Каго зробяць вінаватым у крызісе?

Выступаючы ў парламенце, Лукашэнка так і не патлумачыў, чаму валюта знікла з абменнікаў. Магчыма, ён збярог гэтую тэму для сваёй вялікай прэс-канферэнцыі, якая павінна прайсці сёння, 29 студзеня. 



hvaljapjataja_1_1__logo.gif

Зразумела, на пазачарговай сесіі парламента Аляксандр Лукашэнка быў заняты іншымі справамі. Яму трэба было прадставіць для фармальнага зацверджання новага прэм’ер-міністра Беларусі. Адначасова ён распавёў пра паўнамоцтвы міністраў, далейшую працу ўрада (як гэта бачыць ён) і гэтак далей. Аднак чакалі ад яго зусім іншага.

Чакалі, што кіраўнік Беларусі назаве каго-небудзь, адказнага за тое, што здарылася напярэдадні новага года. Але ён так і не рызыкнуў казаць пра дэвальвацыю. Усяго толькі адзін раз у ягоным выступе прагучала гэтае азначэнне, і тое — толькі для апісання знешніх пагроз і фактараў дэстабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне. «Санкцыі, контрсанкцыі, парад дэвальвацый нацыянальных валютаў у нашых суседзяў, сціск сусветных рынкаў і абвал сусветных коштаў на нафту. Вайна ва Украіне і шэраг іншых негатыўных фактараў. Адкрытая эканоміка Беларусі хваравіта рэагуе на наступствы такіх падзей», — сказаў ён.

Магчыма, у Аляксандра Рыгоравіча была прычына не казаць пра праблемы ў фінансавым сектары Беларусі. Магчыма, ён збярог гэтую тэму для сваёй вялікай прэс-канферэнцыі, якая павінна прайсці 29 студзеня. А тое журналістам казаць увогуле няма чаго будзе. А магчыма, ён зрабіў гэта свядома, каб не правакаваць народ збірацца ў абменнікаў у чарговы раз. Хаця ён, народ, і без гэтага ўжо стаіць ля валютных шапікаў у чэргах у спадзяванні, што нехта ўсё ж здасць долары.

Замест дэвальвацыі Аляксандр Рыгоравіч падкінуў для абмеркавання тэму датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Прынамсі, такі ўкід быў адрасаваны некаторым вядомым палітолагам праз інтэрнэт.

Пры гэтым, беларускі правадыр запэўніў, што ў датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах няма ніякай неабходнасці. «Калі нам народ давярае — ён падтрымае нас у самыя цяжкія часы», — сказаў кіраўнік сінявокай.

Дзіўна, што тэма пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў прагучала з вуснаў кіраўніка краіны. Варта зазначыць, што ўсе тыя беларускія палітолагі і журналісты, якім быў адрасаваны зліў пра датэрміновае прызначэнне выбараў, адмовіліся яго каментаваць як відавочнае глупства. Не кажучы ўжо пра тое, што каментары ў іх правілі нейкія «ананімы», якія падпісваліся чужымі прозвішчамі і ад імя выданняў, якія пра такіх «сваіх» журналістаў і не чулі. Гэты фэйк абверг нават адыёзны расійскі канал LifeNews.

Здавалася б, не справа кіраўніка краіны каментаваць чуткі. Але нехаця задумаешся, хто зрабіў такі ўкід. Ці сапраўды гэта нейкія «расійскія крыніцы», альбо айчынныя нябачныя байцы інтэрнэту. Каб «перавесці стрэлкі» з абмеркавання надзённых праблемаў на «танную сенсацыю». Тое, што пра гэта пачаў казаць Аляксандр Рыгоравіч, — таксама спроба перавесці размову з непрыемных пытанняў пра эканоміку на звыклыя палітычныя рэйкі.

Але ўсё ж такі Аляксандр Рыгоравіч не стрымаўся двойчы. Першы раз, калі казаў пра «парад дэвальвацый у нашых суседзяў». І ў другі раз — адразу пасля ягоных словаў пра народную падтрымку ён заявіў: «Але такіх (цяжкіх — аўт.) часоў у Беларусі не будзе. Я ўсіх магу запэўніць — мы зробім усё, каб мінімізаваць наступствы тых катаклізмаў, якія створаныя не намі і не на нашай тэрыторыі».

Зразумела, гэта закідон у бок Расіі. Гэта з-за яе дзеянняў з’явіліся «санкцыі, контарсанкцыі, вайна ва Украіне, парад дэвальвацыяў у нашых суседзяў». Нават падзенне сусветных коштаў на нафту не спішаш на звыклага ворага — ЗША і Еўрасаюз, бо ўсе разумеюць, што яны не з’яўляюцца асноўнымі нафтаздабытчыкамі. Але ці застанецца Расія вінаватай у адзіноце?

Абсалютна ўсе праблемы на Расію спісаць не ўдасца. Значыць, мы зноўку пачуем і размовы пра народ, які немаведама чаму пачаў біцца за валюту ў абменніках.

Не выпадае казаць пра «вінаватых» з боку ўлады, таму што гэтыя «вінаватыя» нікуды з улады не падзеліся.

Міхаіл Мясніковіч стаў старшынёй Савета Рэспублікі, тры ягоныя намеснікі — Міхаіл Русы, Уладзімір Сямашка і Анатоль Калінін — так і засталіся намеснікамі новага прэм’ера. «Пасунулі» хіба што Пятра Пракаповіча, якому ўжо даўно час на пенсію.

І, канешне, ніхто не згадае: а хто ж увесь час праводзіць такую палітыку, што мы крыху меней, чым поўнасцю «завязаныя» на Расійскую Федэрацыю? Хто, нягледзячы на ўсялякія патрабаванні дыверсіфікацыі эканомікі, падпісаў чарговы інтэграцыйны праект ЕАЭС? Хто прывязаў эканоміку Беларусі да расійскага крызісу? Між іншым, гэта ўжо не ў першы раз — дэвальвацыя–2009 у нас таксама была абумоўлена расійскім крызісам канца 2008 года.

Канешне, мы ў чарговы раз пачуем, што 50% нашага экспарту-імпарту — гэта Расійская Федэрацыя. Аднак усе (ужо ўсе!) нашы суседзі неяк жывуць без крызіснага «вялікага брата». Латвія, Літва, Эстонія былі ў свой час завязаныя на Расію не менш, чым Беларусь, але нешта там не чуваць пра валютныя крызы. Украіна перажыла ў мінулым годзе дэвальвацыю ў 100%, але, па-першае, там зараз вайна, а па-другое, без Расіі, як пяецца ў ейным гімне, «не ўмерла».

Відавочна, што з прывязкай да крызісу трэба нешта рабіць. Але спачатку трэба асэнсаваць свае памылкі. Ці дачакаемся мы гэтага?