Трэці фестываль імя Ганны Герман «Эўрыдыка» ў Мінску і Вакальныя майстар-класы «Сустрэча з Ганнай»

Ужо трэці раз па ініцыятыве Пасольства Польшчы ў Беларусі і вакальнага дуэта «WitaM» (Марына Таварніцкая і Віталь Аляшкевіч) у Мінску адбудзецца Фестываль песні імя Ганны Герман.



hanna_hierman.jpg

Мэта фестываля — папулярызацыя асобы і творчасці гэтай выдатнай спявачкі і падтрымка маладых таленавітых музыкантаў польскага паходжання. Папярэднія фестывалі даказалі, што такі конкурс аб'ядноўвае і актывізуе асяроддзе беларускіх палякаў. Акрамя таго, шматмоўная творчасць Ганны Герман дае магчымасць далучыцца да культуры, блізкай як палякам, так і беларусам. Гэта, напэўна, адна з прычын, па якой даўно вядомыя песні і зараз выклікаюць жывую зацікаўленасць і прыцягваюць маладых слухачоў і выканаўцаў. Трэба дадаць, што мастацкі ўзровень папярэдніх конкурсаў быў вельмі высока ацэнены прафесійным журы, а лаўрэат быў запрошаны выступіць у г. Зялёна-Гура ў амфітэатры імя Ганны Герман.
Фестываль будзе працягвацца два дні (27-28.09.2014). У першы дзень адбудзецца конкурс у 3 катэгорыях: салісты 15-26 гадоў, салісты больш за 26 гадоў, гурты. Кожны выканае па дзве кампазіцыі — адну на польскай мове і адну – на рускай. Пасля конкурсу журы, у склад якога ўвойдуць беларускія артысты і прадстаўнікі музычнага асяроддзя Польшчы (у 2013 г. старшынёй журы быў Кшыштаф Цвынар — кампазітар, аўтар тэкстаў Ганны Герман, які разам з ёй выступаў на сцэне), аб'явіць імёны выканаўцаў, запрошаных на гала-канцэрт. На другі дзень фестываля падчас гала-канцэрта стануць вядомы вынікі, будуць раздадзены прызы, адбудзецца мастацкая частка, якая прадугледжвае прэзентацыю песень лаўрэатаў і запрошаных гасцей.
Заяўку ўдзельніка і правілы конкурсу можна знайсці на сайце www.annagerman.by. Усе зацікаўленыя могуць дасылаць заяўкі да 15 верасня 2014 г. на адрас festywalag@mail.ru
Сярод патронаў фестываля — Культурны цэнтр г. Зялёна-Гура і бургамістр горада Сцінава.

***

Перад Трэцім фестывалем імя Ганны Герман у гэтым годзе, 13-14 верасня, адбудуцца Вакальныя майстар-класы «Сустрэча з Ганнай». Іх мэта — пазнаёміць маладых музыкантаў-аматараў з сучаснымі вакальнымі тэхнікамі і падрыхтаваць выбраныя творы на фестываль.
Майстар-класы будуць праводзіць двое артыстаў. Адзін з іх — выдатны польскі настаўнік вакалу і пастанокі голасу, спявак Марэк Раўскі. М. Раўскі выкладае ў Прыватнай акцёрскай школе Галіны і Яна Махульскіх у Варшаве і на Факультэце журналістыкі Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Ён праводзіць майстар-класы «Знайдзі і фарміруй свой голас», выкарыстоўваючы ўласную ўнікальную методыку вызвалення і пастаноўкі голасу. Майстар-класы будзе таксама праводзіць Надзея Бронская — член Беларускага саюза музычных дзеячоў, актывістка польскай дыяспары, лаўрэат Міжнароднага фестываля імя Ганны Герман «Эўрыдыкі, якія танцуюць» у г. Зялёна-Гура.
Заяўка ўдзельніка і правілы ўдзелу ў майстар-класах змешчаны на сайце www.annagerman.by. Усе зацікаўленыя могуць дасылаць заяўкі да 8 верасня 2014 г. на адрас wandrowka.minsk@yandex.ru.