Вандроўка на радзіму Язэпа Драздовіча

Даўно планаваў выбрацца на радзіму дзядзькі Язэпа — легендарнага мастака Язэпа Драздовіча. Разглядаў у альбомах ягоныя маляваныя дываны, малюнкі і карціны, чытаў ягоны дзённік, адзначаў шляхі ягоных вандровак на картах 1930-х гадоў. 



16_2_punki_drazdovich_1922.jpg

Пунькі. Язэп Драздовіч, 1922

Юбілей мастака падштурхнуў да дзеянняў. Нарадзіўся Язэп Драздовіч 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, на ўскрайку Галубіцкай пушчы, у Глыбоцкім раёне.

Каб дабрацца ў Пунькі, сядаю на цягнік і еду да станцыі Падсвілле. Мястэчка Падсвілле дужа ладнае. Разлеглася на беразе маляўнічага возера Алоізберг (па-мясцоваму Люзбэрак), у якое ўкліньваецца паўвостраў. Зграбныя домікі міжваеннага часу стаяць пры галоўнай вуліцы. Размешчанае пры чыгунцы і недалёка ад Галубіцкай пушчы, Падсвілле можа стаць адной з ключавых кропак у турыстычнай інфраструктуры Паазер’я.

Самы блізкі шлях у Пунькі ляжыць праз вёску Кішы. Адзіны тутэйшы помнік даўніны — Галодны магільнік — бачны проста з дарогі. На ўскрайку магільніка стаіць каменны крыж — падобны на тыя, што Драздовіч маляваў на карціне «Пагоня Ярылы».

Некалькі яблынь пры дарозе — апошні знак па вёсцы Праабражэнка. Перадолы вітаюць рускамоўным указальнікам, на выездзе — «прэзідэнцкія домікі», вакол якіх ні платоў, ні баразны.

Парадны ўезд у вёску Ліпляні, дзе Драздовіч знайшоў свой апошні прыпынак, праходзіць міма руінаў калгасных пабудоў ды фермы, дзе вокны зацягнутыя плёнкай. За Ліплянамі з пагорка бачная Галубіцкая пушча — вялізны лес засцілае сабой далягляд: ён і наперадзе, і справа, і злева.

Тут лёгка зблытацца і заехаць у засценак з філасофскай назвай Вечнасць ці ў паселішча з рамантычным назовам Любава. Вяртаюся ў Ліпляні, каб спытаць дарогу. «Паедзеце проста, у лесе канава і шлагбаум, там направа — кажа бабулька. — А як вы пазнаеце тыя Пунькі, там ужо нічога няма!»

Краязнаўца Уладзімір Скрабатун тлумачыў мне, што злева пры лясной дарозе будзе стаяць крыж, а справа метраў за трыста расце высокая ліпа. Падыходжу да крыжа, бачу ліпу. Гэта Пунькі. На сярэдзіне крыжа прыбіта металічнае распяцце, а пад ім растуць кветкі. Побач — яблыня, пад ёй ляжаць на зямлі смачныя антонаўкі.

Пустку на месцы Пунек займае някошаная, пасохлая трава. Сцежкі ў траве: людскія ці звярыныя? З хмызнякоў тырчыць кавалак страхі, крыты дранкай: разваліны нейкага хлява. Старыя яблыні. Сям-там павырасталі маладыя бярозкі і сосны. Раскіданае гняздо Драздовічаў.

16_4_siadziba.jpg

Месца, дзе калісьці была сядзіба Язэпа Драздовіча 

Ліпа — высачэзная і дамінуе над усім гэтым запусценнем. Яна дужа старая — можа, яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай расце тут? Колькідзясят крокаў управа — і натыкаюся на камяні. Калі меркаваць па апісанні Скрабатуна, гэта падмуркі дома, дзе і прыйшоў на свет Язэп Драздовіч. Яшчэ трохі прайсці — і натыкаюся на рэшткі склепа.

У 1930-х Драздовіч страціў крыніцы заробку і з’ехаў з Вільні. Адгэтуль і аж да смерці жыццё мастака ператварылася ў няспынную вандроўку. Замалёўваў старыя замкі, гарадзішчы, прадметы сялянскай архітэктуры і побыту. Размалёўваў сялянам дываны, прыносячы трохі эстэтыкі пад стрэхі вясковых хат.

Зарабляў мала. У сваім дзённіку мастак падводзіць рахункі за 1934 год: 81 злоты чыстага прыбытку за дзевяць месяцаў працы. Калі б наймаўся на сельскагаспадарчыя працы, зарабіў бы такую суму за сорак дзён. Але мастак абраў жабрацкае жыццё, абы застацца мастаком.

Па дзённіках можна прасачыць яго шляхі — па тэрыторыі сучасных Глыбоцкага, Шаркаўскага і Мёрскага раёнаў. А спачыў на магільніку ў Ліплянях — усяго два кіламетры нацянькі ад Пунек.

Язэп Драздовіч для Беларусі — постаць, параўнальная з Мікалоюсам Чурлёнісам для Літвы. Але ў Літве свайго нацыянальнага генія шануюць, яго мастацтвам ганарацца, яго творчасць вывучаюць і папулярызуюць, створаны музеі. Наш нацыянальны геній — Язэп Драздовіч — вернуты з нябыту выключна высілкамі грамадства.

***

16_1_mahila_drazdovicha.jpg

Магіла Язэпа Драздовіча

У дзень юбілею каля Ліплянскага магільніка я пабачыў каля паўдзясятка машын. Інтэлігенцыя з Падсвілля, Глыбокага, Шаркоўшчыны сабралася, каб ушанаваць памяць Драздовіча. З больш далёкіх гасцей — скульптар Генік Лойка з Мінска і мастачка Святлана Баранкоўская з Віцебска.

На ўскрайку могілак стаялі дзве жанчыны і малая дзяўчынка. «Драздовіча шукаеце? Ён тут». Разгаварыліся. Старэйшая жанчына, Аліна Станіславаўна Тышко, добра памятае дзядзьку Язэпа. У 1954-м, калі мастак дажываў апошнія свае дні, спадарыня Аліна была 15-гадовай дзеўкай.

— Хадзіў, карцінкі маляваў. Намаляваў мяне, дзвюх сясцёр, суседку… У блакноціку за пяць капеек. Згубілі… Не захавалі… Каб гэта знаннё… Выйдзе з хаты, паглядзіць на зоркі… Казаў: мяне яшчэ ўспомняць, як у космас паляцяць… У грыбы хадзіў з ляскаю, на якой выразаны чалавек. Бедны быў… Намалюе, дык яму заплоцяць, пакормяць. Хадзіў па ўсім свеце, у каго маляваў, у таго і жыў, і еў, — успамінае Аліна Станіславаўна.

Калісьці Язэпу Драздовічу давялося прайсці шлях з Галубіцкай пушчы да Вільні, каб усвядоміць сябе беларусам, пазнаць гісторыю і сімвалы свайго народа, каб намаляваць вершніка на кані на славутай карціне «Пагоня Ярылы». Цяпер нацыянальныя сімвалы шануюць у родных мясцінах Драздовіча. «Пагоня» ўпрыгожвае сядзібу Мар’яна Місевіча ў вёсцы Перадолы. Над хатай і зімой, і летам лунае бел-чырвона-белы сцяг.

Сядзіба Місевіча стала альтэрнатыўным Домам культуры. Сёлета ў ліпені тут ладзіўся мастацкі пленэр, прымеркаваны да 125-годдзя Драздовіча. На сценах хаты — стэнды з фотаздымкамі, карціны. Кніжная паліца з творамі беларускіх класікаў і сучаснымі недзяржаўнымі выданнямі. Мясцовыя ўлады дадалі да збораў унікальны экспанат: замаляваны невядомымі герб «Пагоня», які вісеў на балконе кватэры Місевіча ў Падсвіллі.

У хаце спадара Мар’яна сабраліся людзі, якія прыехалі на ўшанаванне памяці Драздовіча. Паглядзелі дакументальны фільм, зняты падчас першага Драздовіцкага пленэра, які прайшоў у гэтых мясцінах 1996 годзе. На экране ноўтбука прамаўляе Міхась Райчонак, заснавальнік культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Гэта ўжо гісторыя. Міхась памёр у 25-гадовым узросце. Пахаваны на могілках у Германавічах, недалёка ад магілы Юзэфы Драздовіч, маці Язэпа.

Ада Райчонак, маці Міхася і старшыня цэнтра імя Драздовіча, пералічвае імёны мастакоў-удзельнікаў першага Драздовіцкага пленэра, якія пайшлі з жыцця: Яўген Кулік, Яўген Шатохін, Уладзімір Раманоўскі, Сяржук Цімохаў, Уладзімір Сулкоўскі, Віктар Маркавец. «Давайце выкладзем каля магілы Язэпа Драздовіча камяні з надпісамі тых яго шукальнікаў, якіх няма ўжо на свеце», — прапанавала Ада Эльеўна.

Генік Лойка прывёз паказаць скульптуру, створаную ў выніку разважанняў над касмічнымі карцінамі Драздовіча. Маленькі хлопчык, які сядзіць і пільна ўглядаецца ў неба, а рукі трымае на зямлі, нібы занатоўвае штосьці, прачытанае на зорках. «Ад неба — зямлі» — называецца твор. Малы Драздовіч? «Гэта не Драздовіч, але менавіта ён натхніў мяне на стварэнне гэтай скульптуры», — удакладняе Лойка.

16_3_skulptura_h_lojki.jpg

Скульптура Геніка Лойкі

Генік Лойка марыць усталяваць скульптуру ў Пуньках. Зараз, калі маладыя пушчанскія дрэвы паглынаюць радзіму мастака, гэта зрабіць нерэальна. Але калі б давесці Пунькі да ладу, адрамантаваць дарогу, калі б туды сталі ездзіць турысты…

Турыстычны патэнцыял Галубіцкай пушчы вялікі. Яна славутая не толькі тым, што тут нарадзіўся Драздовіч. Маляўнічыя краявіды, лясы з грыбамі і ягадамі, азёры з рыбай… У Падсвіллі можна было б знайсці памяшканне пад карцінную галерэю — выстаўляць там працы маладых мастакоў, паказаць нарэшце землякам малюнкі з альбома Драздовіча «Галубіцкая пушча», якія пакуль што знаходзяцца ў фондах бібліятэкі Акадэміі навук.

Ужо відавочна, што мастак і філосаф Язэп Драздовіча — фігура агульнанацыянальнага, калі не ўсясветнага маштабу. Бачыцца неабходнай дзяржаўная праграма вяртання яго імя і спадчыны ў сучаснасць. І зусім не фантастыкай уяўляецца паток наведвальнікаў у музей-галерэю твораў Язэпа Драздовіча ў Мінску, у адноўлены дамок-музей, дзе ён нарадзіўся, турыстычныя маршруты па слядах яго вандровак…

P.S.

Азнаёміцца з творчасцю Язэпа Драздовіча можна на сайце drazdovich.by. Стваральнікі сайта сабралі выявы карцін, малюнкаў, маляваных дываноў, а таксама артыкулы і фільмы пра Драздовіча.

У гісторыка-этнаграфічным музеі Глыбокага (вул. Энгельса, 24) да снежня працуе выстава твораў Язэпа Драздовіча, сабраных з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Германавіцкага музея народнай культуры і быту, Заслаўскага музея-запаведніка.