У імя Ежы Гедройца

31 сакавіка ў Польскім Інстытуце ў Мінску ўзнагародзілі пераможцаў IX конкурсу імя Ежы Гедройца на лепшую журналісцкую працу ў беларускіх сродках масавай інфармацыі за 2008 год на тэму польска-беларускіх адносін у галіне культуры, навукі і мастацтва.



davydouski_800x600.jpg

Уладзімір Давыдоўскі


Конкурс заснаваны ў 2000 годзе ў гонар славутага ўраджэнца Мінска (у яго гонар названая адна з вуліц сталіцы) Ежы Гедройца (1906–2000), выдаўца і галоўнага рэдактара польскага парыжскага часопіса «Kultura» (з 1947-га), ладная частка выпускаў якога прысвячалася не толькі польскай, але беларускай праблематыцы. Дэклараванае Гедройцам яшчэ ў 1950-я гады бачанне будучыні Украіны, Літвы і Беларусі як незалежных еўрапейскіх дзяржаў надоўга зрабіла яго персонай нон-грата ў СССР. Зараз яго імя служыць сімвалам культурнага яднання суседніх народаў.
З 34 кандыдатаў, якія прадставілі працы ў розных галінах журналістыкі, ад тэле-, радыё- і інтэрнэтпраграм да папяровых СМІ, журы вылучыла пяць лаўрэатаў (першую і трэцюю прэміі не ўручалі). Другой прэміяй быў уганараваны паэт, літаратуразнавец, гісторык Сяргей Чыгрын са Слоніма за выдадзеную «Беларускім кнігазборам» кнігу гісторыка-краязнаўчых і літаратурных нарысаў «Беларуская Беласточчына». Дыпломы з адзнакай атрымалі тры ўдзельнікі. Алег Лукашэвіч быў узнагароджаны за паказаны на БТ умежах аўтарскага праекта «Эпоха» фільм, прысвечаны Адаму Міцкевічу. За папулярызацыю польска-беларускіх культурных стасункаў у сваіх артыкулах ушанавана Ларыса Цімошык.
А пачціва названы «грамадзянінам ВКЛ» журналіст Уладзімір Давыдоўскі быў адзначаны за культурна-гістарычныя праграмы на радыё «Рацыя» і «Свабода», артыкулы ў часопісе «Абажур».
Уладзімір Давыдоўскі — музыка, мастак і літаратар, адзін з заснавальнікаў легендарнага гурта «Мроя»,  аўтар інфармацыйнага праекта «Сусветная служба «Беларускай Маладзёжнай» (1991–1994). З апошняга ў 1992 і вырасла ідэя-праект «Вялікае Княства», у межах якой паўстала і музыка аднайменага гурта, і літаратурныя творы. У 2006 годзе  яна ўвасобленая ў электронны партал, на якім асвятляюцца падзеі ў розных галінах культуры і мастацтва, актуальнага грамадскага жыцця і гісторыі. Галоўны прынцып, дэклараваны яго стваральнікамі: «умацаванне грамадзянскай супольнасці ў краіне на грунце духоўных, культурных, гістарычных і дэмакратычных каштоўнасцяў». Важная пазіцыя — камунікацыя зацікаўленых беларусістыкай наведвальнікаў з розных краін, нездарма Уладзімір з задавальненнем адзначае, што апрача карэспандэнтаў з Беларусі, Польшчы, Расіі, сотні карыстальнікаў завітваюць на партал і з ЗША, і, што не зусім тыпова — з Францыі.
Уладзімір Давыдоўскі з нагоды перамогі ў конкурсе адказаў на пытанні «НЧ».
— У чым для цябе значнасць конкурсу імя Ежы Гедройца?
— Конкурс стаў для мяне ў літаральным сэнсе падсумаваннем усяго таго, што было зроблена за апошнія гады. Адначасова — адказам на пытанне, наколькі сэнсоўнай была праца. Я атрымаў адказ. Ён для мяне — лёсавызначальны.
— Што заахвоціла да ўдзелу?
— Гэта адбылося летась. Падчас падарожжа па Беласточчыне ў якасці журналіста «Радыё Свабода», у адным з мястэчак я патрапіў на незвычайны спектакль. Ролі ў ім выконвалі чэчэнскія дзеці. Адзін з акцёраў быў без дзвюх ног, бо патрапіў на міны. Спектакль, як і вакацыі дзяцей (якія бачылі толькі ваеннае жыццё), арганізаваў фонд Ежы Гедройца. І ў канкрэтнай сітуацыі супрацоўнікі фонду імкнуліся праз творчасць і культурныя каштоўнасці вярнуць дзяцей да нармальнага ўспрымання мірнага жыцця. Прычым рабілі ўсё шчыра, самаахвярна, не маючы на мэце ўласную карысць. Гэтыя памкненні мне вельмі зразумелыя і блізкія. Таму, калі я ўбачыў абвестку пра конкурс, то найперш прыгадаў той спектакль і падумаў, што сустрэну аднадумцаў, якія, як і я, лічаць, што культура — збліжае людзей і народы.
Перамога ў конкурсе дае ўпэўненасць у абраным шляху. А таксама прыцягвае новых сяброў і аднадумцаў, з якімі можна здзейсніць цікавыя і патрэбныя людзям праекты.
— Ці важнае для цябе імя Гедройца ў тытуле конкурсу?
— Надзвычай важнае і сімвалічнае, разам з тым справа яшчэ і ў людзях, якія сваімі пачэснымі ўчынкамі ўшаноўваюць яго імя. Яны мне сімпатычныя сваімі чалавечымі якасцямі.