Час прыватызаваць эліту

Гістарычны ківач, які завіс у мяккім аўтарытарызме, пачаў зваротны рух. Мяне часта папракаюць за маё захапленне Расіяй, і справядліва. У якасці «апраўдання» прывяду дзве прычыны. Па-першае, у беларускім (як і расійскім) грамадстве працэсы мадэрнізацыі не завершаныя.



str_4_vesly.gif

Таму заходнія гуманітарныя навукі, арыентаваныя на апісанне грамадстваў мадэрну, могуць мала чым дапамагчы ў разуменні мінулага, сапраўднага і будучага Беларусі. У Расіі ж за апошнія 20 гадоў паўсталі навуковыя школы, якія фармуюць самастойныя (незаходнія) мову і апарат апісання расійскага грамадства.

Па-другое, залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі на сённяшні дзень такая вялікая, што сама магчымасць самастойнага развіцця сацыяльна-палітычных працэсаў у Беларусі апынулася пад пытаннем. Узгадаем 2011-ы год. Пераход эканамічнага крызісу ў крызіс сацыяльны, а затым і ў палітычны, успрымаўся шмат кім (і справядліва) як падзея, якую нельга прадухіліць. Але Расія ў чарговы раз падставіла плячо. Трэба ўсведамляць, што 3–4 мільярды долараў дадатковых датацый для нашага адзінага саюзніка — гэта не грошы. Такім чынам, канчатковае вычарпанне ўнутранага рэсурсу дамарослай «мадэлі развіцця» не прывядзе да яе палітычнай смерці.

З вялікай ступенню верагоднасці можна сцвярджаць, што працэсы трансфармацыі роднасных аўтарытарных рэжымаў будуць адбывацца паралельна. Пры гэтым змены ў Беларусі стануць адказам на змены ў Расіі. Узгадаем перабудову: у Маскве гукнулі — у Мінску адгукнулася.

Пуцін і труба

Галоўная асаблівасць грамадстваў, якія не завяршылі мадэрнізацыю, — раскол. Ён размяжоўвае тых, хто асвоіў каштоўнасці мадэрну (хай сабе і ў першым набліжэнні), і тых, хто зрабіць гэтага не здолеў. Раскол, нібы хістальны контур у электратэхніцы, здольны падтрымліваць зваротна-паступальныя рухі гістарычнага ківача.

Перабудова — адна з крайніх кропак на яго тысячагадовым шляху. Гэтак жа, як і яе папярэдніца (Лютаўскай рэвалюцыі), перабудова давяла эканоміку да поўнага калапсу, спарадзіўшы тым самым запыт на аднаўленне ўладнай «вертыкалі» на чале з моцным лідарам. Пуцінскія «нулявыя» — гэта аналаг Ваеннага камунізму, за якім, калі чытачы яшчэ памятаюць школьны курс гісторыі, надышоў НЭП.

Ваенны камунізм вычарпаў свой рэсурс за тры гады (1918–1921). Але хуткасць сацыяльна-палітычных працэсаў з тых часоў істотна ўзрасла. Усё правільна. Як правільна і тое, што падпалкоўнік КДБ Пуцін, адпрацаваўшы на галерах два прэзідэнцкіх тэрміны, пасля чатырохгадовага перапынку зноў прыкуў сябе ланцугом да вясла.

Тлумачыцца ўсё проста. У распараджэнні Пуціна знаходзіцца труба. Лёс усіх яго папярэднікаў (аж да першых Рурыкавічаў) залежаў ад здольнасці дзяржавы канцэнтраваць матэрыяльныя рэсурсы. Строга кажучы, халява пачалася пры Брэжневе. Напачатку 1970-х гадоў яна паставіла крыж на рэформах Касыгіна і тым самым аддаліла перабудову. Але труба з’яўляецца трубой толькі пры ўмове запаўнення дарагой нафтай. У гэтым сэнсе Гарбачову не пашанцавала. З расійскай трубы крапае і беларусам, што і тлумачыць даўгалецце дамарослага аналагу ваеннага камунізму.

Звернемся да статыстыкі. За 2000–2011 гады ВУП на душу насельніцтва ў Расіі павялічыўся ў 3,1 разу, але выключна за кошт росту цэнаў на сыравіну. Пасля хаосу 1990-х гадоў, калі рэальныя прыбыткі насельніцтва зменшыліся больш чым у два разы, штогадовы двухзначны рост прыбыткаў у «нулявыя» дазваляў уладзе не задумвацца пра якасць сацыяльнай палітыкі, тым больш, што насельніцтва асаблівых патрабаванняў і не высоўвала.

З 1992 па 2009 год суадносіны прыбыткаў 10 працэнтаў самых багатых да прыбыткаў 10 працэнтаў самых бедных павялічыліся з 8 да 16,7. Расія стала краінай мільярдэраў, што ніяк не адбілася на сацыяльнай стабільнасці. «Сутнасць сістэмы ўяўляла сабой «аўтарытарны рэжым са згоды падданых» — людзі засяроджвалі ўвагу на асабістых справах, а ўлады забяспечвалі ім хуткае падвышэнне ўзроўню жыцця, якое грунтавалася на рэзкім росце цэнаў на нафту. У такой атмасферы прыватнае ўвесь час брала верх над грамадскім» (даклад Маскоўскага цэнтра Карнэгі «Абуджэнне Расіі»).

Зваротны рух ківача

Любая схема спрашчае рэальнасць. Што да выкладзенай вышэй, дык яна максімальна спрошчаная. Таму паспрабую схему дапоўніць.

Для падтрымання сацыяльна-палітычнага статус-кво Пуціну патрэбныя не проста высокія цэны на нафту, а цэны, якія ўвесь час растуць. А вось з гэтым якраз і паўсталі праблемы. У дзяржавы, арганізаванай па прынцыпе сярэднявечнай вотчыны, няма свайго ўнутранага (не нафтавага) генератара рэсурсаў. Але не варта ўсё зводзіць да высыхання плыні нафтадолараў. Па меры росту прыбыткаў, структура запытаў насельніцтва пачала змяняцца, а Крэмль працягваў дзейнічаць у звыклым алгарытме — г. зн. заліваў праблемы грашыма.

І здарылася тое, што здарылася. Гістарычны ківач, які завіс у вобласці мяккага аўтарытарызму, пачаў зваротны рух.

Няўзброеным вокам гэты рух пакуль заўважыць цяжка. Аднак, напрыклад, на сайце Фонду грамадскай думкі кожную сераду абнаўляюцца палітычныя індыкатары. Да канца студзеня 2011 года індэкс даверу да Пуціна выпісваў паралельную лінію на ўзроўні ў 65 адзінак. Аднак са студзеня індэкс пачаў плаўна змяншацца. Прэзідэнцкія выбары змянілі негатыўную тэндэнцыю на пазітыўную, але ненадоўга. 11 сакавіка 2012 года, дасягнуўшы максімуму (які апынуўся ніжэй за узровень стабільнасці на тры адзінкі), індэкс працягнуў зніжэнне. Апошняе значэнне — 51,4.

Нагадаю фрагмент папярэдняй «Азбукі паліталогіі»: «Усе сацыяльныя сістэмы з’яўляюцца ўнутрана напружанымі. Таму змены могуць ажыццяўляцца двума спосабамі: за кошт развіцця сіл, якія спрыяюць, або праз паслабленне сіл, якія стрымліваюць пажаданыя змены». Варта было толькі ўладнаму тандэму паўнамёкамі спарадзіць сярод апазіцыйна настроеных грамадзян надзею на раскол у асяроддзі палітычнай эліты, як на акцыі пратэсту пачалі збірацца не купкі гарадскіх вар’ятаў, а сотні тысяч раззлаваных гараджан.

Тут самы час прыгадаць словы сацыёлага Лявонція Бызова: «Мы назіраем завяршэнне чарговага вітку гістарычнага цыклу, вычарпанасць тых грамадскіх парадыгмаў, якія шмат у чым пазітыўна ўспрымаліся грамадствам у «эпоху нулявых». Як стала відавочна менавіта ў гэтыя гады, само па сабе ўмацаванне дзяржаўнага кампаненту праз пабудову «адміністрацыйнай вертыкалі», інтэнсіўнае фармаванне «кіроўнага класа» ў асобе дзяржаўнай бюракратыі, не змаглі забяспечыць развіццю эканамічнай і палітычнай сістэмы краіны новыя імпульсы».

Фактаў, якія сведчаць пра пачатак зваротнага руху ківача, хапіла б на дзясятак «Азбук паліталогіі». Не засталіся яны незаўважанымі і праз прарэз для вясла дзяржаўнай галеры. У Крамлі нямала прафесійных аналітыкаў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі, якую парушылі акцыі пратэсту, было прынята рашэнне адмовіцца ад спробаў прыцягнуць на свой бок раззлаваных гараджан, што азначала перафарматаванне агульнанацыянальнага лідара ў лідара кансерватыўнай «большасці».

Новая павестка дня

Ва ўмовах зніжэння даверу да Пуціна, было прынята рашэнне выкарыстоўваць нематэрыяльныя спосабы захавання палітычнага статус-кво. Кампанія па барацьбе з карупцыяй — адзін з іх. Крэмль, у прыватнасці, непакоіць той факт, што ўсё большая колькасць расіян лічаць «Адзіную Расію», як трапна сказаў блогер Аляксей Навальны, «партыяй жулікаў і злодзеяў» (з такой характарыстыкай у лютым 2013 года, паводле «Левада-Цэнтра», пагадзіліся 40% рэспандэнтаў).

Аднак у рэальную барацьбу з карупцыяй верыцца з цяжкасцю. У сучаснай Расіі карупцыя — інструмент кіравання, які прыйшоў на змену сталінскаму гвалту. Паколькі апорай «уладнай вертыкалі» служыць асноватворны прынцып — васальная адданасць цэнтру ў абмен на магчымасць неабмежавана ўзбагачацца любымі спосабамі, — узровень карупцыі ў Расіі стаў зашкальваць. Адсюль рост масавай незадаволенасці, які пагражае пазбавіць уладу легітымнасці ў вачах не толькі прасунутых сацыяльных груп, але і насельніцтва ў цэлым.

Ківач набірае хуткасць і падштурхоўвае Крэмль да фармавання новай павесткі дня. Карэкцыя правіл гульні ў асяроддзі эліты за кошт гучных антыкарупцыйных спраў — адзін з яе элементаў. Па меркаванні палітолага Глеба Паўлоўскага, Пуцін «асцярожна змяняе правілы гульні, але паколькі ў яго пакуль няма альтэрнатыўных правіл, ён проста пашырае зону небяспекі для свайго асяроддзя, галоўным чынам для вышэйшага істэблішменту».

Пуцінскія імправізацыі трымаюць эліты ў стане нявызначанасці — такім чынам, у стане большай залежнасці ад імправізатара. Ранейшая сістэма давала чыноўнікам права на прадпрымальніцкую дзейнасць. Але ў Думу ўнесены законапраект, які прадугледжвае для «асобы, што абавязаная прымаць службовыя рашэнні, якія закранаюць пытанні суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі», забарону на валоданне замежнымі рахункамі і актывамі ў замежных кампаніях. Гэтыя правы застануцца толькі ў тых, хто гатовы заплаціць за іх дадатковай лаяльнасцю Пуціну.

Як гэта па-руску! Заслона ставіцца не на шляху незаконнага ўзбагачэння чыноўнікаў, а на магчымасці іх інтэграцыі ў заходнюю сістэму. Крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта растлумачыла агенцтву «Reuters», што заканадаўчая ініцыятыва Пуціна накіраваная на «фармаванне нацыянальна арыентаванай эліты». Гаворка, такім чынам, ідзе пра яе нацыяналізацыю. Час пакажа, наколькі гэта дапаможа затрымаць рух ківача.

Яшчэ адзін базавы элемент новай павесткі дня — «Агульнарасійскі народны фронт» (АНФ), першая канферэнцыя якога адбылася ў канцы сакавіка. Удзел у яе працы прыняў Пуцін.

У сувязі з пераарыентацыяй на «большасць» — а яе ядро традыцыйна складае апору камуністаў, — АФН давядзецца таптацца на адной электаральнай пляцоўцы з КПРФ. «Партыя жулікаў і злодзеяў» у гэтай справе хутчэй стане перашкодай, чым памагатым. Да прэзідэнцкіх выбараў яшчэ пяць яшчэ пяць гадоў, але ў Крамлі імкнуцца падрыхтаваць санкі ўлетку…