Левыя вызначаюцца з вылучэннем Калякіна

У Мінску праходзіць з’езд партыі левых «Справядлівы свет». Менавіта на гэтым з’ездзе партыя павінна вызначыцца з фарматам удзелу ў выбарчай кампаніі. Пленум партыі вырашыў, што варта вылучыць свайго кандыдата.



sssssiezd_logo.jpg

Зразумела, гэтым кандыдатам павінен стаць лідэр «Справядлівага свету» Сяргей Калякін.

Аднак, у партыі на гэтае рашэнне Пленума існуюць розныя погляды. Частка сяброў партыі выступае за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Калякіна, частка — супраць удзелу ў выбарах. Таму гэтае пытанне вырашылі пакінуць на рашэнне з’езду.

regist1_logo.jpg

Рэгістрацыя ўдзельнікаў з'езду

Напрыклад, Валер Ухналёў пагадзіўся з тым, што выбараў у краіне няма. «Выбараў у нас няма, і афіцыйна атрымаць перамогу на гэтых выбарах у гэтым годзе ніхто, апроч Лукашэнкі, не можа, якой бы падтрымкай сярод выбаршчыкаў Беларусі ён не карыстаўся», —сказаў ён.

uhn_logo.jpg

Валер Ухналёў пераконвае дэлегатаў у слушнасці сваёй пазіцыі

Тым не менш, ён зазначыў, што «наш кандыдат павінен расказаць людзям, што і выбараў у нас няма, але і паведаміць выбаршчыкам, што апроч бачання сённяшняй улады на шлях развіцця краіны ёсць і іншыя пункты погляду». «Мы хочам паказаць той пункт гледжання і тыя шляхі развіцця Беларусі, якія сёння выпрацаваныя левымі сіламі, у прыватнасці, партыяй «Справядлівы свет» у супрацоўніцтве з іншымі левымі партыямі і арганізацыямі ў Беларусі. Я мяркую, што беларускія выбаршчыкі зацікавяцца тым, што прапануюць іншыя людзі, таму што на сёння ўлада нічога новага не прапануе. А праблемы ў рэспубліцы нарошчваюца, гэта бачыць кожны», — лічыць Ухналёў.

Адрознае ад Ухналёва меркаванне выказаў Сяргей Вазняк. Ён лічыць за лепшае «не падстаўляць» партыю ў гэтай кампаніі. «Я лічу, што на гэтых выбарах ніводная партыя ў адзіноце — гэта тычыцца і «Справядлівага свету», і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і Партыі БНФ, і ўсіх іншых, — не збярэ 100 тысячаў подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата. Я лічу, што шанец сабараць такую колькасць подпісаў мае толькі кааліцыйны кандыдат, які здолее аб’яднаць некалькі структураў. Менавіта таму я намагаўся, каб ад ініцыятывы «Народны рэферэндум», у якой я ўдзельнічаю, быў адзін кандыдат», — паведаміў Вазняк.

Вазняк пагадзіўся з тым, што прэзідэнцкая кампанія дае магчымасці размаўляць з народам, але «для ўдзелу ў гэтай кампаніі неабходна сабраць 100 тысячаў подпісаў». «Я разумею, чаму партыя павінна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Але трэба ставіць задачу сабраць 100 тысячаў подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне свайго кандыдата, трэба было цягам пяці гадоў праводзіць працу, выбудоўваць кааліцыі, рыхтаваць людзей, групы зборшчыкаў подпісаў. Я бачу ў складзе нашай партыі некалькі арганізацый, якую гэтую працу правялі — яны малайцы, але што тычыцца ўсіх партыйных арганізацый, то я гэтага не бачу. Мяне гэта бянтэжыць», — адзначыў Вазняк.

vozniak_ssezd_logo.jpg

Сяргей Вазняк тлумачыць, чаму ён супраць вылучэння партыйнага кандыдата

«Аргументы за вылучэнне свайго кандыдата і супраць яго разбіваюца прыкладна напалову. Ідэальнага рашэння няма. Па партыйным сацапытанні толькі 56% сябраў партыі выказаліся за вылучэнне свайго кандыдата, а з сямі партыйных арганізацый (шасці абласных і Мінскай) за вылучэнне — чатыры. Большасць ёсць, але яна мінімальная, і шмат камуністаў разумеюць складанасць гэтай працы», — сказаў Вазняк.

«Агалосіць свайго кандыдата і пачаць працу мы можам, але калі партыя не збярэ 100 тысячаў подпісаў — гэта нанясе па ёй моцны ўдар. Гэта пытанне не палітычных рознагалоссяў, але чыста арганізацыйна-функцыянальнае пытанне. Мне здаецца, гэта будзе вельмі цяжка, і ў адзіноце мы гэтую задасчу не выканаем. Я, можа быць памыляюся», — гаворыць ён.

Але што ж будзе рабіць партыя, калі свайго кандыдата ў яе не будзе? Якім чынам яна паўдзельнічае ў самай буйной палітычнай кампаніі пяцігодкі? На гэтае пытанне адказу ў Вазняка няма. «Калі мы высоўваем Калякіна — ўсё проста і зразумела, акрамя збору 100 тысячаў подпісаў. Але, калі мы вырашым не высоўваць свайго кандыдата, з’езд павінен адказаць на пытанне, што мы робім. Кагосці падтрымаем, ці нікога не падтрымаем, альбо чакаем рэгістрацыі кандыдатаў і потым па спісе глядзім, хто больш прымальны для нас… Гэта ўжо пытанне іншае», — зазначыў Вазняк.

Высунуць кандыдата лёгка, але гэтае лёгкае рашэнне будзе складанае ў рэалізацыі. Калі кандыдата не вылучаць, прыйдзецца падумаць. Але тады ў далейшым будзе прасцей.

Сам Сяргей Калякін выдатна асэнсоўвае рызыкі для партыі як у выпадку ягонага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, так і ў выпадку ягонага няўдзелу. «Я ўжо казаў пра тое, што прыму любое рашэнне, якое прыме партыя. Абедзьве пазіцыі, якія на сёння прысутнічаюць у партыі, — мэтазгодна ўдзельнічаць партыйнаму кандыдату ў прэзідэнцкіх выбарх, і немэтазгодна ўдзельнічаць, таму што выбараў няма, яны маюць роўнаважкія аргументы з пункту гледжання мэтазгоднасці таго ці іншага кроку. Таму асабіста я сваім аўтарытэтам на сяброў партыі давіць не буду. Я, хутчэй за ўсё, устрымаюся пры галасаванні за тое ці іншае рашэнне. Каб проста не давіць на людзей. Бо гэта адказнае рашэнне, яд якога шмат у чым залежыць далейшы лёс партыі», — заявіў Калякін

kaliak_sssezd_logo.jpg

Сяргей Калякін тлумачыць БТ палітыку партыі

«Калі прымем рашэнне ўдзельнічаць, будзем удзельнічаць», — запэўніў Калякін

З’езд у партыі левых «Справядлівы свет» разлічаны на два дні. Пытанне з вылучэннем свайго кандыдата будзе вырашанае ў нядзелю, 24 мая. Аднак у праекце рэзалюцыі форума ўжо запісана: «З’езд партыі… абавязвае ЦК партыі распрацаваць і арганізаваць выкананне комплекса выніковых мераў па забеспячэнні кампаніі па вылучэнні старшыні партыі «Справядлівы свет» С. Калякіна кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, збору сродкаў у ягоны выбарчы фонд, правядзенні шырокай інфармацыйна-агітацыйнай кампаніі сярод выбаршчыкаў, арганізацыі эфертыўнага грамадскага кантролю за хадой галасавання і падлікам галасоў».