Яўгенія Ус: Дзіма выйдзе, і ўсё будзе інакш

Жонка асуджанага экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса, Яўгенія, публічнасці пазбягае. Не было яе фотаздымкаў на перадвыбарчых улётках экс-кандыдата, не трапляла сямейнае жыццё ў кадры журналістаў. Але прысуд мужу — пяць з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — змяніў лад жыцця Яўгеніі. Зараз яна мусіць замяніць мужа і на працы, і дома.



0bfce127947574733b19da0f30739fcd.JPG

Жонка асуджанага экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса, Яўгенія, публічнасці пазбягае. Не было яе фотаздымкаў на перадвыбарчых улётках экс-кандыдата, не трапляла сямейнае жыццё ў кадры журналістаў. Але прысуд мужу — пяць з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — змяніў лад жыцця Яўгеніі. Зараз яна мусіць замяніць мужа і на працы, і дома.
Мы сустрэліся з Яўгеніяй у працоўным кабінеце Дзмітрыя Уса — ён кіраваў уласнай выдавецкай фірмай. Яўгенія сядзіць за працоўным сталом мужа ў акружэнні пячатак, папераў, сямейных фотаздымкаў. Побач ляжыць ва ўпакоўцы фільтр для вады… Рэчы з жыцця Дзмітрыя.
Камера люкс
— Лістоў Дзіма, на жаль, не піша. Пасля хваробы яму цяжка пісаць. Адвакат рыхтуе дакументы, каб абскардзіць прысуд. Муж цяпер у СІЗА на Валадарскага, — расказвае апошнія весткі Яўгенія. — Гэта «люкс» па турэмных мерках — тэлевізар, лядоўня, нават унітаз нармальны. Іх чакалі там — камера была падрыхтаваная за тыдзень да суда. Яна разлічана на сем чалавек, а там знаходзяцца пяць. Разам з тым у суседніх камерах па сорак чалавек.
Яўгенія крыху замкнёная, але пра падзеі апошніх месяцаў гаворыць адкрыта. Кажа, што да апошняга спадзявалася, што мужа не аправяць у турму. Хаця нічога добрага ад яго палітычнай дзейнасці не чакала.
— Калі пачыналіся гэтыя суды, увогуле не верылася ў нейкі тэрмін. Па сутнасці з нічога раздулі такую мыльную бурбалку! Але, калі на адным з допытаў сказалі: «Не агаворыш Статкевіча, пойдзеш сам», пачалі задумвацца. І на пасяджэнне, якое адмянілі быццам з-за хваробы суддзі, ішлі з рэчамі, чакалі, што пасадзяць. Але пасля заяваў Лукашэнкі ў Астане я спадзявалася, што адпусцяць, што ўжо супакоіцца ён. Дзіма не верыў у апраўдальны прысуд… Гэта я з палітыкай не вельмі...
За час размовы Яўгенія некалькі разоў паўтарае, што ад палітыкі заўжды была далёка, што не цікавілася ёй і не верыла, быццам кагосьці можна дамагчыся ў краіне праз выбары.
— Мы два гады жанатыя. Мы абсалютна розныя. У яго палітыка ў галаве, а мне гэта ніяк. З сужэнскага абавязку я яму, канешне, дапамагала. Але заўжды была супраць і дэпутацтва, і тым больш прэзідэнцтва. Не ў нашай краіне гэтым займацца. Калі чалавека не пускаюць на пасаду дэпутата, дык няўжо яго нехта дапусціць у прэзідэнты?! Я бачыла, як праходзяць выбары — гэта толькі нервы сабе трапаць і грошы траціць.

Яўгенія Ус
 

Напрыканцы снежня Яўгенія была цяжарная на апошнім тэрміне. Расказвае, што Дзмітрый Ус да апошняга быў упэўнены, што не пойдзе на плошчу. Але потым перадумаў. Выступіў караценька на Кастрычніцкай, дайшоў да плошчы Незалежнасці. А па тэлевізару ў гэты час пачалі гаварыць, што ў Доме ўраду б’юць шыбы. Яна патэлефанавала мужу і спытала, што адбываецца. Той сказаў, што нічога — проста стаяць і размаўляюць.
— То бок па тэлебачанню ўжо гаварылі пра гэтыя шыбы, хаця, відаць, яшчэ нічога не здарылася. На пачатку на адзінаццатую ён прыйшоў дадому...
Незавершаны гештальт
Далёкая ад палітыкі жанчына расказвае, як яе муж у 2010 годзе балатаваўся на мясцовых выбарах, і «быў відавочны факт фальсіфікацый».
— Дзіма памяшаны на дэпутацтве, і, калі б не было фальсіфікацый падчас мясцовых выбараў, ён наўрад ці пайшоў бы ў прэзідэнты. Але ён быў нязручным палітыкам, бо не даваў прыкрываць дзіркі тым, хто хацеў крыху урваць ад бюджэту. Я бачыла, як вялікі стос з яго бюлетэнямі пераклалі ў іншы, ператасавалі — і ў выніку выйграў іншы чалавек. А мне сказалі: «Выведзем з міліцыяй, калі не заткнешся». Вось гэта і падштурхнула яго да ідэі балатавацца ў прэзідэнты, каб унесці папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Гэта было яго асноўнай мэтай. Калі Дзмітрый быў дэпутатам, ён быў памочнікам Георгія Таразевіча (дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, з сярэдзіны 1990-х — сябар ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі), менавіта тады і пазнаёміўся са Статкевічам. Яны мелі сяброўскія адносіны, але на маёй памяці не было сумесных абедаў-вячэраў. Калі і Дзмітрый і Статкевіч вылучылі свае кандыдатуры на пасаду прэзідэнта, ім проста было фінансава выгодна арганізоўваць кампаніі разам. Паездкі, друк улётак — дзяржава выдзеліла мізэр грошай.
У сваім мужы Яўгенія бачыць больш пагрозы для рэжыму Лукашэнкі, чым, напрыклад, у Саннікаве.
— Калі параўноўваць Дзіму і Саннікава, гэта маё меркаванне, ён значна больш небяспечны для Аляксандра Рыгоравіча. Папраўкі ў Выбарчы кодэкс з ініцыятывы мужа істотна парушалі б непахіснасць улады. Плюс — ён незалежны ад улады, ад яе падачак, ён чалавек ад народа. Гэта пасыл бізнэсоўцам. Не важна, сеў Дзіма ці не: рухавік запушчаны. Ён выйдзе — і ўсё будзе інакш.
Жанчына адразу ж развейвае ўсе чуткі наконт здароўя экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Маці Дзмітрыя Уса назвала прысуд сыну палітычнай расправай


— Ён раней перанёс цяжкую аперацыю, быў у коме, у яго шэсць разоў спынялася сэрца. Ён вучыўся наноў хадзіць, гаварыць, пісаць. Так, крыху запаволеная маторыка, таму ёсць уражанне нездаровага чалавека. Але ў цэлым ён нармальны, адэкватны. Цяпер ён прасіў перадаць яму фільтр для вады, бо там хлорка на зубах скрыпіць. І я тыдзень хаджу вакол СІЗА, пішу заявы, але мне адпіскі даюць. Думаю, прызвычаіцца, усё наладзіцца! — гэтыя словы Яўгенія вымаўляе з упэўненасцю, найперш для сябе.
Яна спакойна распавядае, што Дзмітрый Ус мог з’ехаць за мяжу, калі быў пад падпіскай аб нявыездзе, «яму прапаноўвалі». Расказвае, як пад вокнамі дзяжурылі людзі ў цывільным.
— Аднойчы я выходзіла і пачула, як у мужчыны ў цывільным спрацавала рацыя: «Выходзіць жонка, Уса пакуль няма». А потым яны зніклі, ці то добра маскіраваліся, ці знялі назіранне, бо спадзяваліся, што збяжыць. Але муж сказаў: «Навошта бегаць мне. Хай збягае той, хто гэта ўсё заварыў».
Службовы раман
І для Дзмітрыя, і для Яўгеніі гэта другі шлюб, розніца ва ўзросце паміж імі — пятнаццаць гадоў. Іх сям’я — вынік, калі можна так сказаць, «службовага раману». Дзяўчына прыйшла ўладкоўвацца на працу. Але Дзмітрый Ус адмовіў — перадумаў браць сабе памочніка. А праз год патэлефанаваў сам. Яны пачалі кантактаваць, у выніку Яўгенія стала і жонкай, і памочнікам.
У сям’і Уса трое дзяцей. Старэйшаму сыну ад першага шлюбу Дзмітрыя 14 гадоў, дачцэ Яўгеніі ад першага шлюбу — тры з паловай гады, а малодшаму сумеснаму дзіцяці — чатыры месяцы. Немаўляці пра тату пакуль не трэба нічога расказваць, а вось дзяўчынку аберагаюць.
— Дачцэ я кажу, што Дзіма ў камандзіроўцы. Навошта ёй у такім узросце пра гэта ўсё ведаць? Але думаю, што ён хутка вернецца. Магчыма нават, да Новага года ўжо будзе дома.
Супрацоўнікі суперажываюць, крывых позіркаў і перашэптванняў за спінаю, маўляў, увязалася дзеўка ў гісторыю з такім мужам, Яўгенія не чуе і не бачыць.
— Усе ж разумеюць, што Дзіма нічога кепскага не зрабіў. Ён змагаўся за праўду. Мы офісы здаём у арэнду, і нават нашы арандатары прыходзяць і пытаюцца, мо трэба грошы, і гатовыя заплаціць наперад за арэнду. Ніхто ніколі не папракнуў, што ў мяне муж асуджаны. Усе ведаюць — гэта палітычная справа.
Яўгенія гаворыць, што цяжка ёй хутчэй па працы, а не дома. Бо яна вядзе справу мужа, а не ўсё паспела засвоіць, і цяпер многае даводзіцца рабіць навобмацак. Пільных праверак бізнэс пакуль не зведаў, але ў спісе Дзяржкантролю яны быццам бы першыя. Так што да ўсяго гатовыя.
Публічнасці Яўгенія пазбягае, і да звання першай лэдзі таксама не імкнулася.
— Я нават не хацела быць на фотаздымках побач з ім. Публічнасць не дае прасторы для асабістага жыцця. Цяжка, калі кожны крок пад прыцэлам. І калі суды былі, я імкнулася не трапіць у аб’ектыў камеры. Пасля прысуду не рэагавала ні на што. Цяпер ужо ўсё роўна — мужа пасадзілі, першай лэдзі ўсё адно не быць.
Жанчына блізка не кантактуе і з жонкамі, роднымі іншых фігурантаў «справы 19 снежня». Кажа, што не бачыць сэнсу і плёну ў тым, каб плакаць на плячы адзін у аднаго: «Цяпер у нас графік такі: СІЗА, праца, журналісты».
Ружы ў палісадніку
— На спатканні Дзіма сказаў, што мы прададзім кватэру і набудзем у Мінску дом. Я хачу, каб было зручна, каб была свая прастора, каб не было чутно суседзяў. Каб ніхто не чуў мае скандалы, бо ніхто ж не святы і ва ўсіх бываюць выбухі эмоцый. І каб ружы пасадзіць, газон. Дзіма паабяцаў, што калі выйдзе, мы з’ездзім у адпачынак. І потым купім свой дом. Нішто не вечнае, аднойчы і гэтаму рэжыму прыйдзе канец. Пакуль я не пазнаёмілася з Дзімам, то палітыкай зусім не цікавілася. Ну, вырасла цана на нешта — і ладна. Машыны не было, кошты на бензін мяне не цікавілі. Гэта цяпер я перад падаражаннем закупіла сто літраў бензіну. Раней было больш проста — іншыя клопаты, іншыя погляды. Гэтая сітуацыя не самая лёгкая, але я не адна. Мне родныя дапамагаюць. Вакол мяне людзі, якія хочуць дапамагчы. На працы з людзьмі мне прасцей. А вось дома адной... Я сплю з Дзімінай майкай, кладу яе побач на падушку...