Заходнебеларуская Атлантыда — новыя праблемы

Трухан кажа, што ён не даваў распараджэнняў зачыніць выставу Ігара Мельнікава. Галоўны ідэолаг Мінскага раёна наогул адмаўляецца што-небудзь каментаваць па тэлефоне. А тым часам заўтра ў музеі чакаюць прадстаўнікоў МНС.



ikalaj_pahranouski_i_ihra_mieljnikau_na_nieaficyjnym_adkrycci_vystavy_logo.jpg

Мікалай Паграноўскі і Ігар Мельнікаў на неафіцыйным адкрыцці выставы 12 верасня 2014 года

Што ж адбываецца, каму ці чаму так замінае выстава Ігара Мельнікава? Паспрабуем разабрацца, для чаго адновім храналогію падзей.

Пяць месяцаў (пачынаючы з красавіка) Ігар разам з супрацоўніцай музея Ганнай Чухманавай пры падтрымцы дырэктара музейна-выставачнага комплексу ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" Мікалая Паграноўскага рыхтавалі выставу, заказвалі адмысловыя вітрыны, закуплялі рамкі і іншыя неабходныя рэчы. Усё было добра. Заслаўе рыхтавалася да Дня пісьменства. А Мельнікаў увесь вольны час аддаваў падрыхтоўцы экспанатаў.

Каб пахваліцца дасягненнямі, дырэктар музея паведаміў пра выставу БТ. 2 верасня журналісты Першага нацыянальнага прыехалі ў музей і знялі сюжэт пра экспазіцыю, пагутарылі з Ігарам і яго маці Аленай Мельнікавай. Гэты сюжэт 5 верасня паказалі ў рэгіянальных навінах. А 8 верасня ў цэнтральным рэгіёне (то бок на ўсю краіну). 

Напэўна з гэтага сюжэта ўсё і пачалося. Нехта з не вельмі пісьменных начальнікаў, паглядзеўшы пра нейкую "заходнебеларускую Атлантыду" вырашыў, што яна не пасуе сучаснаму моманту.

Ужо 10 верасня ў музей завітаў Руслан Трухан начальнік упраўлення па ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Сам ідэолаг кажа, што быў у Заслаўе толькі на Дне пісьменства, але дырэктар музея запэўнівае, спадар Трухан праыязджаў у музей. Як дарэчы, і галоўны ідэолаг Мінскага раёна Сяргей Кудзін. Трухан сказаў дырэктару: "Рабі, што хочаш, але каб гэтая выстава не адчынілася".

11 верасня  Ігару Мельнікаву (ён якраз быў у рэдакцыі НЧ) патэлефанаваў Мікалай Паграноўскі і паведаміў, што ў іх з'явіліся праблемы, пра якія трэба размаўляць асабіста, а не па тэлефоне. Ігар паехаў на сустрэчу с дырэктарам. Увечары Ігар сказаў, што выстава хутчэй за ўсё не адчыніцца, што Трухан лічыць яе дыскрэдытуючай СССР і што Паграноўскі раіць заўтра раніцай паспрабаваць дамовіцца з ідэолагам.

12 верасня не дачакаўшыся вынікаў гэтых перамоваў мы апублікавалі артыкул "Скандал вакол Заходнебеларускай Атлантыды", у якім распавялі пра ўсе падрабязнасці канфлікту. Інфармацыя разышлася. Трухан спачатку казаў пра аварыйны стан праводкі, потым наогул не адказваў па тэлефоне, а увечары патэлефанаваў Алене Мельнікавай і запытаў навошта яны паднялі міжнародны скандал. У гэтай сітуацыі Паграноўскі вырашыў выставу ўсё ж адчыніць, але нефармальна. Пасля чаго распарадзіўся экспазіцыю шырокаму колу наведвальнікаў не паказваць, а зрабіць даступнай толькі для СМІ. А тым часа планавалася працягваць перамовы с ідэолагам.

15 верасня стала вядома, што да Трухан вызвалі Кудзіна. Пра што размаўлялі два ідэолага не вядома. Кудзін адмаўляецца што-небудзь каментаваць па тэлефоне і запрашае прыйсці да яго асабіста. Трухан кажа, што ён нічога не забараняў ды і гэта не ў яго кампетэнцыі. А Паграноўскі, дарэчы, на гэту сустрэчу наогул вырашыў не ісці.

Атрымліваецца, выставу нібыта ніхто не забараняў, але яна і не працуе.

Але гэта не канец гісторыі. Заўтра, 16 верасня, у музей прыедуць супрацоўнікі МНС, які будуць правяраць стан пажарнай небяспекі. Як вы думаеце, ці не знойдуць яны якіх-небудзь парушэнняў, якія не дазволяць працаваць выставе? Мне чамусьці здаецца, што абавязкова знойдуць.

Такім чынам, заварыў усю кашу Трухан, але пасля пільнай увагі СМІ пачаў спіхваць усё спачатку на Кудзіна, потым на Паграноўскага, а зараз увогуле два ідэолага пасля цёплай сустрэчы сёння днём вырашылі павесіць усё на пажарнікаў. І заўважце, усе як бы не пры чым, усе белыя і пухнатыя... Акрамя пажарныя. А што з іх возьмеш?

Для чаго ўсё гэта робіцца? З аднаго боку, гэта амаль што рытарычнае пытанне ў нашай краіне. Але з другога, адказ ляжыць на паверхні. Калі б Ігар вырашыў адчыніць выставу, скажам, у снежні, ніхто б яе, магчыма, і не заўважыў. Дык не ж, яму ўздумалася рабіць гэта напярэдадні 17 верасня, 75-годдзя "вызваленчага паходу Чырвонай Арміі". І вось бяда, у сваёй экспазіцыі ён не чырвонаармейцаў праслаўляе, а нейкіх там нікому невядомых беларусаў, якія да таго ж ваявалі на баку Польшчы. Ну які ж ідэолаг гэта сцерпіць...

Што будзе далей? Хутчэй за ўсё пажарныя знойдуць якія-небудзь парушэнні (калі яны іх не знаходзілі?) і вынесуць прадпісанне аб закрыцці экспазіцыі да выпраўлення ўсіх недахопаў. Гэта значыць, што 17 верасня выстава Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах» не будзе даступная для наведвальнікаў. У тым ліку і для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і для Мацея Радзівіла, які ў размове з Мельнікавым пацвердзіў свой намер наведаць выставу. І гэта значыць, што фармальна ідэолагі сваю задачу выканаюць: нішто не азмрочыць светлую дату "уз'яднання". Не здарма ж у размове 12 верасня Руслан Трухан сказаў: "Адрамантуюць праводку і будзе працаваць выстава, што вы так хвалюецеся".

Пакуль жа, не гледзячы ні на што, Ігар Мельнікаў запрашае ўсіх аматараў гісторыі 17 верасня ў 16.00 музейна-выставачны комплекс ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" (вул. Рынкавая, д. 4, г. Заслаўе) на адмысловую экскурсію (якую сам і правядзе) па выставе «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах».