У серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» з’явіліся новыя кнігі

Грамадскае аб’яднанне «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (Рыга, Латвія) сумесна з мінскім выдавецтвам «Харвест» выдалі пяць чарговых ілюстраваных 64-старонкавых кніжак з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», заснаванай у 2012 годзе.



sto_vybitnych_logo.jpg

Выданні прысвечаныя Міколе Ермаловічу (1921-2000) — гісторыку, які адкрыў беларусам вочы на сапраўднае мінулае Бацькаўшчыны, адкінуў хлуслівую тэзу расійскіх і літоўскіх гісторыкаў пра захоп жамойтамі беларускіх земляў у XII стагоддзі, сцвердзіў, што беларусы — аславяненыя балты, а не збалтызаваныя славяне, чым прынцыпова змяніў сутнасць айчыннай гісторыяграфіі; Казіміру Малевічу (1878-1935) — сусветна вядомаму мастаку і тэарэтыку мастацтва родам з Копыля на Міншчыне, які заснаваў новы мастацкі накірунак «супрэматызм», дзе адбіліся дзіцячыя ўражанні жыцця сярод беларускага сялянства, стварыў у Віцебску гурт з некалькіх дзесяткаў мастакоў — папулярызатараў супрэматызму па ўсім свеце; Тэадору Нарбуту (1784-1864) — выдатнаму беларускаму краязнаўцу, археолагу, гісторыку і літаратару, які пакінуў нашчадкам найбагацейшую творчую спадчыну, у тым ліку дзевяцітомную «Старажытную гісторыю літоўскага народа» і шэраг фальклорна-этнаграфічных даследаванняў; Івану Насовічу (1788-1877) — славутаму мовазнаўцу і фалькларысту, пачынальніку беларускай лексікаграфіі, які склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы (1867), першы тлумачальны «Словарь белорусского наречия» (1870) і пяць зборнікаў беларускага фальклору, напісаў шмат артыкулаў па этнаграфіі і фальклору; Антону Жэбраку (1902-1965) — выдатнаму генэтыку і селекцыянеру, акадэміку Акадэміі навук БССР, які не толькі паспяхова займаўся стварэннем новых гатункаў культурных раслін, але і змагаўся з прайдзісветамі, якія ўчынілі пагром у айчыннай біялогіі.

Аўтары выданняў, адпаведна, Анатоль Астапенка, Леніна Міронава, Алесь Ненадавец, Святлана Шахоўская  і Аляксандр Мялік.

Кнігі надрукаваныя накладам па 1.000 асобнікаў кожная. Іх можна набыць у кнігарнях Мінска і краіны коштам прыкладна 15 тыс. руб.

Як адзначыў навуковы сакратар інстытута, заснавальнік, каардынатар і рэдактар серыі, прафесар Анатоль Тарас, на сённяшні дзень у серыі выйшла 25 кніжак і рыхтуюцца да выдання на пачатку наступнага году чарговыя пяць. Гэта кнігі пра такіх выбітных дзеячаў беларускай культуры, як стваральнік беларускай нацыянальнай оперы, кампазітар Станіслаў Манюшка, жывапісец Іван Хруцкі, вядомы сваімі нацюрмортамі і партрэтамі, этнограф і фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, даследчык помнікаў старажытнай культуры Аляксей Сапуноў, а таксама адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, аўтар своеасаблівай энцыклапедыі нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду і прыгажосці душы — зборніку прозы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», пісьменнік Ян Баршчэўскі.

Над гэтымі выданнямі працуюць вядомы айчынныя даследчыкі мінулага Вітаўт Чаропка, Аркадзь Падліпскі і Ірына Шумская.

У спісе герояў серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» з’явілася 20 новых імёнаў, так што пры наяўнасці адпаведных аўтараў мяркуецца выдаць больш за 100 кніжак.

Анаталь Тарас запрашае беларускіх даследчыкаў да ўдзелу ў напісанні кніжак гэтай серыі.