У Слуцку хочуць гаварыць па-беларуску

Як загаварыць на мове бацькоў і прадзедаў — случчане абмеркавалі на сустрэчы з грамадскім актывістам Франакам Вячоркам, якая прайшла ў межах кампаніі "Народны журналіст".



mova11.jpg

На імпрэзу, дзе не толькі абмяркоўвалі моўнае пытанне, але і спрабавалі папрактыкаваць беларускую мову, сабралося болей за 30 чалавек.
На працягу гэтага года ў Слуцку штомесяц праводзіліся беларускамоўныя літаратурна-паэтычныя сустрэчы: тут  здолелі пабываць паэты Алесь Сьнег, Эдуард Акулін, выступілі пісьменнік Адам Глобус, гісторык Уладзімір Арлоў, бард Зміцер Бартосік. 
Але калі папярэднія сустрэчы з беларускімі славутасцямі праходзілі ў выглядзе выступу-лекторыя, дык сустрэча з Франакам Вячоркам больш паходзіла на інтэрактыўны ўрок беларускай мовы, дзе не было пасіўных вучняў, але былі суразмоўцы.
На жаль, палітыка вынішчэння беларускай мовы глыбока закранула і наш горад. Слуцк, як і іншыя гарады, ужо даўно страціў беларускамоўнае асяроддзе. Гарадскія навучальныя ўстановы працуюць на рускай мове, у крамах, судзе, райвыканкаме, у іньшых дзяржаўных і прыватных установах не пачуеш роднага слова.
Таму людзі, якія сабраліся разам, каб паслухаць іншых і самім пагаварыць па-беларуску, адчувалі сябе першапраходцамі і першапачаткова саромеліся сваіх памылак. Парадавала, што актыўнічалі не толькі маладзёны, але і людзі сталага ўзросту. Некаторым з ім ўжо даўно пераваліла за 70 гадоў, але іхняй бадзёрасці і энтузіазму можна толькі па-добраму пазайздросціць.
Адна з іх, Ганна Пятроўна, шкадуе, што столькі гадоў не гаварыла на роднай мове. — Неяк не было з кім гаварыць, усе навокал быццам бы не беларусы.
Ірына Мікалаеўна прыйшла на сустрэчу з сваім сынам. Яе бацька быў украінцам, але беларускую мову вельмі шанаваў. — Мне вельмі прыемна было пабачыць столькі цікавых неабыякавых людзей,— дзеліцца сваімі ўражаннямі яна. — Хацелася б і надалей мець магчымасць камунікаваць з такімі людзьмі.
Мікалай, малады хлопец, па спецыяльнасці рабочы, першы раз патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе, спачатку саромеўся гаварыць па-беларуску: — Ведаеце, я першы раз прысутнічаў на такой “тусоўцы”. Чытаў у інтэрнэце, што ў Мінску людзі збіраліся, каб разам вучыцца і гаварыць па-беларуску. Не думаў, што гэта можа быць цікава.  У маю свядомасць як быццам нехта ўкараніў, што беларуская мова нейкая не такая, як іншыя. Чамусьці горшая за рускую. А чым яна горшая? Можа, наадварот, павінна быць для нас лепшай, бо яна наша родная? Неяк я не задумваўся пра гэта раней. Усе навокал гавораць па-руску, дык і я гавару. Але ж так прыемна было паслухаць мову гасцей з Мінска і самому пагаварыць. Праўда, у мяне пакуль толькі “трасянка” атрымліваецца…
Пасля імпрэзы я папрасіла Франака Вячорку падзяліцца сваімі меркаваннем пра нашую сустрэчу: — На фоне новых грамадска-палітычных выклікаў, якія нясе расійска-украінская вайна, беларуская мова і культура — несумнеўнае апірышча беларускай незалежнасці. Файна, што маладыя людзі і людзі сталага ўзросту пераходзяць на беларускую мову і робяць гэта свядома. Спадзяюся, што яны будуць рабіць гэта свядома і надалей. Вельмі важна, каб па-беларуску людзі гаварылі не толькі ў Мінску,але і ў Слуцку, у іншых гарадах.