Нейтральнасць нам не свеціць

Беларусь імкнецца да статусу нейтральнай краіны — так запісана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, зацверджанай ў 2010 годзе. Аднак ці можам мы атрымаць такі статус? І пытанне, ці патрэбны ён нам?



rls_volga.jpg

РЛС "Волга"

Пра гэта ішла гаворка на грамадскіх слуханнях па пытанню вываду расійскіх вайсковых баз з тэрыторыі Беларусі, якую зладзілі ініцыятары «Народнага рэферэндума». Поўнасцю гэтае пытанне «НР» гучыць так: «Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?». Гэтае пытанне і паспрабавалі абмеркаваць зацікаўленыя грамадзяне з дапамогаю экспертаў — стваральніка аналітычнага праекта BelarusSecurityBlogАндрэя Паротнікава і вайсковага аналітыка і гісторыка, палкоўніка Леаніда Спаткая.

spat_por.jpg

Леанід Спаткай і Андрэй Паротнікаў абмяркоўваюць праблемы нацыянальнай бяспекі

У чым праблема?

Зараз на тэрыторыі Беларусі ёсць тры расійскіх ваенных аб’екта. Гэта РЛС «загарызонтнага» сачэння «Волга» пад Ганцавічамі, вузел сувязі ВМС Расіі «Антэй» ў Вілейцы, і пакуль што дзяжурнае звяно расійскай авіяцыі ў Баранавічах. Што тычыцца расійскага жадання стварыць авіяцыйную базу ў Бабруйску, то гэтае пытанне пакуль адкрытае.

Адметнасць расійскіх ваенных аб‘ектаў ў тым, што яны не з’яўляюцца экстэрытарыяльнымі. То бок, расійскіх вайскоўцаў абслугоўвае беларускі персанал, і ў пэўнай ступені жывуць яны па беларускіх законах. «Гэта не тое, што амерыканская база «Манас» у Кіргізіі, якая мае экстэрытарыяльны статус, і кіргізскія ўлады туды не мелі права зазірнуць», — адзначае Леанід Спаткай.

Пытанне «экстэрытарыяльнасці», на думку палкоўніка — адное з ключавых пры магчымым стварэнні паўнавартаснай ваеннай базы ВПС Расіі ў Бабруйску ці Баранавічах. Калі такая база будзе, па прыкладу Кіргізіі, экстэрытарыяльнай, то расійцы могуць завезці туды ўсё, што заўгодна. Улічваючы базуемыя самалёты — цяжкія штурмавікі СУ — 27СМ3, здольныя несці і ядзерную зброю, — у такім выпадку Расія можа завезці ў Беларусь і ядзерны баязапас. Так што галоўнае пытанне, на думку Спаткая, — не дазволіць тут размясціць «экстэрытарыяльную» ваенную базу. У лепшым выпадку, трэба зрабіць так, каб Расія абмежавалася толькі дзяжурным звяном для аховы паветранай прасторы беларускага напармку агульнай мяжы Саюзнай дзяржавы.

spatkai_2.jpg

Леанід Спаткай: Трэба зрабіць так, каб Расія абмежавалася б дзяжурным звяном самалётаў у Беларусі

Як заўсёды, грошы…

У прынцыпе, па словах Спаткая, пазбавіцца расійскіх ваенных базаў у Беларусі можна. Для Расіі страта гэтых аб’ектаў не крытычная. У выпадку ліквідацыі РЛС «Волга» яе кірунак возьме на сябе аналагічны аб’ект у Калінінградзе. У выпадку ліквідацыі станцыі ў Вілейцы ў Расіі таксама ёсць рэзервныя варыянты сувязі са сваімі падводнымі лодкамі ў Ціхім акіяне, хаця б на базе самалётаў Ту-95. А вось што будзе з гэтай спадчынай рабіць Беларусь?

Напрыклад, аналагічны вілейскай станцыі аб’ект в Украіне, так званы «Чарнобыль-2», закрыты ў 1986 годзе, дагэтуль не разабраны. Проста так спілаваць ці падарваць 140-мятровую антэну не атрымаецца. Калі такая антэна грымнецца пад Чарнобылем, невялічкі землятрус мы адчуем нават у Мінску. На дэмантаж станцыі патрэбныя вялікія грошы, якіх няма: ні ў Украіны на «Чарнобыль-2», ані ў Беларусі на разборку вілейскага «Антэя».

rls_chernobyl2.jpg

Антэны РЛС "Чарнобыль-2" дагэтуль не разабраныя

Тое ж самае з аб’ектам «Волга». На ліквідацыю аналагічнай РЛС у Скрундзе (Латвія) было затрачана каля 7 млн. долараў у цэнах 1994 года. Тыя грошы далі амерыканцы. І ліквідавалі толькі РЛС. Уся ж інфраструктура ваеннага гарадка ператварылася ў «горад-прывід», на кансервацыю якога было затрачана яшчэ амаль 2 млн. долараў.

І невядома, што рабіць з «ускоснымі стратамі». За «Волгу» і «Антэй» Расія нам не плаціць — узамен па «нулявым варыянце» у 1995-м годзе нам быў спісаны доўг у 1 млрд. долараў. Але ж на абслугоўванні ваенных аб’ектаў Расіі зарабляюць нашыя людзі. Напрыклад, на абслугоўванні расійскіх ваенных у Ганцавічах зарабляюць каля 2.000 беларусаў. Прыкладна тое ж у Вілейцы. Ці здольныя мы, пры ліквідацыі гэтых аб’ектаў, даць працу тым, хто ў выніку такога палітычнага рашэння яе страціць?

Нейтральны ці пазаблокавы?

Вялікі сумнеў у экспертаў выклікае першая частка азначанага «рэферэндумнага» пытання: «Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі…». Па меркаванні Леаніда Спаткая, «нейтралітэт нам увогуле не свеціць». Яго падтрымаў і Андрэй Паротнікаў.

Справа ў тым, што «нейтралітэт» — не беларускае пытанне. Статус нейтральнай Беларусі павінны вызнаць не мы, а нашыя суседзі. Ці пагодзіцца, напрыклад, Расія, лічыць Беларусь нейтральнай дзяржавай і даць ёй адпаведныя гарантыі? І які кошт такім гарантыям пасля Украіны?

parot1.jpg

Андрэй Паротнікаў: Нейтралітэт Беларусі залежыць ад замежнікаў

Апроч усяго іншага, статус нейтральнай дзяржавы, канешне, дазваляе ёй мець узброеныя сілы для ўласнай абароны, але не дазваляе мець ваенную прамысловасць. У той жа час вялікая частка эканомікі Беларусі працуе «на вайну»: МЗКТ выпускае цягачы, якія Расія скарыстоўвае для сваіх ракетных войскаў, «Пеленг» і «БелОМО» — прыцэльныя комплексы, і гэтак далей. Увогуле, на сайце ваенна-прамысловага камітэта — 65 прадпрыемстваў, так ці інакш задзейнічаныя ў выпуске ваеннай прадукцыі. Калі ўсіх іх закрыць — што будзе з беларускай эканомікай?

Больш рэальны для Беларусі «пазаблокавы статус» — краіна, якая не ўдзельнічае ў вайсковых блоках і не стварае напружанасці для сваіх суседзяў. Дамагчыся гэтага, па меркаванні Андрэя Паротнікава, будзе складана, але больш магчыма, чым нейтралітэту. Складана таму, што Беларусь вельмі моцна ўключаная ў вельмі розныя вайсковыя пагадненні з Расіяй. Гэта пагадненні ў межах СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, двухбаковыя пагадненні. Для таго, каб з іх выйсці, спатрэбяцца дзесяцігоддзі. І падпісваліся гэтыя дамовы не толькі з палітычных прычынаў, а і з тэхналагічных: беларускае войска ў тэхніцы — нашчадак СССР, асноўным пераемнікам тэхналогій якіх з’яўляецца Расія. «Выйсці з гэтых пагаденняў можна, але з чым застанецца беларускае войска і беларускі ВПК, калі, напрыклад, не будзе расійскіх авіяцыйных рухавікоў?», — задаецца пытаннем Паротнікаў.

Дыверсіфікацыя паставак узбраення, альбо стварэнне сваёй паўнавартаснай абароннай прамысловасці, ізноў жа, патрабуюць вялікіх грошай і вельмі сур’ёзных высілкаў. «Ёсць досвед шматлікіх дзяржаваў, сярэдняя лічба расходаў на абарону павінна складаць 2-3% ВУП. Гэта ў два-тры разы вышэй, чым зараз. Пакуль у нас гэтых грошай няма, пра пазаблокавы статус можна нават не марыць», — лічыць Паротнікаў.

parot_spatk.jpg

Спаткай і Паротнікаў: што рабіць з беларускім войскам?

Расія забяспечвае тое, што Беларусь не можа забяспечыць самастойна. Прыкладам, мы «спісалі» за апошнія часы каля 50 знішчальнікаў, а новых не набылі, бо няма за што. Таму Расія ў межах пагаднення аб адзінай сістэме СПА кінула ў Беларусь тое самае дзяжурнае звяно баявых самалётаў, якія «прыкрываюць» паветраную прастору сінявокай, а разам з тым — і Расіі. Днямі будзе прынятае рашэнне пра ліквідацыю апошняй верталётнай базы ў Засімавічах, бо рэсурс тэхнікі там скончыўся даўно: тыя верталёты прайшлі яшчэ праз Афганістан. Замяніць іх няма чым.

«У Маскве адкрыта кажуць, што з-за выбыцця беларускай авіацыі з-за састарэласці ў іх артымліваецца «дзірка» у ахове паветранай мяжы. І калі Беларусь не здольная гэтую дзірку закрыць, то яны закрыюць яе самі — праз базы ў Беларусі», — адзанчыў Паротнікаў.

Гаманец альбо жыццё

Пагрозы канфліктаў будуць нарастаць, лічыць Паротнікаў. Для таго, каб іх папярэдзіць, патрэбныя альбо вялікія грошы, пазаблокавы статус і мяжа з Расіяй, альбо мы будзем расплочвацца за ўсё гэта жыццямі сваіх салдат. Паротнікаў не выключае і такога варыянту.

«У нас 1.300 кіламетраў ніяк не ахоўваемай мяжы з Расіяй. У Расіі ў сваю чаргу 4.000 кіламетраў слаба кантралюемай мяжы з Казахстанам. У Казахстана — мала кантралюемыя межы з Узбекістанам, Туркменістанам, і гэтак далей, аж да Афганістану. Краіны Паўднёвай Азіі і Расія для Беларусі выконваюць ролю своеасаблівай губкі, абсарбуючы большую частку пагрозаў, якія ідуць з паўднёвага кірунку. Але аб’ём гэтых пагрозаў будзе ўзрастаць. Нават па адкрытых дадзеных 50% практыкуючых мусульман Кыргызстана вызнаюць радыкальныя формы іслама. У Таджыкістане радыкальныя ісламісты ў адкрытую набываюць мячэці, каб атрымаць легальны статус, усё часцей ідзе пранікненне ісламістаў ва ўладныя структуры гэтых дзяржаваў», — расказвае Паротнікаў.

«Чатыры з пяці краінаў Цэнтральнай Азіі — гэта краіны з аўтарытарнымі альбо дыктатарскімі рэжымамі, якія неўстйлівыя па вызначэнні. У двух з іх лідэрам ужо восьмы дзясятак год, і як будзе адбывацца перадача ўлады — невядома. А Кыргызстан увогуле першая краіна, дзе формай праўлення стала анархія», — зазначыў Паротнікаў.

parotnikov_port.jpg

Андрэй Паротнікаў: Аб'ёмы пагрозаў будуць узрастаць

«Калі гэтая «гаспадарка» ірване, перад намі стане вельмі простае пытанне. Альбо вельмі хутка ўсталяваць мяжу з Расіяй, на што спатрэбяцца вельмі вялікія грошы, альбо «купіраваць прыступ на далёкіх падыходах», то бок накіроўваць свой вайсковы кантынгент у Цэнтральную Азію», — заключыў Паротнікаў.

Рацыянальнае рашэнне, па меркаванні спецыяліста — паэтапна дамагацца пазаблокавага статуса, і мець нармальную мяжу, у тым ліку з Расіяй. Каштаваць гэта будзе вельмі дорага. «Павінна быць валявое, палітычнае, аднабаковае рашэнне, якое павінна прыняць улада, не асабліва звяртаючы ўвагі на грамадства. Грамадства ў нас спажывецкае, яно не вельмі не любіць думаць наконт далёкіх гіпатэтычных пагрозаў», — рашуча заявіў Паротнікаў.

А хто не верыць, то таму ў прыклад «старая Еўропа», якая не рэагавала на такія «пагрозы здалёк», ў выніку атрымаўшы хвалю ісламскага экстрэмізма ў сваіх межах.

Дзеля забеспячэння нацыянальнай бяспекі беларусам варта сур’ёзна зацягнуць свае паясы. Інакш пра «спакойную мірную сінявокую» год праз пяць — дзесяць можна будзе забыцца.

Фота аўтара