Галоўнае свята

Манаполія на ўладу немагчымая без прыватызацыі гісторыі. Тут варта прыгадаць Оруэла: «Хто валодае сучаснасцю, той валодае мінулым, а хто валодае мінулым, той валодае будучыняй».



str_4_sejalki.gif

Раз на год НІСЭПД складае рэйтынг даверу да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. У тройцы лідараў разам з праваслаўнай царквой нязменна аказваецца армія. Адкуль такая папулярнасць у народа, чый нацыянальны гімн пачынаецца словамі: «Мы, беларусы, — мірныя людзі»?

Пачну з эканамічнага парадоксу. Здабываючы каля 1,5 мільёна тон нафты на год, рэспубліка-партызанка экспартуе 13–14 мільёнаў тон нафтапрадуктаў. Як такое магчыма?

 

З фармальнага пункту гледжання зразумець гэты парадокс вельмі проста. На тэрыторыі Беларусі яшчэ ў савецкі час былі пабудаваныя два магутныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Але навошта? У БССР да распаду Савецкага Саюза на 1000 жыхароў прыходзілася менш за 50 легкавых аўтамабіляў. Сёння — каля 300. Савецкі Саюз нафтапрадукты не экспартаваў. Дык хто ж іх спажываў? Галоўным спажыўцом была армія. Пад кожным беларускім кустом знаходзілася воінская частка.

 

Яшчэ адзін прыклад. У 1974 годзе я скончыў хімічны факультэт БДУ. Адначасова з дыпломам мне ўручылі ваенны білет лейтэнанта хімічных войскаў. Усе савецкія маладыя людзі ў ВНУ паралельна асвойвалі воінскія спецыяльнасці.

 

Пасля заканчэння ўніверсітэта і да распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе я прапрацаваў на прадпрыемстве электроннай прамысловасці (ПА «Інтэграл»), што спецыялізавалася на выпуску электронных кампанентаў для сістэм узбраенняў.

 

Такім чынам, увесь савецкай перыяд майго жыцця быў звязаны з войскам. Пры гэтым у арміі я ніводнага дня не служыў.

 

Пошлая дзяўчына Лізавета I

Расійская дзяржава на працягу 1000-гадовай гісторыі развівалася як мілітарысцкая. Сам факт наяўнасці магутнай арміі не робіць дзяржаву такой. Мілітарысцкая дзяржава — гэта такая дзяржава, у якой што­дзённае жыццё не толькі падчас вайны, але і ў мірны час выбудоўваецца паводле ваеннага ўзору. Цывільнае насельніцтва пры гэтым кіруецца як армія.

 

Калі мы звернем свой погляд у мінулае, дык убачым, што ў маскоўскай Русі ўсё насельніцтва падзялялася на камандзіраў, салдат і работнікаў. Задача работнікаў заключалася ў тым, каб карміць камандзіраў і салдат. Такая сацыяльная структура захоўвалася да канца XX стагоддзя.

 

Мілітарызацыю жыццёвага ўкладу перадае мова. Усё, што адбывалася ў СССР, афіцыйна называлася «барацьбой» і «штурмам». У тэлевізійных навінах уборка ўраджаю падавалася як «бітва за ўраджай». Школьнікі на ўроках літаратуры пісалі сачыненні на тэму «Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд». Савецкая дзяржава клапацілася пра здароўе насельніцтва, але толькі таму, што мела патрэбу ў здаровых салдатах. 

 

Сацыяльная сістэма, кіраваная як армія, несумяшчальная з рынкам. Такім чынам, яна несумяшчальная з прыватнай уласнасцю. Яшчэ ў XIX стагоддзі англійскі філосаф Герберт Спенсер паказаў на наяўнасць двух тыпаў сацыяльнай арганізацыі — «ваяўнічай» і «прамысловай». Адпаведна, двух тыпаў кааперацыі — «гвалтоўнай» і «добраахвотнай». Прыклад першага тыпу — армія, дзе людзі падпарадкоўваюцца загадам, а ўсе рэсурсы размяркоўваюцца адміністрацыйнымі метадамі. Прыклад другога тыпу — кантрактная сістэма, у якой вытворцы і спажыўцы добраахвотна абменьваюцца паслугамі.

 

Спенсер лічыў, што «ваяўнічы» тып сацыяльнасці прайшлі ўсе народы. Прыгадаем сярэднявечную Еўропу. Феадалізм уяўляў сабой адну з мадэляў мілітарысцкай арганізацыі дзяржавы і соцыуму. Феадалы валодалі зямлёй у абмен на службу. Але ў феадальнай іерархіі ў васалаў былі не толькі абавязкі, але і правы.

 

У гэтым сэнсе на Русі феадалізму ніколі не было. Адзін прыклад. У брытанскіх архівах быў знойдзены ліст цара Івана Жахлівага каралеве Лізавеце I. Ён быў напісаны 28 кастрычніка 1570 года. Прывяду самы яркі фрагмент ліста: «У тебя люди торговые думают не о государственной выгоде, а о своей личной. И потому есть ты пошлая девица».

 

А цяпер перанясемся ў сучаснасць. «Если государство скажет, что я должен отказаться от компании, я откажусь. Я сразу все отдам». Гэта выказванне аднаго з найбагацейшых людзей Расіі, «алюмініевага караля» Алега Дзерыпаскі.

 

 

Дэмілітарызацыя як праблема

Для разумення вастрыні сучаснага моманту звернемся да прыказкі: «Перажылі голад, перажывем і багацце». Дзіўная, на першы погляд, прыказка. Атрымліваецца, што простаму чалавеку жыць лягчэй ва ўмовах нястачы, чым ва ўмовах эканамічнага росквіту.

 

Усё лагічна. Мілітарысцкая дзяржава можа быць стабільнай толькі ва ўмовах надзвычайнага становішча, вышэйшай праявай якога з’яўляецца вайна. Вайна апраўдвае поўнае бяспраўе чалавека перад дзяржавай. Вайна апраўдвае прымусовае пераразмеркаванне рэсурсаў. Вайна не патрабуе ад чалавека выбару. Ён павінен проста выконваць каманды.

 

Мілітарызм, як і разруха, — не ў клазетах, а ў галовах. Таму ва ўмовах міру звыклыя каштоўнасці руйнуюцца. Гераізм і барацьбу за агульны інтарэс пачынаюць выцясняць інтарэсы прыватнага жыцця. Але задавальняць такія інтарэсы мілітарысцкая дзяржава не здольная па вызначэнні. Няма рынку. Такім чынам, няма і механізму зваротнай сувязі з матэрыяльнымі інтарэсамі простых людзей.

 

Ва ўмовах надзвычайнага становішча фармуецца эліта, здольная адказваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы. У дэмакратычных дзяржавах адбор лепшых ва ўладу ажыццяўляецца праз механізм выбараў. У мілітарысцкіх дзяржавах сама надзвычайная абстаноўка выштурхвала наверх тых, хто здольны браць на сябе адказнасць.

 

У канцы 1980-х гадоў Міхаіл Гарбачоў абвясціў палітыку разрадкі, палітыку дэмілітарызацыі. Амерыка перастала быць галоўным ворагам СССР, што стала адным з фактараў распаду савецкай імперыі. Няма ворага — няма і патрэбы ў аўтарытарнай дзяржаве.

 

Гарбачоў наіўна спадзяваўся, што дэмілітарызацыя краіны дапаможа вырашыць бягучыя праблемы. Але ён выпусціў джына з бутэлькі. Дэмілітарызацыя — гэта не рашэнне праблемы, гэта сама праблема.

 

Адна з базавых функцый мілітарысцкай дзяржавы палягае ў пераразмеркаванні рэсурсаў. У сацыяльнай сістэме, якая функцыянуе як армія, сацыяльнае расслаенне не можа выходзіць за пэўныя рамкі. Кожны салдат павінен атрымліваць сваю гарантаваную пайку. Пайка салдата не можа ў разы адрознівацца ад пайкі афіцэра. Нагадаю, у мілітарысцкай дзяржаве салдатамі з’яўляюцца ўсё. Толькі адны служаць у арміі, а іншыя на заводах.

 

Але што мы маем сёння? З канца XX стагоддзя свет жыве ва ўмовах адсутнасці пагрозы вялікай вайны. Да чаго гэта прывяло?

 

Па колькасці доларавых мільярдэраў Расія займае пятае месца ў свеце (108 чалавек у 2014 г.). На першым месцы ЗША — 515 мільярдэраў. У пяць разоў больш, чым у Расіі. ВУП ЗША таксама ў 5 разоў большы, чым у Расіі. Але гісторыя амерыканскіх мільярдэраў налічвае каля 100 гадоў. Першы быў Джон Ракфелер. У той жа час рускія стварылі свае багацці літаральна з нічога за 20 гадоў.

 

Зразумела, кіраваць сябрамі-мільярдэрамі можа толькі галоўны мільярдэр. Меркаванні экспертаў пра маёмасць Пуціна разыходзяцца. Сумы фігуруюць ад 40 да 200 мільярдаў долараў. Але ёсць рэчы, якія сучасная фотаапаратура дазваляе ацаніць дакладна. Гэта гадзіннікі. Афіцыйны даход Пуціна ў 2011 годзе склаў каля 120 тысяч долараў, а кошт калекцыі гадзіннікаў перавысіў яго гадавы даход у 6 разоў.

 

 

Прыватызаваная Перамога

Дзяржаўная бюракратыя, сфармаваная ў надзвычайных умовах, здольная аддаваць і выконваць загады, але яна не ў стане функцыянаваць у прававым асяроддзі. Таму, як толькі пагроза вялікай вайны адпала, у краінах СНД пачалася дэградацыя нацыянальных уладных «вертыкаляў». Кожны чыноўнік на сваім працоўным месцы ператварыўся ў маленькага прэзідэнта. І ўсё, што сёння звязвае вялікіх і маленькіх прэзідэнтаў разам, — гэта барацьба за падтрыманне стабільнасці, пад якой яны разумеюць захаванне асабістай улады.

 

Ні пра якое развіццё пры гэтым не можа быць і гаворкі. Таму памерла ідэалогія, бо няма каму сфармуляваць вобраз будучыні. Эліты занятыя асабістым узбагачэннем. Узбагачаюцца яны не за кошт стварэння, а, у першую чаргу, за кошт раскрадання дзяржаўных бюджэтаў усіх узроўняў. І ў гэтым сэнсе яны могуць быць надзвычай эфектыўнымі. Адзін прыклад. Зімовыя Алімпійскія гульні ў Манрэалі каштавалі 6 мільярдаў долараў. У Сочы — больш за 50 мільярдаў. Ці адчуваеце розніцу?

 

Эліты, не здольныя сфармуляваць вобраз будучыні, спрабуюць прыватызаваць мінулае. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — яго цэнтральны апорны сімвал і падстава для нацыянальнага гонару.

 

«Дзень Перамогі, — адзначае дырэктар «Лявада-Цэнтра» Леў Гудкоў, — становіцца ўсё больш значным як у сістэме прапаганды, так і ў сістэме легітымацыі ўлады. Няма іншых падстаў, акрамя пастаянных адсылак да гэтай падзеі, да гэтай даты. Так адбываецца калектыўнае нацыянальнае самасцвярджэнне. Важна разумець, што гэта не толькі перамога над фашысцкай Германіяй, але і перамога над Захадам. СССР зрабіў тое, што не змаглі зрабіць усё іншыя заходнія краіны. Вельмі сімвалічная падзея».

 

Перамога, у яе афіцыйнай трактоўцы, — гэта заўсёды  «наша Победа», якую «мы никому не отдадим». Адсюль пастаянныя заклікі ўвесці крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пад фальсіфікацыямі, натуральна, маюцца на ўвазе любыя ацэнкі, якія супярэчаць ацэнкам прыватызатараў.