Татэмныя скокі з Янкам Купалам

«Янка Купала. Кругі раю» — новы спектакль Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.

Янка Купала зноў актуальны. Замураваны ў школьных падручніках, выстаўлены на пастаменты, адсунуты ў музеі і сховішчы, пясняр прабіваецца да сучасных гледачоў, заклікае да волі і чалавечай годнасці.

«Янка Купала. Кругі раю» — новы спектакль Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.
Янка Купала зноў актуальны. Замураваны ў школьных падручніках, выстаўлены на пастаменты, адсунуты ў музеі і сховішчы, пясняр прабіваецца да сучасных гледачоў, заклікае да волі і чалавечай годнасці.
Кліп «Ляпісаў», зняты паводле хрэстаматыйнага верша Купалы «Хто ты гэткі?», б’е рэкорды папулярнасці ў сеціве, непадцэнзурны ў роднай Беларусі і ўпадабаны расійскімі змагарамі за свабодныя выбары. А развагі Альгерда Бахарэвіча пра савецкага Янку Купалу выклікаюць нечуваны скандал і літаратурны мардабой з пралогам і эпілогам. Адны абураюцца, што «чапаюць класікаў», другія адстойваюць права размаўляць з класікамі правакацыйна-лёгкім слэнгам.
«Янка Купала. Кругі раю» — пастаноўка да юбілею паэта. Святлана Навуменка, якая ўвасобіла свой сцэнар на падмостках Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі, ставіцца да песняра з пашанай, прынятай у сценах дзяржаўнай установы.
Фармальна, спектакль — паэтычна-дакументальная пастаноўка з музычнымі нумарамі, палітычна-сацыяльнымі алегорыямі і вольным мантажом сцэнаў. Музычныя нумары — самая прыемная нечаканка відовішча.
Музыка кампазітара Віталя Суддзіна — а гэта ягоная дэбютная праца — добра пасуе тэатральнаму твору. Яна не засланяе дзеяння і не ілюструе яго як карцінку; яна — самастойны драматургічны элемент. Паэт — у выкананні Дзяніса Паршына — спявае асобныя вершы, дэманструючы неблагія вакальныя дадзеныя. Паэзія Купалы, пакладзеная на музыку, толькі ўзмацняе свой заклік — гэта амаль гатовы эстрадны нумар, палкі відэакліп, перанесены на сцэну.
Аднак спектакль пазначаны як «гістарычная драма», і стваральнікі не рызыкнулі пайсці па шляху чыстага мюзікла. У гэтай драме жывуць чараўніцы, з’яўляюцца ўмоўныя фігуры і алегорыі.
Дзеянне пачынаецца нараджэннем паэта, калі над ягонай калыскай схіляюцца жаночыя постаці ў белым і прадракаюць яму славу песняра ды цяжкія выпрабаванні. Гэта відавочнае запазычанне з п’есы Уладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».
Надалей бацька паэта (актор Віктар Багушэвіч) спрабуе давесці сваё шляхецтва чыноўніку царскай адміністрацыі. Янка Купала чытае першыя вершы сябрам… І таксама сутыкаецца з пільнай увагай чыноўніцтва.
Вось паэт размаўляе з уласнай маці (занадта ідылічная сцэна для гістарычнага Янкі Купалы); бярэ шлюб (у ролі ксяндза — акцёр, які грае бацьку). Кастрычніцкі пераварот адзначаны камандзірамі са сцягамі; паэта выштурхоўваць за сцэну чырвонай тканінай (бадай, удалы тэатральны жэст).
Жнейку са станцавана-агучанага Купалаўскага верша гвалтуюць чырвонаармейцы; Купалу армейцы спрабуюць звабіць савецкімі пасадамі і высокім заробкам.
Сумна вядомы крытык Лукаш Бэндэ (актор Кірыл Навіцкі — на сцэне таксама камандзір і ахоўнік) выступае з даносам на паэта. Купалу дапытваюць у АДПУ, а эпізод са спробай самазабойства паэта рассякаецца ўрыўкамі з «Бандароўны».
Купала едзе ў Маскву — на ўласную смерць; карнікі зачытваюць справаздачу аб няшчасным здарэнні. Пасля пратаколаў іншыя персанажы выступаюць з вершамі.
Нягледзячы на цэтлік «гістарычная драма», п’еса Навуменкі мае няўцямны жанравы статус.
Гэта не мюзікл, хаця атрымалася б някепска. Гэта не гістарычная драма, нягледзячы на агучаныя дакументальныя пратаколы; і гэта не драма ўвогуле. Аўтарка топіць драматургічныя канфлікты ў алегорыях, спрабуе размаўляць пра паэта паэтычнай мовай.
Але такі паэтычны позірк патрабуе, бадай, большай геніяльнасці, чым геніяльнасць паэта. Тэатр — сінтэтычнае відовішча, якое патрабуе ўзважанасці і выключнай прадуманасці ва ўсіх ягоных частках. І калі пісьменнік працуе толькі са словам, то рэжысёр мае справу і са словам, і з жэстам, і з выявай.
Любы спектакль грунтуецца на трох чынніках: драматургіі, рэжысуры і акцёрскай гульні.
Акцёрскія постаці ў гэтым спектаклі — не столькі жывыя людзі, колькі заяўленыя дэкларацыі. Рэжысура падпарадкаваная драматургіі; а драматургія — хібная.
І гэта не столькі правіна Навуменкі, колькі нярэдкая памылка беларускага тэатру. Гадоў 10 таму Віцебскі тэатр Беларускай драматургіі зладзіў пастаноўку, прысвечаную Якубу Коласу. І хаця спектакль быў зроблены лепей, мелася ўсё тое ж: разбэрсаная паэтычная мова пра паэта з няўцямным сцэнічным мантажам.
Асобна трэба сказаць пра алегорыі ў сённяшняй пастаноўцы.
Жэсты і спасылкі тут часцяком нейкія неадпаведныя. Вось Бандароўна абараняе перад князем сваю дзявочую годнасць. Пры гэтым актрыса кладзецца на стол (Пункцік у Рэспубліканскім тэатры на сталах, ці што? У «Сонечцы» таксама сталы-каталкі ездзілі). Гераіня цягнецца да князя, выгінаецца перад ім, падсоўвае ў твар цнатлівыя цыцкі; заява пра «не аддамся» з гэтымі жэстамі — самае тое!
А вось гэбіст-карнік кладзецца на стол перад Янкам Купалам(!). Карнік платаядна ўсміхаецца, баламутна дрыгае ножкамі, слугі масіруюць яго. Згвалтаванне жнейкі-Беларусі, зарыфмаванае з гвалтам з Купалы, толькі ўзмацняе разгубленую тэатральную арыентацыю.
«Янка Купала. Кругі раю» — гэта пашкамутаная эклектыка. Але ж і ў гэтай эклектыцы ёсць свае правілы, агульныя для абшараў нашага бескультур’я.
Спектакль пра забітага беларускага паэта — гэта сацыяльна-палітычны карнавал у межах дазволенага. Дазволена кпіць з бальшавікоў (яны ж цяпер не пры ўладзе) — што ж, смейцеся. Дазволена размаўляць на беларускае мове — размаўляйце ў сваім закутку і не высоўвайцеся.
Замест «антыімперыялістычных» непрыстойнасцяў «Тайнаў авальнага кабінету» — эратычна-безгустоўныя сцэны народнага паганства. Жнейка-Беларусь, якая аргіястычна таньчыць на сцэне, выглядае ледзьве не стрыптызёркай начнога клубу (хай сабе апранутай). А стод Вялеса, што гмырыцца на сцэне на працягу ўсяго спектаклю, толькі ўзмацняе непатрэбныя асацыяцыі. А вянчанне пад стодам (і з ксяндзом) — гэта што?
Можна, канешне, ацаніць пачуццё гумару, калі карагод вакол драўлянага стода-фаласа выдаецца за «кругі раю», але спектакль Рэспубліканскага тэатру — сур’ёзны.
Папросту каша, што пануе ў адраджэнскіх галовах, згатаваная на рэштках паганства.
Абывацелі, занураныя ў спажыванне, не любяць прарокаў за тое, што тыя клічуць зірнуць на неба, не абяцаючы за гэта чырвонцаў. Але ў яшчэ большай ступені яны не любяць герояў, якія спатыкаюцца, бо колішні стод не апраўдаў іхніх чаканняў. Беларускія Зносакі (эпізадычны персанаж у спектаклі) так упарта хаваліся і прыстасоўваліся, так шчыравалі, каб сцягнуць чарговы кавалачак, што забыліся пра ўласную душу.
Толькі ўсе мы — скарыстаемся мянушкай ад Альгерда Бахарэвіча — Каяны Лупакі.
Гэта мы чакалі, што нехта за нас дасць нам волю і скажа нашы словы.
Гэта мы штурхалі таго, хто зваліўся, замест таго, каб працягнуць руку і зразумець.
Гэта мы блукалі ў «ружовым тумане», а калі Беларусь стала свабоднай, добраахвотна абралі рабства. І хто небяспеку бачыў — не знайшоў слоў, каб дагрукацца да народа, залюляны інтэлігенцкай пыхай высокага творцы. А хто заплюшчыў вочы на ярмо — б’ецца ў крыках ад недароду.
Сто гадоў таму ў Беларусі пачалася першая літаратурная палеміка. Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле «Сплачвайце доўг» папракнуў айчынных пісьменнікаў і паэтаў за плаксівыя інтанацыі, за празмерную грамадзянскасць, што засланяла пекнату і метафізічныя вяршыні.
Янка Купала адказаў: наша песня плача таму, што жыццё такое — і яго трэба змяніць.
Я доўга лічыў, што Купала не мае рацыі. Што ўсе гэтыя «мужыкі» з ягоных вершаў састарэлі і не цікавыя гарадскому чытачу. Што завялікая ўвага да тагачасных грамадскіх чыннікаў — гэта пастка, якая дазволіла савецкай уладзе лічыць Купалу сваёй законнай маёмасцю, з цяжкімі наступствамі для беларускай літаратуры.
Але сёння Купала зноў загучаў. Загучалі ягоныя вершы і ягоныя заклікі — у кліпах, спрэчках, са сцэны.
Значыць, грамадскія праблемы, што калісьці былі, — пякучыя і сёння і патрабуюць неадкладнага вырашэння.
Толькі сітуацыя сёння іншая. Калі Купала пачынаў, не было дзяржавы Беларусь, была чужая імперыя. Сёння — дзяржава ёсць; толькі дзяржава з задаўленай душой, Каян Лупака — ад Каяна Лупакі; пустая абалонка — без Беларусі.
Раней шчыльна гучала жывая беларуская мова, яшчэ не дапушчаная ў палацы. Сёння яна кулакамі выгнаная з палацаў; яе карані падарваныя, хаця яна яшчэ ліпіць у выкшталцоных гутарках.
Раней была нейкая надзея. Сёння мы завіслі над безданню.
Засяроджанасць на грамадска-матэрыяльным засланіла неба, і мы забылі Таго, каму абавязаныя быццём. Гэта ад Бога чалавек — паэт. І таму ў спектаклі «Янка Купала» — нягледзячы на нязграбнасць і дурату, нягледзячы на татэмныя скокі ля рампы — прабіваецца шэпт жывой душы. Шэпт вершаў Івана Дамінікавіча Луцэвіча, які ведаў, Каму абавязаны.