Выстава ў гонар 275-годдзя з дня народзінаў Тадэвуша Рэйтана

Вечарам 15 студзеня ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 275-годдзю з дня народзінаў вялікага сына беларускай зямлі Тадэвуша Рэйтана.



У экспазіцыі, арганізаванай сябрамі арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Змітром Юркевічам і Алесем Родзіным, прадстаўлены прысвячэнні Рэйтану: творы сучасных беларускіх мастакоў, у тым ліку графічны шэраг Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", рэпрадукцыі твораў мастакоў XVIII-XX стагоддзяў, літаратурныя працы, у тым ліку створаныя пляменнікамі юбіляра — Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў, фота і памятныя медалі з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.

rejtan_275_11.jpg

Адам Мальдзіс

На думку доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, для ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана — адной з самых шматпакутных асобаў беларускага нацыянальнага пантэону XVIII стагоддзя — арт-суполцы імя Тадэвуша Рэйтана неабходна стварыць аднайменны фонд, які б выкупіў і ўзяў у надзейныя рукі радавы маёнтак Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка, што на Ляхавіччыне ў Брэсцкай вобласці. Навукоўца заклікаў беларускае грамадства ўсебакова падтрымаць гэтую ідэю.

rejtan_275_12.jpg

Рыгор Сітніца

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў падзяку Алесю Родзіну і Змітру Юркевічу за тое, што яны ўзялі на сябе вельмі пачэсны цяжар – вывесці з нябыту наймагутнейшую асобу беларускага нацыянальнага чыну Тадэвуша Рэйтана, роўную Тадэвушу Касцюшку і Адаму Міцкевічу. На меркаванне спадара Сітніцы, узнёслы грамадзянскі чын, што распачала арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, не толькі выклікае захапленне, але будзе аддзячаны Богам і людзьмі, бо гэты свядомы чын грунтуецца на  штодзённай руплівай працы, веры ў Бога і любові да Бацькаўшчыны.

rejtan_275_13.jpg

Алесь Родзін

Як распавёў мастак Алесь Родзін, у графічным шэрагу "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", створаным сумесна з Змітром Юркевічам, налічваецца 60 прац. Мастак выказаў падзяку Змітру Юркевічу за ягоную працу ў беларускіх і замежных архівах па пошуку гістарычных сведчанняў пра жыццё і дзейнасць Тадэвуша Рэйтана, ягоных продкаў і нашчадкаў.  Менавіта дзякуючы гэтым знаходкам на графічных лістах з’явіліся тэксты Змітра Юркевіча з цікавымі звесткамі пра род Рэйтанаў, сказаў Алесь Родзін. На ягоную думку, арт-суполка будзе крок за крокам працягваць гэтую справу, бо такія выбітныя асобы, як Тадэвуш Рэйтан, сёння вельмі патрэбныя беларускай дзяржаве, каб захаваць родную зямельку.

rejtan_275_14.jpg

Зміцер Юркевіч 

Зміцер Юркевіч зазначыў, што арт-суполка існуе ўсяго трэці год. На ягоную думку. розныя справы суполкі, у тым ліку прыборка тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, праца ў архівах, падрыхтоўка артыкулаў, імпрэз і выстаў, абуджалі цікаўнасць грамадства да імя Тадэвуша Рэйтана — велічнай постаці, сапраўднага патрыёта Вялікага Княства Літоўскага і беларускай зямлі. Паводле ягоных словаў, маёнтак Рэйтана з’яўляецца нацыянальнай святыняй, таму не можа быць выстаўлены на таргі і сысці ў прыватныя рукі, а павінен належыць дзяржаве. І ў гэтай сядзібе трэба стварыць Дзяржаўны мемарыяльны музей Тадэвуша Рэйтана, які цягам часу стане буйным культурным цэнтрам з вялікай фестывальнай праграмай дзеля выхавання сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны, сказаў Зміцер Юркевіч. Ён заклікаў беларускую грамадскасць паспрыяць гэтай вартай справе.   

А зямляк Тадэвуша Рэйтана, літаратар Іосіф Бацечка прапанаваў лідарам арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў справе рэалізацыі ідэі стварэння музея і культурнага цэнтра ў Грушаўцы звярнуцца да прэзідэнта Польшчы.

rejtan_275_7.jpg

Фрагменты экспазіцыі

Нагадаем, што за сваё кароткае жыццё, Тадэвуш Рэйтан здзейсніў толькі адзін подзвіг, але рэха яго пралунала па ўсім свеце. У 1773 годзе ў Варшаве, падчас надзвычайнага сойму Рэчы Паспалітай, на які Тадэвуш быў абраны дэпутатам Наваградскага ваяводства ВКЛ, Рэйтан узначаліў нешматлікую групу паслоў з беларускіх земляў і выказаў рашучую нязгоду планам зацвердзіць I падзел Рэспублікі абодвух народаў.

rejtan_275_8.jpg

Фрагменты экспазіцыі

Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем. У ягоны гонар у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску называліся школы і вуліцы, узводзіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вядомыя літвіны XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі і Францішак Смуглевіч прысвячалі Рэйтану і яго паплечнікам  літаратурныя і мастацкія творы. На прыкладзе героя, які выратаваў гонар сваіх сучаснікаў, выхоўваліся пакаленні патрыётаў.

rejtan_275_16.jpg

Удзельнікі вечарыны