate, інтэрнэт, вельмі люблю белсатаўскі «Моўнік», захапілася цудоўнай кніжкай «Дзіцячая заМова» Глеба Лабадзенкі, карыстаюся тлумачальным слоўнікам — гэта ўсё дапамагае. Хачу паказаць беларусам, што вывучыць мову нескладана. Калі чэшка без усякай базы, атрыманай у школе, можа вывучыць мову толькі з дапамогай агульнадаступных рэсурсаў, то кожны беларус здолее таксама гэта зрабіць.

Па адукацыя я — заолаг, усё жыццё займаюся арніталогіяй, дваццаць год працавала ў ахове прыроды. Потым мяне «ў межах рэарганізацыі» звольнілі, і не ведала, што рабіць. Мне заўсёды падабалася перакладаць. Таму здала міжнародныя моўныя экзамены па рускай ды польскай мове і пачала працаваць у якасці перакладчыка.

— Ці былі Вы калі-небудзь у Беларусі?

— Я была ў Беларусі двойчы. Вядома, я не наіўная, не нашу ружовыя акуляры, добра разумею, якая ў Беларусі сітуацыя. Але я закахалася ў вашую краіну звышнатуральным каханнем. Вельмі сумую, вельмі жадаю вярнуцца! Пражскія беларусы не хацелі паверыць, што ў мяне няма беларускіх каранёў. Ведаю ўжо прынамсі чатырох беларусаў, якія пасля сустрэчы са мной пачалі карыстацца беларускай мовай! Гэта мяне радуе, у гэтым я бачу свае пакліканне.

— У адным са сваіх артыкулаў Вы выказалі шкадаванне, што нават самыя прагрэсіўныя беларусы гавораць на «засмечанай» беларускай мове…

— Русізмы, паланізмы, англіцызмы ды моладзевы слэнг былі, ёсць і, напэўна, заўсёды будуць. У чэшскай мове яны таксама ёсць. Мы ж жывем сярод іншых народаў, і іх уплывы на мову цалкам натуральныя. Аднак чысціню літаратурнай мовы, безумоўна, трэба дапільноўваць! Літаратурную мову трэба выкладаць у школах і карыстацца ёй у медыях. Калі літаратурная мова гучыць у школах, і людзі сустракаюць яе на радыё, тэлебачанні, у газетах, тады русізмы ці паланізмы не ўяўляюць праблемы. Але ў сітуацыі, калі такога асяроддзя чыстай мовы няма, на мой погляд, трэба, каб гэтае чысціні трымаліся тыя, хто мову выдатна ведае, хто лічыць яе нацыянальнай каштоўнасцю.