Караткевіч накорміць усіх баршчом

Таццяна Караткевіч згатавала журналістам боршч. Так яна адзначыла падачу спісаў сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК. А таксама абяцала, што будзе карміць баршчом усіх зборшчыкаў подпісаў...



tborshch_logo.jpg

Як паведаміў каардынатар перадвыбарнага штабу Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў, ініцыятыўная група складаецца ўжо з 1.900 чалавек. «Але гэтая лічба не канчатковая, бо да сёння працягваюць прыходзіць звесткі пра людзей, якія выказваюць жаданне падтрымаць Караткевіч. Таму спіс можа дапоўніцца», — зазначыў Дзмітрыеў.

Сама Караткевіч падзякавала ўсім людзям за тое, што яны запісаліся ў яе ініцыятыўную групу. І асабліва адзначыла, што ў яе ў групе ёсць два былых кандыдаты ў прэзідэнты — Алесь Міхалевіч і Рыгор Кастусёў. Сама ж яна ўвайшла ў ініцыятыўную групу палітвязня Мікалая Статкевіча.

tkdm_logo.jpg

Караткевіч і Дзмітрыеў абяцаюць актыўную кампанію

Калі група Статкевіча ўсё ж будзе зарэгістраваная, то Караткевіч, нягледзячы на сваю прэзідэнцкую кампанію, будзе збіраць подпісы і за Статкевіча. Гэтай справе яна плануе прысвяціць асобны пікет у межах свайго збору подпісаў.

Журналісты на прэс-канферэнцыі атрымалі сюрпрыз ад Караткевіч — уласнаручна ёю прыгатаваны боршч. Гэткі пачатак прэзідэнцкай кампаніі, як лічыць Караткевіч, сімвалічны.

tkdm_bor_logo.jpg

Боршч — сімвал жанчыны ў палітыцы, лічыць Караткевіч

Па-першае, выказванні старшыні ЦВК пра тое, што жанчыны не павінны займацца палітыкай, а варыць дома боршч, сталіся знакавымі. «Боршч — гэта сімвал удзелу жанчынаў у палітыцы», — лічыць Караткевіч.

Па-другое, у 2010-м годзе, калі пачыналася кампанія па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева, на сталах была чырвоная ікра. «Гэтую ікру нам потым згадвалі яшчэ доўга», — жартуе Караткевіч. Таму зараз «Гавары праўду» вырашыла абысціся больш сціпла.

І, па-трэцяе, гэты боршч і гэтая «сціпласць» цалкам укладаюцца ў тое, што зараз адбываецца ў краіне. «Зараз ужо не да чырвонай ікры. Я на працягу апошніх двух месяцаў ездзіла па рэгіёнах. Я бачыла, як упаў дабрабыт насельніцтва. Нам абяцалі заробак у 1000 долараў, зараз ён не дацягвае да 500. Нам абяцалі працу, а зараз працы няма, і жонкі павінны выпраўляць сваіх мужоў на заробкі ў Расію. Звужаецца магчымасць атрымліваць якасную адукацыю і медыцынскія паслугі. Людзі збяднелі. І, заўважце, нават Аляксандр Лукашэнка зараз не праводзіць Усебеларускі сход. Яму няма чаго сказаць людзям. А ў людзей, наадварот, ёсць што запытацца ў кіраўніка дзяржавы», — зазначыла Караткевіч.

У людзей на сталах, усё часцей, «пусты» боршч, а не наварысты, — падкрэсліла яна.

dm_borshch_logo.jpg

Боршч разліваў персанальна Андрэй Дзмітрыеў

У той жа час Караткевіч падкрэсліла, што будзе карміць сваіх зборшчыкаў подпісаў. Але выключна ў межах заканадаўства. Зараз дазволена ствараць выбарчыя фонды кандыдатаў, а таму аплата працы зборшчыкаў подпісаў цалкам магчымая. Канешне, у залежнасці ад магчымасцяў гэтага фонду.

«За подпісы мы плаціць не будзем. Мы будзем, магчыма, кампенсаваць актывістам нейкія іх выдаткі, — праезд у нейкія аддаленыя месцы, ежу, бо мы запланавалі актыўную перадвыбарчую кампанію. Усё залежыць, канешне, ад памеру фонду», — зазначыў Дзмітрыеў.

У той жа час, Таццяна Караткевіч у чарговы раз катэгарычна адмовіла магчымасць зняць сваю кандыдатуру з выбарчай кампаніі на любым яе этапе. «Канешне, можа быць нейкі ціск, які альбо я, альбо мая каманда, не вытрымаем. Але я пакуль што не бачу такіх сродкаў, якія б прымусілі мяне зняцца з кампаніі. Я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах дзеля сваёй будучыні, будучыні беларусаў і нашай краіны. І не бачу ніякіх падставаў на тое, каб мне здымацца», — заявіла Караткевіч.

tk1_logo.jpg

Таццяна Караткевіч пойдзе не "да канца", а "да перамогі"

«Я ўсё раблю ў межах беларускага заканадаўства», — падкрэсліла яна.

«Пойдзеце да канца?», — каб не было непаразуменняў, перапыталіся журналісты.

«Не да канца. Да перамогі», — удакладніла Караткевіч.

Чытайце і глядзіце таксама: Падалося, падаліся. Прэтэндэнты ў прэзідэнты нясуць дакументы ў ЦВК (фота)